Праект «Тузін.Немаўля» прадставяць на «Лістападзе»
2144 / 1
25.10.2013

Праект «Тузін.Немаўля» прадставяць на «Лістападзе»

У межах кінафэстываля «Лістапад» адбудзецца прэзентацыя праекту «Тузін.Немаўля». Тры беларускія нямыя кінафільмы «Прастытутка», «Кастусь Каліноўскі» і «У агні народжаная» будуць паказаныя ў жывым музычным суправаджэньні гурта з Польшчы Ilo&friends, Сяргея Пукста і гурта Re1ikt.

Кожная з трох стужак уяўляе вялікі інтарэс для аматараў кіно. Сацыяльна-побытавая драма «Прастытутка» была зьнятая ў 1926 годзе і дзеліць разам зь фільмам «Лясная быль» статус першага беларускага кінафільма. Праз гісторыі трох жанчын у ёй распавядаецца пра тое, як змагаліся з прастытуцыяй у першыя гады савецкай улады. У цэнтры стужкі «Кастусь Каліноўскі» – асоба кіраўніка паўстаньня 1863 года. У прэсе таго часу фільм называлі «беларускім баевіком». Фільм «У агні народжаная» быў зьняты да 10-годзьдзя БССР. Ён дае ўнікальную магчымасьць паглядзець вачыма савецкіх прапагандыстаў на падзеі 1919-1920 гадоў, калі вялося змаганьне за незалежнасьць краіны.

Менавіта гэтыя фільмы былі абраныя для праекту «Тузін.Немаўля», у межах якога сучасныя музыканты ствараюць аўтарскую арыгінальную музыку да клясычных беларускіх нямых фільмаў.  Беларускамоўны гурт з Польшчы Ilo&friends агучыў фільм «Прастытутка», экспэрымэнтальны кампазытар Сяргей Пукст па-свойму асэнсаваў «Кастуся Каліноўскага», а вядучы пост-мэтал гурт краіны Re1ikt напісаў музыку да «У агні народжаная».

«Цікавасьць праекту ў тым, што музыкі ня проста суправадзілі фільм адвольнымі гукамі, а прапусьцілі гэтыя стужкі празь сябе і нават узялі на сябе смеласьць пракамэнтаваць з дапамогай музыкі тое, што адбываецца на экране. Таму гэты паказ можна разглядаць не як звычайную рэтраспектыву, а новы актуальны арт-праект», - кажа кіраўнік праекту «Тузін.Немаўля» Сяргей Будкін.

Усе тры фільмы прадстаўлены для паказу Дзяржфільмафондам Расеі, а гэта значыць што яны будуць дэманстравацца на кінастужцы такім жа чынам, як і больш чым 80 год таму.

Праект «Тузін.Немаўля» у межах кінафестываля «Лістапад». Клясыка беларускага кінематографа з арыгінальнай аўтарскай музыкай сучасных гуртоў. 3 лістапада (нядзеля). Мінск. Кінатэатр «Перамога» (вул.Інтэрнацыянальная, 20)

17.00 – фільм «Кастусь Каліноўскі» (1927) агучвае Сяргей Пукст

19.00 – фільм «Прастытутка» (1926) агучвае гурт Ilo&friends (Польшча)

21.00 – фільм «У агні народжаная» (1929) агучвае гурт Re1ikt

Квіткі папярэдне можна набыць у касах кінатэатра. Кошт квітка – 25 000 руб. Тэлефон для даведак: 2037766

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    31.10.2013 / 14:06

    Падзея выключная, бо ўсіх разам удзельнікаў праекту сабраць разам на адной сцэны ды яшчэ і ў адзін дзень практычна нерэальна. Наўрад ці падобнае паўторыцца яшчэ калі.

  • КАМЕНТАВАЦЬ