Менскія гіпі. Час змаганьня за любоў
2970 / 3
14.03.2015

Менскія гіпі. Час змаганьня за любоў

Пра першае пакаленьне менскіх гіпі другой паловы 1960-х — першай паловы 1970-х гадоў піша дасьледчык Уладзімер Валодзін.

Уласна навуковых працаў, прысьвечаных моладзевым субкультурам Менску ў азначаны пэрыяд, пакуль няма ані ў гісторыі, ані ў сацыяльна-культурнай антрапалёгіі, ані ў сацыялёгіі, ані ў лінгвістыцы. Вельмі добры журналісцкі матэрыял зрабіў Віктар Сямашка (цыкль радыёперадачаў пра беларускі музычны андэграўнд 1960—1980-х гадоў). Ёсьць і іншыя матэрыялы ў папяровых і электронных СМІ, і літаратурныя творы. Паколькі апублікаваныя літаратурныя, публіцыстычныя і навуковыя тэксты не маглі даць дастаткова зьвестак па гісторыі менскіх гіпі другой паловы 1960-х — пачатку 1970-х гадоў, асноўнай крыніцай паслужылі вусныя ўспаміны былых менскіх гіпі, сабраныя аўтарам дадзенай працы летам 2007 году. Для аздабленьня матэрыялу на Tuzin.fm узятыя фотаматэрыялы з архіву парталу Tuzin.fm і Віктара Сямашкі, Андрэя Плясанава, калекцыі Рамана Абрамчука, а таксама карыкатуры з часопісу «Вожык» (1970—1972).

Рэспандэнты адмыслова не падбіраліся. «Выхад» на іх адбываўся праз асабістыя знаёмствы, ад аднаго да другога. Гэта людзі 1947—1953 гадоў нараджэньня, усе яны зь дзяцінства пражываюць у Менску. Неабходна адразу адзначыць: пра гіпі як такіх у акрэсьлены час (другая палова 1960-х — першая палова 1970-х) у пэўным месцы (г. Менск) казаць цяжка. Большасьць людзей, якія будуць героямі дадзенай працы, не называлі сябе «гіпі». Тым ня менш, у дадзеным тэксьце будзе выкарыстоўвацца тэрмін «гіпі», хаця часьцяком і ўзяты ў двукосьсі, бо лепшы тэрмін падабраць не атрымалася.

ТАНЦЫ «СКВЕРНЫХ ЛЮДЗЕЙ»

Гіпі ў ЗША і Заходняй Эўропе зьявіліся ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Зь невялікай затрымкай (ня больш за пару гадоў) падобная субкультура праявілася і ў эўрапейскай частцы СССР. Разуменьне таго, чым быў рух гіпі як зьява грамадзкага жыцьця на Захадзе, мае суразмоўцы выказвалі даволі рознае. Вось як акрэсьліў ідэалёгію гіпі (як заходніх, так і менскіх) Андрэй Плясанаў: «Гіпі — пацыфісты, якія, як я думаю, былі супраць вайны, якія не працавалі, якія хадзілі, зьбіралі кветкі і сьпявалі песьні. Я рабіў тое ж самае, толькі назва… У нас не было такога, што мы — гіпі. Проста насілі доўгія валасы, насілі клёшы». Уладзімер Юзэфовіч лічыць, што слова «гіпі» нельга прымяняць у дачыненьні да моладзі, што жыла ў СССР, нават умоўна. Стрыжнямі ж субкультуры гіпі на Захадзе ён лічыць цікавасьць да ўсходняй філязофіі і экспэрымэнты з псыхатропнымі прэпаратамі. Калі слова «гіпі» фігуравала нячаста (з маіх суразмоўцаў так сябе вызначаў толькі Сяргей Філіпаў), то як сябе самавызначалі маладыя доўгавалосыя людзі, што слухалі рок-музыку і не жадалі быць узорнымі камсамольцамі? «Цывілы» называлі іх «валасатымі», «валасацікамі», і часам гэтыя словы станавіліся саманазвай. Часам фігуравалі лякальныя саманазвы, прывязаныя да пэўнай мясцовасьці: «скверныя людзі» ў Менску (ад таго, што зьбіраліся ў сквэрыку на вуліцы Леніна; зьвесткі Н. Качаноўскай), «дзеці каменнай мамачкі» (бо зьбіраліся каля помніку Элізе Ажэшцы) у Горадні. Часьцяком жа папросту ніякага адмысловага слова для самавызначэньня не было. Затое тэрмін «гіпі» часта выкарыстоўваўся іншымі людзьмі дзеля акрэсленьня субкультуры, што пацьвердзіў і Ўладзімер Юзэфовіч.

У самым пачатку 1970-х гадоў зьявілася слова «сыстэма», якое абазначала: «1. Супольнасьць гіпі ў СССР як нефармальнае моладзевае аб’яднаньне. 2. Любую тэрытарыяльную або часовую супольнасьць гіпі» (паводле «Слэнгу гіпі» Ф. Ражанскага). «Сыстэма» была сапраўды агульнасаюзным фэномэнам. Вось як апісвае яе дзеяньне Сяргей Філіпаў:  «Мы ж вельмі часта сустракалі такіх жа, як мы, у тым жа Менску. Для мяне, калі я бачу чалавека ў расклешаных джынсах з даўжэзнымі валасамі, я зусім выразна разумею, што гэта свой чалавек. Я да яго падыходзіў і пытаўся, чым можна дапамагчы. Таму што, калі гэта незнаёмы твар — а сваіх мы ведалі ўсіх — калі гэта незнаёмы твар, цалкам відавочна, што гэта прыежджы. Грошай у яго, натуральна, няма, ён падарожнічае аўтастопам і, напэўна, яму трэба дапамагчы. Ну а як жа інакш? Гэта было сьвята для нас. І толькі потым мы пыталіся адкуль ён. Дапамагалі, чым маглі. Дапамагалі начоўцы, прыладжвалі адзін у аднаго пераначаваць. Але дакладна гэтак жа мы разумелі, што дзе б мы ні апынуліся, сапраўды гэтак жа мы можам разьлічваць на дапамогу іншых людзей».

Сацыяльны слой, які спарадзіў савецкіх «гіпі» і быў крыніцай іх папаўненьня, акрэсьліць няцяжка. У Менску гэта былі дзеці інтэлігенцыі, часам нават партыйнай, выкладчыцкай ці творчай эліты (напрыклад, рок-музыкам быў сын Пімена Панчанкі; зьвесткі А. Плясанава). Пераважная большасьць менскіх гіпі канца 1960-х — пачатку 1970-х гадоў нарадзілася ў Менску ці прынамсі тут вырасла.

На фота: Сяргей Філіпаў

ALL YOU NEED IS LOVE

Важнай складовай часткай субкультуры быў касмапалітызм. Нават калі ён не падкрэсьліваўся, дык усё адно прысутнічаў. Пры гэтым касмапалітызм таго пакаленьня зусім не азначаў пагарду да мясцовага, да беларускай ці расейскай культуры. Наадварот, менскія гіпі канца шасьцідзясятых — пачатку сямідзясятых, якія вырасьлі ў расейскамоўным асяродзьдзі, вывучылі пазьней, будучы сталымі людзьмі, літаратурную беларускую мову і актыўна ёй карысталіся ці карыстаюцца. Але гэтыя людзі камфортна сябе адчуваюць у любой краіне (прынамсі, любой эўрапейскай), цікавяцца іншымі культурамі і ладамі жыцьця.

Варта адзначыць, што яны застаюцца актыўнымі ўдзельнікамі культурнага жыцьця сталіцы (а часам і палітычнага жыцьця). Некаторыя гіпі не былі камсамольцамі. Ці, калі і былі афіцыйна запісаныя ў камсамол, ніколі не атрымлівалі білета (пасьведчаньня) і не плацілі сяброўскіх складак.

Ключавым кодам для моладзевай субкультуры зьяўлялася музыка. Паколькі атрымаць доступ да заходнеэўрапейскіх і амэрыканскіх запісаў у другой палове 1960-х гадоў было надзвычай цяжка, то менская моладзь арыентавалася на польскую рок-музыку [Плясанаў, Філіпаў], якую можна было пачуць па радыё ў добрай якасьці (польскія радыёстанцыі не глушылі). Пэрыядычна польскія гурты (Czerwone gitary, Skaldowie, Bizony) наведвалі з канцэртамі Менск, выступалі ў Палацы спорту.

Найважнейшым заходнім гуртом быў The Beatles. Субкультуру бітламанаў вылучаюць як асобную, хаця ў рэальнасьці паміж бітламанамі і гіпі не было падзелу. Варта адзначыць, што аматары року былі адкрыты і для іншай музыкі. Так, некаторым рэспандэнтам запомніўся прыезд у Менск джазавага мэтра Дзюка Элінгтона [Качаноўская, Юзэфовіч].

Саюзныя ансамблі не шанаваліся, бо тыя ВІА, якія прыяжджалі ў Менск афіцыйна ці гучалі па радыё і тэлебачаньні, не адпавядалі густам гіпі. Гастролі самадзейных калектываў не практыкаваліся. Былі, што праўда, мясцовыя выканаўцы, якія больш ці менш падабаліся доўгавалосай публіцы. Вядомымі былі гурты «Пане браце», «Пилигримы», «Наследники» (з музыкамі Еўграфам і Гардзеем) ды іншыя. Апрача танцпляцовак, музыкі выступалі ў інстытутах, школах. Вялікае ўздзеяньне на культурнае жыцьцё Менску зрабілі два біт-фэстывалі, што прайшлі ў радыётэхнічным інстытуце ў 1968 і 1969 гадах. Пра першы біт-фэстываль падрабязьней можна прачытаць у аўтарскай рубрыцы Віктара Сямашкі !OUT на Tuzin.fm.

Тагачасная карыкатура ў часопісе «Вожык»

МОДА МЕНСКІХ ГІПІ

Вопратка (і, больш шырока, зьнешні выгляд) была мусіць другім па важнасьці кодам. Абавязковай была наяўнасьць доўгіх валасоў і джынсаў (дзяўчаты маглі сабе дазволіць сукенкі ці спадніцы, але таксама часта апраналі джынсы). Па-за гэтымі невялікімі ўмоўнасьцямі адкрываўся шырокі прастор для буйнай фантазіі. Хлопцы часьцяком насілі рознакаляровыя паркалёвыя кашулі «ў кветачкі» [Плясанаў]. Некаторыя гіпі выцягвалі з шафаў строі сваіх дзядоў і бабуль 1930—1950-х гадоў [Качаноўская, Філіпаў]. Часам вопратку шылі самі ці замаўлялі «сваім» краўцам [Плясанаў, Чарняўка]. Джынсы маглі купляцца як празь мясцовых «фарцоўшчыкаў», так і ў Вільні. «Тады, напрыклад, я купіла першыя джынсы ў Вільні на так званым „таўчку“. Туды ўсе езьдзілі: як атрымаеш стыпэндыю 28 рублёў — на „Чайку“, так званы быў цягнік Менск — Талін, і можна было за тры гадзіны даехаць да Вільні. Ну, і туды ўжо прыходзіў, на гэтую барахолку. Там заўсёды што­-небудзь прадавалі палякі ці яшчэ хто-­небудзь. І там я купіла ў аднаго паляка за дваццаць пяць рублёў джынсы Super Rifle. Я іх насіла ўжо так доўга. І ў будатрадзе яны са мной былі, і нават ужо калі выйшла замуж, нарадзіла першую дачку, яшчэ іх насіла. Яны добрыя былі», — згадвае Натальля Качаноўская. Андрэй Плясанаў вылучаўся сваім абуткам: «Цяпер модныя такія бацінкі зь вельмі тоўстай падэшвай, зь велізарным каблуком і зь велізарным носам тупым. Дык вось я такія насіў ужо ў канцы шасьцідзясятых і купіў іх на нейкай выставе ў Палацы спорту, у іншаземцаў нейкіх».

Папулярнасьцю карысталіся тэнісныя тапкі («прорезинки»). Яны былі белыя і хутка пэцкаліся, даводзілася чысьціць зубным парашком [Качаноўская]. Летам было пашыранае хаджэньне басанож. Адным з найважнейшых сымбаляў для гіпі была (і застаецца) кветка. Кветкі зьяўляліся і на рознакаляровых кашулях, і на «прорезинках», часта іх малявалі на вопратцы ці абутку самастойна. Перад тым, як перайсьці да разгляду варыянтаў баўленьня вольнага часу, варта адзначыць, што менскія гіпі акрэсьленага пэрыяду былі носьбітамі вельмі розных стыляў жыцьця. У найбольш артадаксальным варыянце жыццё тагачаснага менскага гіпі выглядала наступным чынам: «У той час мы не спрабавалі рабіць кар’еру. Увосень наймаліся на любую працу. Перазімаваць, вясной звальняліся. Лета праводзілі ў падарожжах. Увосень зноў куды-небудзь уладкоўваліся: лябарантамі, грузчыкамі, качагарамі. Гіпі — адным словам», — распавядае Сяргей Філіпаў.

На фота: менскія гіпі каля Палацу спорту. Самы крайні справа — Уладзімер Цэсьлер.

Хтосьці выкарыстоўваў студэнцкія гады менш для вучобы, а больш для «тусовак». Аднак вялікая частка нефармальнай супольнасьці мела прыстойныя сталыя працы, дастатковы заробак ды імкліва інтэгравалася ў «дарослае» грамадзтва. Некаторыя (напрыклад, прафэсійныя музыкі ці фарцоўшчыкі) зараблялі па некалькі соцень ці нават тысяч рублёў на месяц і не маглі паскардзіцца на недахоп сродкаў (асабліва прымаючы пад увагу татальны дэфіцыт і немагчымасьць зрабіць дарагую пакупку без чаргі). Андрэй Плясанаў распавядае: «Я іграў вельмі многа. Калі кінуў унівэрсытэт і пайшоў у філярмонію, там зарабляў вельмі многа, бо мы ігралі па трыццаць, па сорак канцэртаў на месяц. І яны былі неафіцыйныя, гэта значыць усе грошы мы клалі сабе ў кішэню. Потым я пайшоў у політэхнічны інстытут, і там пяць гадоў працаваў, і таксама там рабіў вельмі многа ўсякіх прыладаў да машын, да самаходаў, да „Жыгулёў“, іх прадаваў. І плюс ігралі мы на вясельлях, а таксама так званыя „халтуры“ на нейкіх вечарах, на заводах, у інстытутах. І за гэта вельмі добра плацілі, таму я зарабляў прыблізна дзьве тысячы ў месяц у сярэднім. А мая маці зарабляла, дый бацька, па дзевяноста, па сто рублёў у той час».

На фота: героі неафіцыйнай менскай сцэны «Шпакі» граюць на танцах «на Карчах», у парку 50-годзьдзя Кастрычніка

«ГРЫЦАВЕЦ», «КАРЧЫ», «ПАМЫЙКА» І «МОРГ»

Чым займалі свой вольны час менскія гіпі? У асноўным зьбіраліся ў сквэрах ці на кватэрах. Асноўным месцам збору быў «Грыцавец» — цяперашні парк Янкі Купалы (калісьці на месцы помніка Купалу стаяў помнік лётчыку Грыцаўцу, пазьней перанесены на вуліцу Леніна). Іншыя месцы тусовак — сквэры на вуліцы Леніна (меў назву «зялёны пад’езд» з-за дзьвярэй аднаго з парадных, пафарбаваных у зялёны) і Камсамольскай (каля помніка Дзяржынскаму), плошчы Перамогі (у народзе — Круглая) і Леніна (цяпер Незалежнасьці). Некаторая частка валасатай моладзі наведвала танцы. Але, паколькі верагоднасьць быць бітым за нестандартную зьнешнасьць была вельмі вялікая, рабілі гэта хлопцы, найбольш упэўненыя ў сваіх кулаках. Танцы адбываліся на Карчах (танцпляцоўка ў парку 50-годзьдзя Кастрычніка каля Трактарнага заводу), у Моргу (сцэна на вуліцы Маскоўскай, дзе цяпер месьціцца Моладзевы тэатар эстрады; назву атрымала з-за духавога аркестра, які іграў там па выходных). Былі яшчэ Дошкі, Цагляныя заводы. Часам (паколькі грошай было мала) хадзілі ў кафэ ці рэстаран. Вядома не дзеля таго каб паесьці, а каб пагаварыць. На столік маглі замовіць адну страву, якую можна было есьці рукамі (напрыклад, мясное асарці). Любілі наведваць дзьве ўстановы на Паркавай магістралі: кафэ «Ромашка» [Філіпаў], рэстаран і бар гасцініцы «Юбілейная» [Качаноўская]. Пэўны час адна з кампаніяў зьбіралася ў «Памыйцы» (падвал пад цяперашнім «Макдональдсам» насупраць ГУМа, у 1990-я — бар «Світанак») [Філіпаў]. На кватэрах зьбіраліся, калі чые-небудзь бацькі зьяжджалі на адпачынак ці на працу ў іншы горад. Звычайна гэтымі бацькамі аказваліся высокапастаўленыя чыноўнікі, дыпляматы. Тут гутарылі, слухалі музыку (як у запісах, так і «пад гітару»), супольна гатавалі ежу, ужывалі алькаголь і наркотыкі.

На фота: Кім Хадзееў, фота ўзятае адсюль

Некаторая частка інтэлігентнай доўгавалосай моладзі хадзіла да Кіма Іванавіча Хадзеева. Гэты чалавек, усебакова (сама)адукаваны, знаўца літаратуры, вязень сталінскіх лягераў, умеў заварожваць гасьцей сваімі расповедамі. Да яго ў госьці хадзіла некалькі пакаленьняў, некалькі тусовак «гіпі». З больш маладых Наталля Качаноўская прыгадала Алеся Анціпенку.

Музыканты, вядома, бавілі час на рэпэтыцыях і выступах. Пэрыядычна наладжвалі рухомыя гульні ў грамадзкіх месцах (як сказалі б цяпер, пэрфомансы). Напрыклад, аднойчы прайшліся ў лапцях аднойчы па праспэкце, як прыгадвае Натальля Качаноўская. Калярытна апісвае такія «пэрфомансы» ў сваіх кніжках Сяргей Філіпаў. Напрыклад, у кнізе «Подробности: Хроникально-документальное кино», што выйшла ў Менску ў 2005 годзе.

Карыкатура пачатку 70-х з часопісу «Вожык»

Даволі часта выкарыстоўваліся мянушкі. Знакамітым персанажам быў Віктар Панічаў па мянушцы «Треугольник». Іншыя прыклады: Таўсьцяк, Сэм, Джон [Плясанаў]. Але далёка ня кожны чалавек мянушку меў. Зь іншага боку, часта мянушка цалкам замяняла імя. Так, хлопца па мянушцы «Дельфин» ведалі ўсе суразмоўцы. Яго імя памятаў толькі сп. Плясанаў, а прозьвішча не прыгадаў ніхто. Гэты чалавек — адзін з маіх суразмоўцаў, Уладзімер Юзэфовіч. Запомніўся ж ён усім даўжынёй валасоў. «У яго былі самыя доўгія валасы за ўсіх у Менску — ніжэй за пояс. На канцэрце ён іх вымаў, на танцах, а потым, калі зьбіраўся на вуліцу выходзіць, пад кашулю іх хаваў, зашпільваў каўнер і таму яны былі быццам бы залізаныя, і не бачна было, што ён такі доўгавалосы», — згадвае Плясанаў. Многія прадстаўнікі субкультуры гіпі езьдзілі аўтаспынам (аўтастопам). І Сяргею Філіпаву, і Ўладзімеру Юзэфовічу даводзілася заяжджаць у Талін, Ленінград, ва Ўкраіну. Зь іншага боку, тыя, хто здолеў атрымаць вышэйшую ці прэстыжную прафэсійную адукацыю і ўладкавацца на сталую і больш-менш пэрспэктыўную працу, мелі ўдосталь грошай на падарожжы аўтобусам, чыгункай ці самалётам. Квіток на цягнік да Вільні каштаваў два рублі восемдзясят капеек, а самалёт да Адэсы — чатырнаццаць рублёў.

Інфармацыю пра найноўшую заходнюю музыку і лад жыцьця замежных гіпі іх менскія паплечнікі атрымлівалі ўрывачную. Штосьці вычытвалася ў савецкіх артыкулах-памфлетах, прапагандысцкіх брашурах ці нават раманах (напрыклад, «Чего же ты хочешь?» В. Кочатава). Вельмі рэдка даходзілі заходнія часопісы. Прасьцей было набыць у «Белсаюздруку» польскія моладзевыя выданьні, дзе былі спэцыяльныя рубрыкі пра заходнюю музыку. У сярэдзіне 1970-х гадоў распаўсюдзіўся самвыдат (аднак нічога спэцыфічна «гіповага» ў ім не сустракалася). Аўтары, якіх у адзін голас прыгадалі суразмоўцы, — Салжаніцын і Булгакаў.

Менскія гіпі. Пачатак 70-х. Фота Андрэя Плясанава

ГІПІ І НАРКОТЫКІ

У многіх кампаніях тады ўжывалі наркотыкі. Большасьць абмяжоўвалася паленьнем «травы» («плана») ці ўжываньнем набытых у аптэках пігулак (напрыклад, зьмешвалі зь віном сэдэпсэн ці кітайскі лімоньнік; інфармацыя Андрэя Плясанава). Аднойчы зьявіўся быццам бы ЛСД у выглядзе вадкасьці. Невядома, ці сапраўды гэтае рэчыва было тым, за што яго выдавалі, але наркатычны эфэкт яго быў сапраўды моцным [Качаноўская]. У ход ішлі таксама і шпрыцавыя наркотыкі. Часткова іх здабывалі праз тых гіпі, што працавалі ў сыстэме аховы здароўя (у гутарцы з С. Філіпавым фігуравалі такія прэпараты, як прамэдол і амнапон).

Экспэрымэнты з «пашырэньнем сьвядомасьці», а таксама інтэнсіўнае ўжываньне алькаголю і тытуню прывялі да таго, што многія прадстаўнікі гэтага «валасатага» пакаленьня памерлі маладымі ці ў сярэднім веку. Напрыклад, тэатральны пэдагог, драматург, рэжысэр, актор, тэатральны і мастацкі крытык, аўтар і пастаноўшчык «Камэдыі» Ўладзімер Рудаў сканаў ад раку ў 1999 годзе ва ўзросьце 52 гадоў…

Менскі гіпі. Пачатак 70-х.

«ТУТ ЗАБІЛІ СЛАВІКА МАКСАКАВА»

Практычна ўсе менскія гіпі мужчынскага полу канца 1960-х — пачатку 1970-х гадоў пасьпяхова «адкасілі» ад войска. Хтосьці часова паступаў у інстытут, хтосьці знаходзіў у сябе хваробу, хтосьці выкручваўся па «сацыяльных паказчыках». Сяргею Філіпаву давялося правесьці пэўны час у «жоўтым доме». Напружанымі былі ўзаемаадносіны ня толькі зь міністэрствам абароны, але таксама і зь міністэрствам унутраных справаў. «Міліцыя нас хапала проста на праспэкце. Калі ішлі там нейкай кодлай, чалавек дзесяць­-пятнаццаць валасатых, дык пад’яжджаў нейкі аўтобус абсалютна пусты, спыняўся, зь яго выскоквала чалавек пяцьдзясят міліцыянэраў. І каго хапалі, таго… валасы адразалі кавалкамі. Прычым яны, калі аўтобус пад’яжджаў, яны там ляжалі на падлозе, а потым ускоквалі. Разрывалі штаны, адразалі ад іх кавалкі, бо калі сорак пяць сантымэтраў клёш, дык гэта лічылася, што ўжо занадта», — згадвае Андрэй Плясанаў.

На Грыцаўцы наладжвалі аблавы. Тых, каго пасьпявалі злавіць, дастаўлялі ў пастарунак «добраахвотнай народнай дружыны» на вуліцы Камсамольскай (цяпер там крама ніжняй бялізны). Здаралася, што падчас аблаваў ці ў пастарунках стрыглі. На месца вучобы ці працы высылалі паведамленьні. Аблавы наладжваліся і на кватэры ў цэнтры гораду, дзе зьбіраліся гіпі.

Самай гучнай падзеяй грамадзкага жыцьця Менску, зьвязанай з гіпі, быў выступ пасьля пахаваньня Вячаслава Максакава, які цяпер часам называюць дэманстрацыяй. 7 красавіка 1970 году група моладзі стаяла ля кінатэатру «Навіны дня» і раптам пачула ад аднаго зь мінакоў, што праходзіў каля іх, вокліч «Гайль Гітлер!». Адзін з маладых людзей — Вячаслаў Максакаў — зрабіў таму заўвагу, пасьля чаго атрымаў удар нажом у жывот. Малады чалавек сканаў на месцы. На яго пахаваньне на Маскоўскіх могілках праз два дні сабралася нямала народу — людзі ледзьве зьмясьціліся ў пяці аўтобусах.

Узгадвае Андрэй Плясанаў (на фота 1970 году): «Мы калі з могілак ехалі, праяжджалі калі, гэта цяпер сцэна беларускага тэатру, а быў дзіцячы кінатэатар, а потым „Навіны дня“. І там глядзім, напісана: «Здесь убили Славика Максакова», а на тратуары чырвоны такі круг і напісана «Здесь» чырвонай фарбай. Ехала аўтобусаў шэсьць ці сем моладзі. Я там у першым ехаў, кіроўцаў заставіў спыніцца, выскачылі. А мужык пачаў усё змываць бэнзінам. Мы кажам: „Не рабіце гэтага!“ — „Мне загадалі“. Ну я тады ўзяў гэты бэнзін яму апракінуў на ногі, дастаў запальнічку. Ён зьнік адразу. Ну, і мы стаім. У гэты час набегла міліцыі, наехала гэтых „казлоў“ міліцэйскіх, і атрымалася так, што народ пачаў зьбірацца. Увесь сквэр быў запоўнены народам, ужо глядзелі на нас, бо валасатыя стаяць, і чалавек сто. Самкнулі рукі і не пускалі міліцыю, каб яна гэта змыла. Ну і гэта працягвалася каля хвілін сарака, можа гадзіны. Потым, там можа чалавек зь дзесяць было ў такіх чорных капелюшах і ў плашчах, маленькіх такіх. Маёраў ці палкоўнікаў КГБ. І з крыкам: „Хапайце яго, ён тут галоўны!“ ці „Ён правакатар!“ кінуліся на мяне і рукі завярнулі, пацягнулі да міліцэйскага „казла“, каб закінуць, а моладзь кінулася мяне адбіваць, адбіла, і пачалася бойка. І я зьбег адтуль. Палову арыштавалі тых усіх. Людзей, якія стаялі на сквэры і стаялі на другім баку вуліцы, таксама арыштоўвалі вельмі многа. Нават трыццаць шосты аўтобус ішоў з радыятарнага, там быў прыстанак. Людзі выходзілі, і іх хапалі і кідалі ў гэтыя аўтазакі».

На шчасьце, ніхто з удзельнікаў спантаннага выступленьня не падвяргаўся перасьледу па крымінальнай справе. Паколькі падзеі здымалі КДБшныя кінакамэры, ёсьць спадзяваньне, што з часам мы зможам пабачыць іх на экране.

Менскія гіпі пачатку 70-х

Цікава, як скажалася інфармацыя пра падзеі ў тым інфармацыйным вакуўме, што існаваў у СССР. Маскоўскі праваабарончы самвыдатаўскі часопіс «Хроника текущих событий» у 14-м выпуску змясціў наступную нататку пра менскую «дэманстрацыю». Цытуецца на мове арыгіналу з захаваньнем асаблівасьцяў напісаньня.

«7 апреля в Минске был убит старшеклассник МАКСАКОВ. По официальной версии, его убил пьяный хулиган. У убитого были обнаружены листовки с требованием демократических свобод. Через несколько дней, в день похорон МАКСАКОВА, группа учащихся старших классов минских школ организовала в центре города, на улице Энгельса, рядом с ЦК КПБ, демонстрацию. (…) Демонстранты, собравшиеся возле кинотеатра „Новости дня“, выжгли автогеном на асфальте круг и, встав в него, скандировали лозунги с требованием свободы слова и печати. Когда подоспевшая милиция начала разгонять демонстрантов, они стали кричать: „Это не Чехословакия, вы нас не разгоните“. По слухам, некоторые из демонстрантов были исключены из школ. В школах Минска были проведены комсомольские собрания с целью повышения сознательности».

Падсумоўваючы, трэба пагадзіцца, што субкультура «савецкіх» (і, у  прыватнасьці, менскіх гіпі) не была «клонам» аналягічнай амэрыканскай. У іншых грамадзкіх умовах і формы, і зьмест былі іншымі. Аднак была перанятая сымболіка субкультуры: рок-музыка, джынсы, кветкі, доўгія валасы. Цяжка сказаць, наколькі ўплываў Захад на сыстэму каштоўнасьцяў моладзі ў СССР, але многія прынцыпы заходніх і ўсходніх гіпі супадалі: касмапалітызм, пацыфізм, пэўны недавер да сьвету дарослых і жаданьне збудаваць свой, лепшы сьвет. Інтэграцыя былых гіпі ў сістэму пануючых грамадзкіх адносінаў як на Захадзе, так і ў былым СССР адбылася даволі пасьпяхова. Даўно было заўважана, што субкультуры — крыніца інавацыяў для пануючай культуры. Няма нічога дзіўнага ў тым, што многія былыя гіпі зрабілі пасьпяховыя кар’еры. Варта адзначыць, што кар’еры гэтыя былі зробленыя найчасьцей у мастацтве ці другіх сфэрах інтэлектуальнай працы, дзе патрабуецца падвышаная крэатыўнасьць. Прычым часта кар’еры разьвіваліся больш бліскуча ў 1990-я гады, чым раней.

Аўтар дзякуе Натальні Качаноўскай, Андрэю Плясанаву, Сяргею Філіпаву, Уладзімеру Юзэфовічу за дапамогу над падрыхтоўкай матэрыялу. Таксама была выкарыстаная інфармацыя з артыкулаў «Першая маніфэстацыя беларускіх гіпі» Сяргея Будкіна з парталу «Тузін Гітоў» за 9.04.2007, «Это не Маша, это Миша» Ірыны Чарняўкі ў «Белорусской газете» за 11.08.2003, з кнігі Вінцэся Мудрова «Альбом сямейны» (бібліятэка Радыё Свабода, 2007), кнігі Сяргея Філіпова «Подробности» (Менск, 2005).

Матэрыял пад назвай «Першае пакаленьне менскіх гіпі» быў падрыхтаваны ў межах міжнароднай канфэрэнцыі «Бунт у імя свабоды: забыты ген беларусаў?», якая адбылася 8—10 сакавіка 2013 году ў Варшаве. Інтэрнэт-вэрсія матэрыялу друкуецца на Tuzin.fm зь некаторымі рэдакцыйнымі праўкамі, дапаўненьнямі і рэдкімі ілюстрацыямі. Рэдактар інтэрнэт-вэрсіі — Сяргей Будкін.

Уладзімер Валодзін, для Tuzin.fm

Яшчэ: Гарадзенскія гіпі: час змаганьня за любоў (частка 1)

Гарадзенскія гіпі: час змаганьня за любоў (частка 2) 

КАМЕНТАРЫ:

  • Vic Lenkey
    Vic Lenkey / адказаць
    14.03.2015 / 17:54

    Джынсы было вельмі мала. Шылі "Матрасы" - клеш з паласатай каляровай тканіны, з якой шыюць матрацы. Вельмі файна выглядала, і клеш павінен быў быць ад калена, не меньш за 50 см.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    14.03.2015 / 23:12

    Дзякуй за дапаўненьне.

    Просім выказвацца ў камэнтарах і дзяліцца ўспамінамі іншых сьведкаў таго часу пра менскі нефармальны рух 60-70-х. Тэма толькі пачынае дасьледвацца!

  • vk20 / адказаць
    15.03.2015 / 15:52

    Зимой "хиппаря" также можно было легко вычислить : "кажушок" с заплатками и, естественно , "хаер" - в любой мороз не обезображенный головным убором. Даже походка отрабатывалась "хипповая" - слегка ссутулившись, скользящими ( как у индейцев) шагами. Зауважал создателей фильма "Джобс - империя страсти" когда увидел как Стив передвигается...
    Да, и про "фенечки" вспомнил :)

  • КАМЕНТАВАЦЬ