Першая перамога гурта Trubetskoy
2355 / 0
30.03.2015

Першая перамога гурта Trubetskoy

Песьня аўтарства Паўла Булатнікава «Горад» стала пераможцам 11-га туру ў аўдыёчарце на Tuzin.fm.

«Горад» — песьня для гурта Trubetskoy значная і этапная. Гэта першая цалкам беларускамоўная кампазыцыя, напісаная вакалістам Паўлам Булатнікавым разам зь яго калегамі. І яна адразу ж палюбілася слухачам. У першым жа для сябе туры «Горад» ачоліў топ-12 беларускіх гітоў, апярэдзіўшы галоўнага фаварыта Андрэя Макарэвіча і пераможцу мінулага туру — гурт «Пудынг».

«Натуральна, што мы сачылі за разьвіцьцём падзеяў у чарце на „Тузіне“. Гэта наогул першы гіт-парад для нашага гурта. Таму вельмі прыемна перамагчы», — кажа Павал Булатнікаў. Падчас галасаваньня ён аддаваў свае галасы за песьню «Сьнег» Андрэя Макарэвіча і «Конрада Валенрода» Tonqixod. З новай беларускай музыкі франтмэну гурта Trubetskoy таксама вельмі падабаецца гурт Mustelide — Павал хацеў бы бачыць іх таксама ў чарце на Tuzin.fm.

Trubetskoy толькі што вярнуўся з Эстоніі, дзе выступаў на Tallinn Music Week. Беларусаў прынялі вельмі прыязна. Пасьля выступу гурт запрасілі на фэст у Латвіі, а таксама прапанавалі даць сольны канцэрт у Вільні. Па дарозе ў Менск музыкі запісалі на віленскай студыі некалькі новых песень. Неўзабаве будзе прэм’ера новага твору. Булатнікаў кажа, што шмат для каго кампазыцыя будзе сюрпрызам і запрашае ўсіх наведнікаў Tuzin.fm на вялікі сольны канцэрт 25 красавіка ў менскім Prime Hall.

У сувязі з канфліктам, выкліканым заявай Сяргея Міхалка гурт паступова замяняе старыя песьні «Ляпіса Трубяцкога» на новыя, уласнага аўтарства. Публіку ў гэтай сувязі музыкі страціць зусім не зьбіраюцца. Булатнікаў сьведчыць, што на канцэртах людзі падвяваюць і добра прымаюць новы матэрыял, таму асаблівых хваляваньняў у яго з гэтай нагоды няма.

Trubetskoy: «Мы заўжды ўсё роўна» (аўдыё)

Tuzin.fm