Гарадзенскія гіпі: час змаганьня за любоў (частка 2)*
1506 / 0
26.02.2015

Гарадзенскія гіпі: час змаганьня за любоў (частка 2)*

Адзін зь лідэраў гарадзенскіх нэа-гіпі 90-х Васіль Валошчык прыгадаў у інтэрвію «Тузіну Гітоў» пра тое, як хадзіў басанож сэсію здаваць і як разам з паплечнікамі сыйшоў у лес ды распавёў пра нелегальныя сэканды і моду на фенькі і каралі.

Горадня 90-х гадоў. Перажывае свой апагей трэш-мэтал і на вуліцах яшчэ шмат валасатых у касаваротах ці джудах з нашыўкамі Slayer ды Metallica, а на мясцовых сэйшэнах — засільле мэтал-камандаў. Зьяўляюцца першыя мясцовыя «дэпэша» — аматары гурта Depeche Mode — са сьмешнымі прычысонамі-аэрадромамі на галовах. Нараджаецца першая хваля гарадзенскіх панкаў, якая скажа сваё гучнае слова ў канцы 90-х — пачатку 2000-х. Але самай незвычайнай і нелягічнай тусоўкай у асяродзьдзі гарадзенскіх нефармалаў былі нэа-гіпі. Пра цікавыя і незвычайныя гарадзенскія 90-я і пра новую хвалю гіпі мы размаўляем з Васілём «Хіпаром» Валошчыкам.

ТГ: Як ты прыйшоў да рок-музыкі? На чым рос?

Мае густы разьвіваліся паступова. З прычыны таго, што ў мяне гадоў да 16 не было магнітафона, а толькі монапрайгравальнік з адной калёнкай. Першыя кружэлкі, якія ў мяне былі на той момант, куплялі мае бацькі: запісы Высоцкага ды Акуджавы, усялякая савецкая эстрада. Калі ў мяне зьявіўся магнітафон, тады надарыўся шанец зьбіраць калекцыю сваіх запісаў. У першую чаргу, вядома, я стаў слухаць гэві-мэтал, таму што тады было агульнае захапленьне гэтым напрамкам сярод моладзі ў сярэдзіне 80-х гадоў, і я, зразумела, ня мог яго абмінуць увагай. Слухалі ў асноўным AC/ DC, Helloween, Accept, Scorpions. Пазьней — трэш-мэтал: Metallica, Megadeth ды іншых. Да нас заўсёды ўсё новае даходзіла са спазьненьнем. Акрамя гэтага я слухаў шмат іншай музыкі. Памятаю як на бацькоўскім прыймачы «Акіян» накручваў нейкія заходнія радыёстанцыі. Мяне часова захапіў тады Depeche Mode. Адначасова — гэтага немагчыма было пазьбегнуць у маё жыцьцё уварваўся «расейскі рок», у першую чаргу, «Наутилус Помпилиус» і «Кино». Іх музыка скарала ўсіх. Прынамсі, у нашым невялікім Белаазёрску.

Усе іх песьні хлопцы майго пакаленьня ведалі напамяць, па вечарах у дварах зьбіраліся з гітарамі. Цяпер ужо мала што згадаю, а тады амаль усе іх песьні ведаў. Пасьля я гадоў у 17 вырашыў паслухаць The Beatles. Падышоў да гэтага адказна, узяў у кагосьці касэту, каб уважліва паслухаць, з крытычнага гледзішча. І як я стаў слухаць, то зразумеў, што гэта мая музыка. Потым да мяне патрапілі запісы Pink Floyd, The Doors, Creedence Clearwater Revival, Led Zeppelin ды іншых. Чым больш я слухаў музыку тых часоў, тым больш у мяне зьяжджаў дах ад таго, як гэта выдатна!

ТГ: Гэта значыць твая душа заўсёды імкнулася да музыкі 60—70-х гадоў?

Я зразумеў, што гэта мая стыхія. Мая далейшая музычная самаадукацыя адбывалася неяк спантанна. У 1993 годзе я паступіў у гарадзенскі «кулёк» (Гарадзенскі каледж мастацтваў — ТГ). І пераехаў жыць у Горадню. У кнігарні мне трапілася ў рукі кніга «Рок». Ня памятаю хто і дзе яе выдаваў, але ў ёй было ўсё, што мяне на той момант жудасна цікавіла: музычны агляд з 1970 па 1990 гады. Там былі пералічаныя каманды, іх дыскаграфіі, з чорна-белымі фота. Я як шалёны чытаў гэтую кнігу, і як толькі знаходзіў у тэксьце нешта зьвязанае з гіпі, адразу выпісваў сабе назву гурта, і пачынаў шукаць іх запісы. У Горадні было некалькі крамак-студыяў гуказапісу, куды можна было прыйсьці і запісаць на касэту музыку. Гэта можа быць цяпер наіўна выглядае, але тады я прыйшоў у адну з такіх так званых студыяў і сказаў прадаўцу: мяне цікавіць музыка эпохі гіпі! Дастаў з кішэні аркушык зь вялізным сьпісам камандаў і выканаўцаў. Прадавец паклікаў свайго прыяцеля з доўгім хаерам і сказаў: «Табе да яго!» Алег, як звалі гэтага хлопца, стаў маім першым сябрам у Горадні. У яго была на той момант, напэўна, самая вялікая калекцыя музыкі часоў гіпі на вініле! King Crimson, Jethro Tull, T.Rex, Джымі Гэндрыкс, Джэніс Джоплін, The Who, Jefferson Airplane і многія іншыя. Я траціў тады ўсе свае свабодныя грошы на касэты, каб запісаць як мага больш камандаў для сваёй калекцыі!

ТГ: Калі паступіў у «кулёк», ты знайшоў там сваіх паплечнікаў?

Не. Першыя два курсы я быў фактычна адзіночкай. Праўда, акрамя Алега ў мяне неўзабаве зьявіліся прыяцелі па інтарэсах. Мой знаёмы Ваня, які таксама быў зь Белаазёрску і вучыўся ў гарадзенскім мэдычным інстытуце, пастаянна тусаваўся ў легендарнай «кофейне» — маленькім бары, які быў у цэнтры гораду, на вуліцы Віленскай. У гэтай кавярні ў пачатку 90-х зьбіраліся натоўпы гарадзенскіх нефармалаў: музыкі, паэты, мастакі усялякіх масьцяў ды ўзростаў. І што важна было — шмат аматараў старога добрага рок-н-ролу. Аднойчы Ваня мяне прывёў у «кофейню» і пазнаёміў са старым мэляманам Сэндзі. Гэты дзіўны чалавек, зь якім я сябрую да гэтага часу, жыве нібы ў 60—70-х гадах, ён увесь там. Па начах па нейкай польскай радыёстанцыі круцілі старыя і вельмі рэдкія заходнія рок-калектывы, якія ён старанна запісваў сабе на катушачны магнітафон. Ён мог прасядзець да раніцы, каб толькі не ўпусьціць якую-небудзь забытую каманду.

Што тычыцца вучэльні, то на першых кроках не было зразумела хто чым дыхае і жыве. Хіба што я пазнаёміўся з Жэням «Постам» і Вовам «Чорным» — музыкамі з пост-панк гурта The Post. З апошнім мы пасябравалі, але сяброўства было кароткім — неўзабаве ён трагічна загінуў.

На фота: Вася Хіпар, Дзедуня і Дзіма «Пунк» з цыгарэтай

ТГ: Чым на твой погляд былі цікавыя 90-я гады? І чым тыя часы цікавыя для цябе ў параўнаньні зь цяперашнімі?

90-я гады для ўсёй постсавецкай прасторы, для маладых нефармалаў, для мяне асабіста — гэта было другое дыханьне пасьля 80-х гадоў. Мы ўсе выраслі на савецкім року, у першую чаргу. Вядома, на нас паўплывалі і Янка Дзягілева, і «Гражданская оборона», і Nirvana, і польскі рок, але менавіта савецкі рок аб’ядноўваў усіх. Музыка выхавала ў нас такія цудоўныя рэчы як сяброўства, узаемадапамога, шчырасьць, пачуцьцё радасьці ад адносінаў, прагу творчасьці і самавыяўленьня. Усё гэта было вельмі шчыра. Гэта значыць фальш, калі дзесьці прасьлізгвала, то яна адразу адчувалася. І мы, перапрацаваўшы ўсё ў галаве, пачалі ствараць, будуючы наступную хвалю гарадзенскай музычнай рок-культуры, новае яе пакаленьне.

Што тычыцца параўнаньня, то мне здаецца, што ў 90-х гадах у моладзевым асяродку не было паўтонаў. Калі было белае то белае, калі чорнае то чорнае. Таму што ўсё было дакладна: ці ты гопнік ці нефармал. Трэцяга было не дадзена, калі ты жыў, вобразна кажучы, на вуліцы, а не сядзеў дома перад тэлевізарам. Гэты падзел быў больш дакладным, чым цяпер. Сёньня можна апранацца як табе заўгодна, а тады тэарэтычна можна было на кожным кроку атрымаць па галаве за драныя джынсы, завушніцу ў вуху або даўгія валасы. Таму і ў нефармалаў не было падзелу — усе былі разам. Мы былі рознымі, але трымаліся поруч: і панкі, і мэталісты, і гіпаны, і рокеры варыліся ў адным катле. І пачалі ствараць. Пры гэтым цалкам усё па-рознаму. Хтосьці пайшоў у панк, хтосьці — у фольк-рок, нехта — у бард-рок і гэтак далей. Але, паўтаруся, трымаліся ўсе разам.

ТГ: А чаму сёньня ўсе падзеленыя паміж сабой? У Горадні сёньня толькі адных панкаў некалькі тусовак! Так шмат што ёсьць дзяліць?

Цяпер час разьяднанасьці. Чаму? Можа маладое пакаленьне цалкам па-іншаму выхаванае, а можа таму, што вельмі паскорыўся час. Усё вакол вельмі хутка мяняецца. Трохі зьмяніўся дух часу. Гледзячы для каго, вядома, але гэта асобная размова. Інтэрнэт сёньня дае ўсе магчымасьці для разьвіцьця, музычнай самаадукацыі, але ўсё роўна дух часу вельмі шмат дае. Што значыў для нас тады рэдкі запіс, які мы заціралі да дзірак на старым касэтніку! Мы шанавалі тое, што мелі, і энэргетыка тады ішла, як нам здавалася, наўпрост! А што цяпер, калі можна знайсьці ўсё што заўгодна ў інтэрнэце? Таксама, як мне здаецца,  разбуральна дзейнічае ўвесь гэты вульгарны матэрыялізм і тупое спажывецтва. Чым больш у нашым жыцьці зьяўляецца гэтага жалезабэтону, сайдынгаў-шмайдынгаў, тым больш у гэтым жыцьці нешта руйнуецца. У наш постсавецкі час не было ні мабільнікаў, ні кампутараў, ні інтэрнэту, але былі жывыя зносіны! Ды і ў пляне музыкі ўсё ў наш час было ясна: дэз-мэтал значыць дэз-мэтал, арт-рок — значыць арт-рок. А сёньня музычныя крытыкі столькі панаварацілі стыляў, што язык зламаць можна перад тым як назавеш! А што яны ў сабе нясуць — гэтыя напрамкі ды адгалінаваньні — ня ясна. І ўсе гэтыя гурты растуць як грыбы, але асабіста мяне яны не чапляюць. Ня ведаю чаму. Можа быць я такі стары ўжо, а можа быць уся рок-музыка стала адным вялікім канвэерам? Адзінае, што трэба аддаць даніну павагі тым людзям, якія сёньня ў сваёй музыцы выказваюць ідэі, якія адпавядаюць характару рок-музыкі, таму што рок — гэта музыка пратэсту.

ТГ: Давай вернемся да 90-х гадоў. Як зарадзілася менавіта ваша тусоўка — гарадзенскіх гіпаноў 90-х?

Усё напэўна закруцілася вакол «кулька». Нягледзячы на тое, што нэфэры нашага пакаленьня тусаваліся разам, зьявілася кола людзей падобных поглядаў, якія складалі такую адасобленую тусовачку, у якой усе любілі музыку 60—70-х: The Beatles, Pink Floyd, The Doors. Нават Стас Пачобут з Deviation, які тады быў на першым курсе, а я — на другім — завісаў на The Doors. Памятаю, як ён прыцягнуў нейкую кніжку на польскай мове пра Джыма Морысана — «Ніхто ня сыйдзе жывым» і нам чытаў яе.

Мы шмат чыталі пра эпоху гіпі і сталі неяк унутрана і вонкава пераймаць дух таго часу. Захапляліся паэзіяй. Ўільям Блэйк, напрыклад, быў у пашане ў нашых колах. На руках насілі кучу фенек, чаплялі на сябе каралі, хадзілі па тады яшчэ нелегальных сэкандах, якія разьмяшчаліся па гаражах і хлявах і шукалі кожны прышпільны прыкід: клёшы, камізэлькі, стракатыя кашулі, капялюшы. Большасьць з нас не былі гарадзенцамі, таму ўвесь вольны ад вучобы час пачуваліся як вецер і ня проста пераймалі, а жылі ў сваім сьвеце: ладзілі кватэрнікі, вылазкі на прыроду. У 1997 годзе мы вялікай камунай зьнялі дом на «Переселке» (нефармальная назва аднаго зь мікрараёнаў Горадні — ТГ). Поўная рамантыка. З усіх выгодаў там была толькі электрычнасьць. Была печ, на якой мы гатавалі ежу, і якая нас сагравала. Узімку, праўда, было ўсё роўна холадна, так што адзін з нашых — Коля «Сьвіст» — купіў сабе валёнкі, у якіх і на вучобу хадзіў. Дах хаты быў вельмі нізкі і мы мыліся раніцай сьнегам, калі была лянотна ісьці па ваду. У нас у доме ўсё было агульнае, ды і дзяліць асабліва не было чаго. І елі ўсе разам. Памятаю, як на адзін з кватэрнікаў да нас прыйшла процьма гасьцей і мы вырашылі зварыць пяльменяў на ўсіх. Паколькі пяльменяў было шмат, то прыйшлося варыць іх у тазе, каб усе зьмясьціліся!

Як стала цяплей, мы вырашылі, што трэба перабірацца ў лес, каб з аднаго боку не плаціць грошы, а з другога — быць бліжэй да прыроды. Коля «Сьвіст» прывёз свой вялікі чэскі намёт, яшчэ нейкія намёты зьявіліся, і мы зьехалі жыць у лес, у якім пражылі два месяцы. Я яшчэ басанож хадзіў сэсію здаваць.

На фота: гіпаны ў лесе, лета 1997 году

На наступны год усё паўтарылася, але мне асабліва яскрава запомнілася менавіта лета 1997 году. Палова гарадзенскіх нефармалаў ў нас пратусавалася ў лесе. Усё было вельмі спантанна і весела. Пяклі самаробныя аладкі ў гусятніцы, бо ня мелі патэльні, зьбіралі ягады, травы на гарбату. Мы вялі свой борт-часопіс, у якім запісвалі ўсе падзеі, вершы, апавяданьні, хохмы з нашай ляснога жыцьця. Увечары ля вогнішча, зразумела, ладзілі маленькія канцэрты. Да нас нават прыяжджаў некалькі разоў адміністратар гарадзенскай капэлы, зь якім мы выпадкова пазнаёміліся ў горадзе, такі сівы барадаты дзед. Ён распавядаў нам як ён па маладосьці гіпаваў і сябраваў зь Юрыем Антонавым. Ён, здаецца, паходзіў з Маладэчна. Гэты дзед нас праводзіў бясплатна на канцэрты. Паколькі выглядалі мы эфэктна, то білецёркі пастаянна кідаліся да нас: «а гэта што за кудлатыя? куды?». А дзед ім казаў: «Спакойна! Гэта мае хлопцы!». Для абывацеляў мы выглядалі як флібусьцьеры. Неяк у «кульку» ставілі спэктакль і нас паклікалі ў масоўку граць піратаў, бо нам і пераапранацца ня трэба было. Па сюжэце дзея адбывалася ў карчме і мы павінны былі сядзець на бочках і піць. На бочках расклалі нейкую бутафорскую ежу, налілі вады. Мы запратэставалі: граем на сцэне «марскіх ваўкоў», а вымушаны піць ваду з-пад крана! Рэжысэр у выніку пагадзілася і купіла нам па бутэльцы піва. Падчас кульмінацыі разгортвалася драма: галоўны герой сварыўся з галоўнай гераіняй. Мы не павінны былі ўмешвацца ў тое, што адбываецца, але занадта ўвайшлі ў ролю. Паша «Crazzy» быў тады закаханы ў дзяўчыну, якая грала ролю галоўнай гераіні, ня змог вытрымаць таго, што яе крыўдзяць, і палез разьбірацца. Пачалася сапраўдная заварушка на сцэне. У выніку мы схаваліся за кулісамі і зьбеглі. Сядзім у лесе і думаем: «Усё! Хана нам!». А тут прыходзяць хлопцы і кажуць: «Чаго вы зьбеглі? Усе ў захапленьні ад спэктакля! Рэжысэр вельмі задаволеная!»

ТГ: Ты казаў, што на вас найперш паўплываў расейскі рок і заходняя музыка 60—70-х. А беларуская музыка мела на вас нейкі ўплыў?

Так, мы, зразумела, тады пачыналі цікавіцца і беларускімі рок-гуртамі. Таму Ulis, «Бонда», «Новае Неба», «Мроя» (а пазьней — N.R.M.) не былі для нас пустым гукам. Асабіста я пазнаёміўся з Касяй Камоцкай у 1998 годзе ў Менску падчас правядзення «Рок-Купальля». Але што тычыцца беларускамоўнай творчасьці ў нашай тусоўцы, то няшмат хто браўся за напісаньне ўласных твораў. Толькі Паша «Crazzy» і Лёша «Пціняц» пісалі па-беларуску.

ТГ: Большасьць з вас пісалі свае песьні, праводзіліся кватэрнікі, канцэрты на прыродзе. Як так атрымалася, што запісаў з таго часу практычна не засталося?

Тут шмат прычынаў. Мы проста гралі і сьпявалі, і гэта была такая натуральная патрэба. І ўсё. І ніхто не задумваўся над тым, каб нешта там пакінуць пасьля сябе. І ўжо тым больш мы ня ставілі задачу заваяваць нейкія музычныя прасторы, кудысьці вырвацца. Калі б утварылі каманду — спробы былі такія — то можа быць тады засталіся запісы. Ну, а на кватэрнікі амаль ніколі не запісваліся, а з тых рэдкіх запісаў, якія існавалі, большасьць, на жаль, страчаныя.

ТГ: Які лёс гіпаноў 90-х гадоў?

Калі скончваецца студэнцтва, яго хараство пачынаеш разумець і цаніць. Гэта прыходзіць толькі з часам. Канец вучобы ў вучэльні стаў пачаткам канца тусоўкі. Людзі сканчалі вучобу і пачыналі разьяжджацца. Хоць мы ўсе засталіся сябрамі, наша маленькая камуна распалася. Мы доўгі час перапісваліся паміж сабой, прычым абменьваліся ня толькі інфармацыяй, а дзяліліся сваёй творчасьцю: вершамі, апавяданьнямі, малюнкамі, калажамі. Духоўная сувязь, я думаю, захавалася і да гэтага часу, хоць фізічна мы ўжо даўно з многімі ня бачыліся. Прыкладна палова гіпаноў, такія як Лёша «Пціняц» або Дзіма «Дзядуня», так і не знайшлі сябе ў гэтым жыцьці ды пайшлі ў крышнаіты. Частка засталася ў пошуку сябе. Коля «Сьвіст», напрыклад доўгі час жыў і працаваў у Піцеры, а цяпер ён жыве ў Чарнагорыі. Частка стала сямейнымі людзьмі. Хтосьці змог прыстасавацца да сучаснай рэальнасьці, а нехта ня здолеў.

На фота: панкі і гіпі разам, 1998: сядзяць: Мікіта «Паравоз» Павроз, Віця «Дзяціна», стаяць: Алесь Дзянісаў, Олюшка, Саня «Мелкі», Саня Буйко, Вася «Хіпар» Валошчык, Стас Пачобут

Тут праблема, думаю, ня толькі нашай тусоўкі гіпі. Цяпер, з таго пакаленьня 90-х, хто адчувае ў сабе сілы і жаданьне тварыць, то надалей займаецца творчасьцю. Але гэта адзінкі, на самой справе. Асноўная маса здала пазыцыі і сталі звычайнымі абывацелямі. Свой нефармальны пэрыяд у жыцьці яны ўспрымаюць як глупства. Ну, маўляў, па маладосьці тузаліся. У чым прычына? Побыт душыць? Творчая нерэалізаванасьць? Мода? Я ня ведаю адказаў. Можа камэрцыя прыйшла. Сёньня ўсё зводзяць да грашовага эквіваленту. Шмат хто сказаў у выніку: раз за гэта ня плацяць, то навошта я буду час на гэта марнаваць?

ТГ: Атрымліваецца, што панкі 90-х былі больш сацыялізаваныя, бо яны кінуліся змагацца зь несправядлівасьцю і сацыяльна-палітычнымі праблемамі нашага грамадзтва. У адрозьненьне ад іх, вы былі больш адхілены ад сьвету?

Я б не сказаў, што ўсё так проста. Так, мы былі менш накіраваныя на зьнешні сьвет, больш займаліся пошукам Бога, самапазнаньнем. Але мы ў сваіх песьнях сьпявалі ня толькі пра каханьне. Было шмат надзённых песень, з канкрэтнай сэнсавай нагрузкай. Шкада, што ўвесь гэты творчы патэнцыял так і не знайшоў рэалізацыі.

Сам Вася цяпер жанаты, мае двое сыноў. Працуе грузчыкам у гарадзенскім гандлёвым доме «Нёман». Працягвае пісаць песьні і марыць неяк сесьці ды запісаць паўнавартасны акустычны альбом. Як флейтыст ён цяпер супрацоўнічае з гарадзенскім гуртом «Воображаемые люди», а таксама ўдзельнічае ў акустычным фольк-рок праекце «Людзі на балоце».

*Артыкул «Гарадзенскія гіпі: час змаганьня за любоў» упершыню быў надрукаваны на Tuzin.fm 10 лютага 2012 году. Тут ён падаецца ў новай рэдакцыі, зь некаторымі праўкамі і дапаўненьнямі. Працяг будзе.

Гутарыў Алесь Дзянісаў, «Тузін Гітоў», фота з асабістага архіву Васіля Валошчыка

Яшчэ: Гарадзенскія гіпі: час змаганьня за любоў (частка 1)