Гарадзенскія гіпі: час змаганьня за любоў (частка 1)*
1615 / 0
30.01.2015

Гарадзенскія гіпі: час змаганьня за любоў (частка 1)*

Tuzin.fm дасьледуе гісторыю беларускіх гіпі. Пачынаем з гарадзенскіх. Менавіта ў гэтым горадзе прайшла першая дэманстрацыя гіпі ў СССР.

Што мы ведаем пра далёкія ўжо 6070-я гады мінулага стагодзьдзя, часы, калі панаваў рок-н-рол і нарадзіўся гард-рок, калі быў росквіт культуры «дзяцей-кветак». Што мы ведаем пра іх філязофію і жыцьцё, пра іх супраціў сыстэме, пра экспэрымэнты з наркотыкамі і заняпад пад ціскам спажывецтва і масавай культуры? Сёньняшняя нефармальная моладзь ведае ўсё пра сучасных рок-зорак, але ўжо забываецца на цэлы шэраг культавых камандаў і выканаўцаў, безь якіх існаваньне сёньняшняй рок-культуры проста нельга ўявіць. Сучасныя анархісты ствараюць сквоты, але ім зусім нецікава, як паўставалі гіпанскія камуны такога самага кшталту. Усе чулі пра лёзунг «Make Love — Not War!», але зусім забыліся, пра тое, што ён калісьці быў сымбалем антываенных мітынгаў і дэманстрацыяў супраць вайны ў Віетнаме. І тым больш мы амаль што ня ведаем пра рух гіпі ў былым СССР, у роднай Беларусі. Мой суразмоўца — Анатоль Макушын. Чалавек, які стаяў ля вытокаў руху гарадзенскіх гіпі, тусаваўся на рэпэтыцыях першых рок-н-рольных бандаў Горадні, хаваўся ад мянтоў, па начах слухаў забароненыя заходнія радыёстанцыі ды ўдзельнічаў у першай дэманстрацыі гіпі ў СССР, якая прайшла ў горадзе над Нёманам.

ТГ: Блізкасьць межаў паўплывала на тое, што гіпі ў Горадні зьявіліся адны зь першых на тэрыторыі Саюзу?

Блізкасьць межаў, на мой погляд, не паўплывала. У 60-х гадах у краіне склалася такая сытуацыя, калі многія людзі апынуліся на мяжы супрацьстаяньня з уладай. Улады абяцалі людзям адно, а рабілася зусім іншае. Раўнапраўя ды сьветлай будучыні ніхто ня бачыў.

Большасьць працавала на гэтую ідэю, а плёнам працы карысталася вузкая праслойка чыноўнікаў, людзей ад улады. Іх называлі «людзі ў чорным»: яны хадзілі ў чорных камізэльках, езьдзілі на чорных машынах, уваходзілі ў крамы з чорных хадоў, дзе ім прадаваліся прадукты зь зьніжкамі. Яны казалі: жыць добра! А атрымлівалася, што жылі добра толькі яны самі. І калі з трыбуны крывадушна хлусілі, у людзей сумленных і прыстойных гэта выклікала натуральны пратэст. Яны сталі разумець, што іх падманваюць. Гэта была менавіта тая база, на якой пасьля абрынецца Савецкі Саюз. А тэндэнцыі сталі прасочвацца ў далёкіх 60—70-х. Зьявіліся асобы, якія сталі адкрыта адварочвацца ад улады камуністаў. Зразумела, што адкрыта адварочвацца і кудысьці сыходзіць было нельга: межы былі замкнёныя. Але пратэст рос, і выхад ён знаходзіў у першую чаргу ў моладзевым асяродзьдзі. Адбывалася гэта праз розныя пасіўныя формы. Так выйшла, што неяк вылучыць сябе можна было менавіта вонкава. У гэты час на Захадзе ва ўсю віраваў рух гіпі, якія супрацьпастаўлялі сябе капіталізму, ягонай сквапнасьці, спажывецтву, жорсткай і бязьлітаснай канкурэнцыі. Гіпі клікалі да дабра, ўзаемаразуменьня паміж людзьмі, і яны маральна былі блізкія савецкай моладзі, якая таксама не знаходзіла справядлівасьці і дабра. Свой пратэст гіпі выказвалі праз музыку і зьнешні выгляд. Мы таксама пачалі апранацца ў нейкія кветачкі, хадзіць басанож, супрацьпастаўляючы сябе чорным гарнітурам і белым кашулям. Гэта быў такі эмацыйны пратэст супраць таго, што ёсьць… А блізкасьць да мяжы, да Польшчы, яна стала можна сказаць саюзнікам. У Польшчы быў трохі іншы сацыялізм. Там пастаянна прасьлізгвала інфармацыя з Захаду, ня так усё глушылася і душылася цэнзурай, як у СССР. І мы па іх радыё атрымлівалі навіны пра тое, што адбываецца ў сьвеце музыкі: пра новыя гурты, плыні і напрамкі. Глушылкі працавалі на мяжы ня так надзейна, плюс ў нас ішло польскае тэлебачаньне, якое не цэнзуравалася. Там мы ўбачылі ўпершыню The Beatles, якія адкрылі акно ў новы сьвет. Гэта была новая музычная хваля, якая была нам блізкая па духу. Такі чынам, аб’ядналіся ў нейкую адну вялікую дружную сям’ю гіпі.

ТГ: У асноўным любімыя калектывы вы слухалі па радыё? А як яшчэ даставалі запісы?

Радыё нас сапраўды ратавала. Блізкасьць да мяжы давала магчымасць слухаць многія станцыі зь невялікімі перашкодамі. «Радыё Люксэмбург» чамусьці запомнілася. Мы атрымлівалі першымі дакладную інфармацыю. Толькі выходзіў нейкі альбом The Beatles, як мы ўжо пра яго ведалі. Часта зьбіраліся ў каго-небудзь ноччу з прыймачом і прагна слухалі. Запісвалі песьні на катушачныя магнітафоны. Потым абменьваліся запісамі.

Былі яшчэ спосабы. Часам зусім нечаканыя. З пачатку 60-х да пачатку 70-х ішло актыўнае будаўніцтва Гарадзенскага азотна-тукавага заводу (сёньня — ААТ «Гродна-Азот»). Таму да нас прыяжджала шмат замежнікаў. Тутака адразу зьявіліся фарцоўшчыкі, якія наладзілі кантакты зь імі. Мы нават схітрыліся дастаць кружэлку «Abbey Road»! Верыце ці не, але ў Горадні яна была празь пяць дзён пасьля даты афіцыйнага рэлізу! Гэта быў неверагодны посьпех. На будоўлі працаваў галяндзкі інжынэр Франц Маер, які быў у Вялікабрытаніі і купіў вінілавую кружэлку, якую захапіў з сабой. Я да гэтага часу дзякую лёсу, што гэты чалавек быў у маім жыцьці. Ён і надалей дапамагаў нам даставаць запісы любімых гуртоў, прычым безь ніякай карысьці для сябе. Пазьней, дарэчы, яго выслалі з СССР, мабыць за занадта шчыльныя сувязі зь мясцовым насельніцтвам.

Аляксандар Саўчыц

ТГ: А самі стваралі свае рок-гурты?

Аляксандар Саўчыц быў стваральнікам гітарнага ансамбля ў Горадні ў 1964 годзе. Першымі прыладамі былі: старая акустычная гітара, акардыён, бас-балалайка і піянэрскі барабан. Пазьней сталі рабіць самаробныя элетрагітары. Тады музыкі ўсё рабілі самі, уручную: грыфы, электроніку. Мэтадам спробаў і памылак, вывучаючы фотаздымкі, што былі ўпотай перавезеныя празь мяжу. Тады пад забаронай была любая інфармацыя, якая прыйшла з Захаду. З жудаснымі складанасьцямі быў здабыты трохватны (!) узмацняльнік і «кінапаўскія» (апаратура кіно) дынамікі памерам зь піяніна. І па вазе такія ж. Першы гарадзенскі біт-квартэт выконваў ня толькі песьні «бітлоў», але і спрабаваў пісаць свае. Яўген Ваўчковіч, студэнт Ін’язу, і Ўладзімер Волкаў рабілі тэкставыя пераклады і рыфмоўку. Сябры дапамагалі цягаць па горадзе скрыні зь цяжкай апаратурай. Насуперак усім забаронам гурт выступаў. Падпольна. Ці ў перапынках школьных канцэртаў незаўважна пранікаючы на сцэну. Калі заслона адкрывалася, і на радасьць моладзі пачынаў гучаць рок-н-рол, настаўнікі нерухомелі, скаваныя жахам. Іх шокавы стан дазваляў выканаць паўтары-дзьве песьні. Потым музыкаў з шумам і скандалам выкідывалі са сцэны. Наш сябар Косьця Дрындрожык праз свайго брата, які працаваў у Акадэміі навук СССР схітрыўся здабыць з-за мяжы дзьве фірмовыя электрагітары Muzima. Гэта была сэнсацыя! Сапраўдная бас-гітара, напрыклад, была першая і адзіная ў Беларусі ў гарадзенскім рок-гурце! Паглядзець на яе як на цуд прыязджалі хлопцы зь Менску ды іншых гарадоў.

Пад назвай «Городняне» ў 1966 годзе хлопцы выйгралі першы гарадзкі конкурс моладзевых ансамбляў, пасьля якога з гуртом пачаў супрацоўнічаць Уладзімер Кандрусевіч, тады студэнт гарадзенскай музвучэльні, а цяпер вядомы беларускі кампазытар. Нягледзячы на забароны, зьяўляліся новыя гурты, а «калюмбамі» гарадзенскага рок-н-ролу ў 1964 годзе былі: «Сафон» — Саша Саўчыц, «Міня» — Міша Якімчук, Валер — Валеры Панцэвіч, «Коча» — Уладзімер Кочкін.

ТГ: Калі зьявіліся ў асяродзьдзі гарадзенскіх гіпі знакамітыя клёшы?

Не адразу. Усё прыходзіла паступова. На пачатку ў нас былі свае вынаходкі, свае ноў-хаў, можна сказаць. Нас сьмяшылі гэтыя ахайныя і правільныя кар’ерысты ў гальштуках, прылізаныя камсамольцы, якія ў сапраўднасьці апыняліся абмежаванымі і тупаватымі. Мы пачалі спантанна насіць ўсялякія незвычайныя рэчы. Адзін з маіх сяброў насіў ваенны мундзір, вышываны наперадзе васьмю радкамі залатых гузікаў, як намёк на мноства мэдалёў, якімі ў тыя часы празьмерна і незаслужана пачалі ўпрыгожваць сябе нашыя савецкія кіраўнікі. Хтосьці хадзіў у ватоўцы. Я апранаў даваенны мундзір афіцэра НКВД. У дадатак мы сталі насіць драныя джынсы. Гэта была пацешная карцінка, на фоне дагледжаных камізэлек. Гэта калола вочы, асабліва прадстаўнікам улады. Пазьней ўжо зьявіліся клёшы, у якія мы ўшывалі рознакаляровыя кавалкі тканіны ў калашыны ад калена, ды рабілі іншыя прыбамбасы. Даходзіла да экслюзіўных рэчаў. Адзін хлапчук на свае клеша нашыў праводку з маленькімі лямпачкамі, а ў кішэні насіў батарэйку. Увечары ягоныя штаны былі непараўнальныя і шыкоўныя!

Але гэта было ня проста выказваньнем зьнешняга пратэсту і захапленьне музыкай. Мы імкнуліся адносіны паміж сабой пабудаваць на прынцыпах братэрства і поўнага даверу. Як мы сабе гэта ўяўлялі? Ну, напрыклад, любы мог прыйсці дадому да свайго сябры і залезьці ў лядоўню не спытаўшы. Хоць мы і жылі кожны ў сваёй кватэры, але ўсе кнігі, пласьцінкі лічыліся агульнымі. Наогул мы марылі жыць сваёй камунай. Была такая сьмешная ідэя — выкупіць Замкавую гару ў Горадні.

На фота: Міхась Якімчук

ТГ: Як вы ўсё паміж сабой пазнаёміліся?

Так атрымалася, што ў нашай кампаніі былі людзі ў асноўным з адной вуліцы, аднаго раёну. Шмат хто ў дадатак яшчэ і сябравалі міжсобку зь дзяцінства. Проста так выйшла, што наша кампанія тусавалася ў цэнтры гораду, каля помніка польскай паэткі Элізы Ажэшкі. Мы самі сябе называлі «дзеці Элізы» або «дзеці матулі», а помнік — «матуляй». Пра нас нават аднойчы прыгадала радыё «Голас Амэрыкі», маўляў, у Горадні ёсьць такая вось нефармальная моладзь. Мы як на неба ўзьлезьлі: пра нас кажуць на ўвесь сьвет! А гіпі іншых хапала, зьяўляліся іншыя кампаніі даўгавалосых. Я ведаю, што ў Менску, нейкі гарадзенец на высачэзнай калянадзе каля праходу да Чырвонага касьцёлу нейкім чынам узьлез ды напісаў графіці: «Гродна хіпі!». Менскія ўлады потым доўга не маглі яе змыць. Шкада, што я так і не пазнаёміўся з тым чалавекам…

На фота: помнік Ажэшкі ў Горадні. У 70-я — месца збору гіпі, фота адсюль

ТГ: Месца каля помніка Ажэшкі ня так далёка ад плошчы Леніна і галоўных адміністрацыйных будынкаў гораду. Такое суседзтва, відаць, ня радавала прадстаўнікоў улады?

Вядома. З намі змагаліся, як маглі. Камсамольскія дружыны лавілі, стрыглі, рвалі клёшы. Адзін раз мяне злавілі, але ў мяне былі ня клёшы, а простыя штаны. Праўда яны былі пашыты з дзьвюх паловак: перад быў шэрым, а задняя частка — сіняя. Я ім кажу: гэта ваша праца, вы мне парвалі двое штаноў, а на новыя няма грошай! А міліцыя забірала ледзь ня кожны дзень. Прывядуць ў пастарунак. Пытаюць: што рабілі? Адказваем: сьмяяліся. І ўсё? І ўсё. Патрымаюць гадзіну і адпусцяць. Заўтра, праўда, ізноў забіралі.

ТГ: А як рэагавалі на вас звычайныя хуліганы з рабочых кварталаў?

Горадня ў тыя часы ўжо дзялілася на нейкія нефармальныя раёны, якія бессэнсоўна змагаліся паміж сабой. Калі зьявіліся гіпі, то яны перасталі ўпісвацца ў гэтую сыстэму. Хлопцы былі з розных раёнаў і хацелі мець зносіны паміж сабой, а не варагаваць. І гэта кагосьці раздражняла, а кагосьці прыцягвала. Напрыклад, у хуліганаў выклікала павагу тое, што да нас вельмі варожа ставілася міліцыя. Плюс дзецюкі з вуліцы сталі цікавіцца новай музыкай, якую мы слухалі. І зьявіліся адпетыя хуліганы з наколкамі на руках, якія сталі адрошчваць доўгія валасы! Быў такі хуліган і п’яніца Цыпа, які зь любові да рок-музыкі адгадаваў вельмі даўгія валасы і стаў сябраваць з гіпі. Аднойчы яго злавілі дружыннікі і выстрыглі яму валасы клоччамі. Часьцей за ўсё яны бралі і выстрыгалі наперадзе вялікі жмут пад корань і даводзілася потым галіцца нагала. Цыпе таксама прыйшлося ісьці ў цырульню. І вось ён выходзіць адтуль, здымае кепку і становіцца ў позу Леніна насупраць аблвыканкаму. Ня толькі мы, а ўся вуліца ахнула і пакацілася са сьмеху! Як аказалася, калі ў цырульні майстар спытала Цыпу як яго стрыгчы, ён паказаў на фотаздымак правадыра сусьветнага пралетарыяту. Потым камсамольцы яшчэ доўга вылоўлівалі Цыпу за тое, што ён так пастрыгся!

ТГ: Гіпі на Захадзе былі масавым рухам. Чаму ў СССР так не адбылося?

Гіпі — гэта ня мода, а лад жыцьця. Гэта незадаволеныя гэтым сьветам маладыя людзі. На Захадзе іх ніхто асабліва не чапаў і не перасьледваў. Хочаце так жыць? Жывіце. Так атрымалася, што там было больш свабоды і магчымасьцяў. З часам, як і ў любым руху сталі зьяўляцца нейкія перакосы, збоі… Калі зьявілася масавасьць — зьявіліся людзі, якія вырашылі на гэтым зарабіць. Капіталізм па-свойму забіў гіпі. Калі не ідэі, а нейкія вонкавыя элемэнты сталі моднымі, сталі часткай масавай культуры: адзеньне, упрыгожваньні.

На фота: Валеры Панцэвіч

У СССР гіпі не маглі стаць масавым рухам, таму што большасьць была прывучана крочыць дружна ў шыхце. Ідэалёгія працавала як мае быць. Было мноства спосабаў, каб перакаваць чалавека. Многія пацаны, якія падзялялі погляды гіпі, патрапіўшы ў войска, вярталіся зь яго зусім іншымі людзьмі. У тыя часы нешматлікія смельчакі маглі сабе дазволіць быць «белай варонай», таму і масавасьці не магло і быць. Адгалоскі ўплыву гіпі потым, вядома, сталі адчувацца. Пазьней масава сталі насіць раней забароненыя, расклёшаныя штаны, даўгія валасы. Але гэта не мяняла сыстэму ў цэлым. Супраць лому не было прыёму. Мы ня мелі магчымасьці публічна выказацца, дзесьці публікавацца, распавесьці людзям пра свае погляды. У сваю чаргу, уся ідэалягічная машына клеймавала нас на кожным кроку. Дзяржаўная прапаганда называла нас буржуазнымі адкідамі, адмарозкамі, казала, што ў нас у галаве адзін алькаголь, распуста і наркотыкі. А што было на самай справе — пра гэта ніхто ня ведаў.

ТГ: Вас на самай справе не цікавілі наркотыкі і алькаголь?

Нас цікавіла, як і ўсю моладзь, усё забароненае. Ва ўсе часы і пры любым ладзе маладыя цікавяцца тым, што забараняюць. Але самамэты такой ня мелі. Былі цалкам выпадковыя спробы і знаёмствы. Часам у Горадню прыязджалі жыхары Каўказу, якія прывозілі з сабой гашыш. Не для продажу. Яны самі палілі і часам частавалі каго-небудзь. Я, напрыклад, паспрабаваў і так і не зразумеў: добра гэта ці дрэнна? Не зразумеў кайфу. Таксама і з алькаголем. П’янства ў нас не было ў пашане.

Фота ўзята адсюль

ТГ: Раскажыце пра дэманстрацыю гіпі 1971 году, якая адбылася ў Горадні.

Гэта быў пачатак жніўня. Да нас прыехалі сябры зь Вільні і Таліна. Каб не прыцягваць увагу камсамольцаў і міліцыі, мы вырашылі сабрацца на прыродзе, за 20 кілямэтраў ад Горадні. Дабірацца вырашылі маленькімі разрозненымі групамі. Вось ужо і ня ведаю, як пранюхала міліцыя, але калі на месца сталі пад’яжджаць першыя хлопцы, тут іх ужо чакалі: каля дзесяці літоўцаў схапілі, зьбілі і абстрыглі. Вось пасьля гэтага выпадку мы і вырашылі, што неяк трэба выступіць і заявіць пра сябе. Колькі можна цярпець гэты гвалт?

На фота: Савецкая плошча ў Горадні ў 60-я гады, менавіта тут пройдзе першая дэманстрацыя гіпі ў СССР. Фота ўзята адсюль

Мы абвесьцілі, што дэманстрацыя адбудзецца праз два тыдні, а правялі яе праз тыдзень, але хітрасьць не спрацавала: у дзень акцыі міліцыя і супрацоўнікі КДБ былі напагатове. Акрамя гарадзенскіх, у дэманстрацыі ўдзельнічалі гіпі зь Вільні, Таліна, Піцеру. Цяжка сказаць колькі нас было. Справа ў тым, што большая частка так і не дабралася да месца збору — міліцыя і людзі ў цывільным хапалі ўсіх падазроных на падыходах да плошчы Савецкай. Прыкладна толькі каля паўсотні гіпаноў дабраліся калёнай да плошчы. Наперадзе ішоў хлопец, які вёў на ланцужку сапраўднага баявога гішпанскага пеўня. Усе былі апранутыя ў джынсы або нагавіцы-клёш і каляровыя кашулі, нейкія мальцы несьлі некалькі плакатаў. Ніякай палітыкі. Прыкладна такога зместу: «Рукі прэч ад даўгіх валасоў!» На самой плошчы міліцыянты з гумовымі дубінкамі ў руках (хоць яны ўжо тады былі скасаваныя) нас акружылі і сталі хапаць за валасы і расьцягваць па машынах. Некалькі гіпі пасьпелі схавацца ў Фарным касьцёле, але большасьць была затрыманая. Ня гарадзенцаў вывозілі за тэрыторыю гораду і выкідвалі ў 15—20 кілямэтрах, за гарадзкой рысай. Некалькі чалавек, якіх палічылі арганізатарамі, даставілі ў аддзяленьне міліцыі і доўга дапытвалі. У іх кватэрах прайшлі ператрусы. У доме Мішы Гуленіна, напрыклад, забралі ўсе фатаграфіі, вершы, кружэлкі.

На фота: Міхаіл Гуленін (у цэнтры)

ТГ: Той бунт быў апагеем гарадзенскіх гіпі?

Не, мы нікуды ня зьніклі, але пачаліся сапраўдныя непрыемнасьці. Шмат каго звольнілі з працы, выгналі з навучальных устаноў. Гэта была рэакцыя. Улады спужаліся нашай усьвядомленай спробы гучна заявіць пра сябе, адстаяць свае погляды, свой сьветапогляд. Нам надакучыла быць прыніжанымі і абражанымі. Можна сказаць, што гэта быў акт грамадзянскага непадпарадкаваньня. Мала хто верыў у посьпех, але і губляць нам было няма чаго. Нас і так на кожным кроку рвалі-стрыглі. Ну што яны зробяць? У псыхушку адправяць?

ТГ: Дык адпраўлялі ў псыхушку?

Траплялі. З розных прычынах. Чыста з ідэалягічных прычынаў ніхто не трапляў. Траплялі як людзі, на іх думку, ненармальных асацыяльных паводзінаў або як наркаманы-алькаголікі. Дыягназ ставілі такі. Напрыклад, Жэня Ваўчковіч трапіў да псыхаў, за тое, што расклеіў па ўсім горадзе аб’яву: «Страчана любоў! Просьба да таго хто знайшоў, патэлефанаваць па ўказаным тэлефоне!». І напісаў свой хатні тэлефон. Ніхто ня стаў разьбірацца, што Жэня хацеў сказаць пра тое, што людзі перасталі верыць у любоў, каханьне, што людзі сталі прагнымі і злымі. Для ўладаў была цудоўная нагода яго зачыніць як псыхічна хворага, таму што ён мулялі вочы босыя ногі і клёшы ў кветачку. Так і зь іншымі — выкарыстоўвалі кожны промах, як падставу. У тыя часы існавалі і ўсьвядомленыя палітычныя савецкія дысыдэнты-антысаветчыкі, зь якімі змагаліся з дапамогай рэпрэсіўнай псыхіятрыі. А нам проста спрабавалі прыляпіць палітыку толькі таму, што мы былі не такія як усе.

ТГ: Аналёгіяў зь сёньняшнім часам не бачыце?

Сёньня абсалютна падобная сытуацыя. Ізноў у нас правадыр. Ізноў ягоныя партрэты вісяць у кабінэтах. Ізноў ён адзіны і незаменяльны на ўсю краіну. Зноў людзі сядзяць на кухнях: расказваюць анэкдоты, сьмяюцца і праклінаюць яго. Большасьць людзей абсалютна ўсё разумее, але навучылася падладжвацца пад уладу. Хтосьці трымаецца за пасаду, кагосьці трымае пагроза страты бізнэсу і г. д. Па вялікім рахунку, сёньняшняя сытуацыя задавальняе ўсіх. У тым ліку і так званую беларускую апазыцыю. Добра, што наш правадыр недальнабачны. Пад шумок заўсёды можна нешта «прыгрэць» і сьлямзіць. А людзей пратэстуючых гэтак жа мала, як і ў часы «разьвітога сацыялізму». Усе чакаюць герояў, з-за сьпіны якіх заўсёды можна выскачыць і адсьвяткаваць перамогу. А калі раптам параза — то ніхто і не выскокваў…

На загалоўным фота: Анатоль Макушын

*Артыкул «Гарадзенскія гіпі: час змаганьня за любоў» упершыню быў надрукаваны на Tuzin.fm 10 лютага 2012 году. Тут ён падаецца ў новай рэдакцыі, зь некаторымі праўкамі і дапаўненьнямі. Працяг будзе.

Размаўляў Алесь Дзянісаў, Tuzin.fm