Андрэй Макарэвіч далучыўся да праекту Global Reload (відэа)
2930 / 0
12.02.2015

Андрэй Макарэвіч далучыўся да праекту Global Reload (відэа)

Славуты музыка прыехаў у Менск на запрашэньне парталу Tuzin.fm і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі».

Лідэр «Машины времени» прыняў запрашэньне далучыцца да праекту «Перазагрузка», у межах якога музыкі зь іншых краінаў уводзяць беларускую паэзію і мову ў свой творчы кантэкст. Макарэвіч моцна цікавіцца сваімі беларускімі каранямі — ягоны род па лініі бацькі паходзіць зь Берасьцейшчыны. Нядаўна музыка ўхваліў беларускія пераклады сваіх песень, якія зрабіў Юры Несьцярэнка. Часам ён чытае свае вершы па-беларуску ў вузкім коле. Прасякаецца ён беларускай паэзіяй і гісторыяй. Знаёмы з творчасьцю Ўладзімера Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова, Анатоля Сыса, Адама Глёбуса ды іншых. Падчас гэтага сяброўскага візыту ў беларускую сталіцу спадар Андрэй пазнаёміўся зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым і атрымаў у падарунак «Краіну Беларусь» зь ягоным аўтографам.

Па прыезьдзе ў Менск Андрэй Макарэвіч пагадзіўся на нашу просьбу даць канцэрт, фактычна экспромтам. Ён выступіў у клюбе Loft для сяброў кампаніі «Будзьма беларусамі» і наведнікаў парталу Tuzin.fm. Граў на гітары Юрыя Несьцярэнкі, адказваў на пытаньні публікі, шмат жартаваў.

Неўзабаве на парталах Tuzin.fm і Budzma.by адбудзецца прэм’ера песьні Андрэя Макарэвіча, запісанай для праекту Global Reload. «Чым мы больш будзем камунікаваць, тым больш мы будзем чуць адзін аднаго, разумець адзін аднаго. І агулам, калі ты чуеш тое, што напісаў на іншай мове, — гэта двойчы цікава. Думаць, што прыгажосьць ці мастацтва выратуюць сьвет — гэта трохі наіўна сёньня, але тое, што яны яму дапамогуць — гэта дакладна», — зазначыў сьпявак.

Гістарычная афіша — першая па-беларуску ў кар’еры Андрэя Макарэвіча. Дызайн — студыя Adliga

Яшчэ: Global Reload. Караткевіч загучаў па-француску

Global Reload. Карл Фрыерсан з De Phazz выканаў песьню на верш Сыса

Tuzin.fm, фота Аляксандар «Tarantino» Ждановіч