Топ-12 песень зімы 2014/2015 (аўдыё)
4428 / 0
02.03.2015

Топ-12 песень зімы 2014/2015 (аўдыё)

Прадстаўляем вашай увазе рэйтынг найбольш запатрабаваных твораў на ўласным канале парталу Tuzin.fm у сетцы Soundcloud за тры зімовыя месяцы.

Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 сьнежня 2014 году да 28 лютага 2015 году зафіксавана больш чым 40 000 праслухоўваьняў, што на 5000 болей, чым за аналягічны пэрыяд увосень 2014-га і ў два разы больш, чым за лета-2014. Людзі актыўна слухалі як новыя песьні, прэзэнтаваныя на канале, так і тыя творы, якія былі зьмешчаныя раней. Тузін самых запатрабаваных трэкаў выглядае наступным чынам (у дужках лічба праслухоўваньняў за апошнія тры зімовыя месяцы — сьнежань-2014 і студзень — люты 2015-га):

       12. Vuraj — Vełytaj, perepyłko (559)

Песьня, якая неаднойчы трапляла на першую пазыцыю ў аўдыёчарце на Tuzin.fm — безумоўны гіт з альбому «Раёк», толькі што прызнаным найлепшым у фольк-жанры паводле вэрсіі Experty.by. Сьпеў, што выконваецца на палескім дыялекце, акром Беларусі слухалі на нашым канале Soundcloud больш за ўсё ў Расеі, Польшчы і ЗША.

   

           11. Akute — Алеся (619)

Песьня, запісаная для праекту «Re:Песьняры», ухваленая асабіста яе аўтарам Ігарам Лучанком і раскрытыкаваная яе выканаўцамі з залатога складу «Песьняроў», зрабіла сваю справу. Некаторыя з прыхільніц Ромы і Стаса з дапамогай іх упершыню зьвярнуліся да арыгіналу і сьцьвярджаюць, што ў хлопцаў з Akute выйшла выканаць лепш. Кампазыцыю слухалі найперш наведнікі зь Беларусі, а таксама з Расеі, ЗША і Ўкраіны.

10.   Karpatt — Le chêne d’hiver (636)

Soundcloud-прэзэнтацыя песьні, якую французы запісалі для праекту «Global Reload» плюсуецца да больш чым 1100 праслухоўваньняў на самім сайце Tuzin.fm. Лічба па суме выходзіць большай, але ўсё адно ня вельмі цешыць — на наша меркаваньне першы сьпеў па-француску на верш Уладзімера Караткевіча варты куды большай увагі. Цікава, што трэк слухалі найперш у Беларусі, потым у Расеі, Нямеччыне і пасьля ўжо ў Францыі.

         9. Nizkiz — Цяпер і далей (639)

Адзін зь яскравых прыкладаў стадыённага року, зробленага ў Беларусі. Другі запар яскравы беларускамоўны гіт. І слухацкая ўдзячнасьць. Асабліва гэты сьпеў Nizkiz любяць слухаць, вядома ж, у Беларусі, пасьля — у Нямеччыне, Расеі і Польшчы.

8.       ГрязьСьпі (651)

Малавядомы праект добравядомых асобаў у магілёўскай музычнай тусоўцы трымаецца ў топ-12 практычна год. Вольны кавэр на Akute ад Дзяніса Астапава прысутнічаў і ў летнім, і ў восеньскім рэйтынгу, а прэзэнтаваны быў у студзені 2014 году. Той выпадак, калі можна казаць, што пераасэнсаваньне мае такі ж посьпех і значэньне, што і арыгінал. А можа нават і большы.

7.       Guda — Ой, у каго-то на печы (637)

«Гудаў» з кожным месяцам слухаюць усё больш. Па восені кампазыцыя з апошняга альбому сьпявачак замыкала 12-ку, а цяпер узьнялася ўверх на пяць пазыцыяў. Аўтэнтычным сьпевам цікавяцца ў асноўным наведнікі зь Беларусі — больш за 500. Заходзяць паслухаць беларускую аўтэнтыку і людзі з ЗША, Польшчы і Нямеччыны.

6.       Dzieciuki — Хлопцы-балахоўцы (693)

Яшчэ адзін трэк «Герояў году» па вэрсіі Tuzin.fm, які па выніках восені-2014 ачоліў рэйтынг самых запатрабаваных песень на «тузінаўскім» Soundcloud. Увага грамады паступова пераключылася ад аўдыё на відэа — якраз пры канцы лістапада 2014 году выйшаў кліп на гэтую кампазыцыю, які ў сеціве прагледзілі ўжо больш за 11 100 разоў.

5.       SP Kava — Эндшпіль (693)

Адзін зь пераможцаў конкурсу «Засьпявай.by» працягвае трымаць з восені 5-ю пазыцыю. Акром Беларусі яго трэк слухалі гэтаю зімою ў Чэхіі, Польшчы і Расеі. Пры канцы студзеня выйшаў новы міні-альбом выканаўцы «яМы», куды была ўключаная і гэтая цудоўная кампазыцыя.

4.       Сamerata — На Раство (882)

Немалую цікавасьць выклікаў новы твор вакальнага ансамблю, запісаны ў абноўленым складзе. Кампазыцыя была прадстаўлена на Tuzin.fm акурат на Раство. Больш за ўсіх аўтарская калядка Вольгі Вераб’ёвай зацікавіла беларусаў (больш за 660 праслухоўваньняў), а таксама амэрыканцаў, немцаў і ўкраінцаў.

3.       Dzieciuki — Сумнае рэгі (918)

Яшчэ адна песьня з альбому «Гарадзенскі гармідар» увайшла ў тройку лідэраў зімы ды яшчэ і ўзьнялася на тры пазыцыі ўверх. Цікавасьць да «Дзецюкоў» у зімовыя месцы можна патлумачыць тым, што яны атрымалі прэмію «Героі году — 2014» і далі выдатны сольны канцэрт у Менску ў межах акцыі «Жывы Тузін».

2.       Dzieciuki — Мужыцкая праўда (1580)

Сталы лідэр чартаў папулярнасьці на «тузінаўскім» Soundcloud ня толькі ня страціў пазыцыяў, але і ўзьняўся на пазыцыю ўверх у параўнаньні з восеньскім рэйтынгам. Пераважная большасьць праслухоўваньняў гэтай песьні (каля 1200) за беларускімі наведнікам. Цікавяцца творчасьцю гарадзенцаў таксама ў Расеі, Украіне і Польшчы. Агульная ж колькасьць праслухоўваньняў трэку падбіраецца да 7000.

1.       Ворона — Мая праўда (5288)

Загалоўны трэк з дэбютнага EP сьпявачкі Алены Вароны, што быў прэзэнтаваны перад Калядамі на партале Tuzin.fm абсалютна па-за канкурэнцыяй у нашым рэйтынгу. Цікава, што на першым месцы па праслухоўваньні гэтага трэку стаіць ЗША (больш за 1500 прайграваньняў), потым Вялікабрытанія, Канада і пасьля ўжо Беларусь. Замежнікі пададавалі «Маю праўду» ў свае трэк-лісты навінак альтэрнатыўнага року, такім чынам яна разышлася далей. Праўда вось, у самім чарце на «Тузіне» песьня правалілася, пакінуўшы барацьбу ў першым жа туры.

Яшчэ: Топ-12 песень восені-2014

Топ-12 беларускіх песень лета-2014

Tuzin.fm, загалоўнае фота ўзятае з афіцыйнай суполкі гурта «Ворона»