!OUT: Песьні беларускіх габрэяў выдадзеныя ў ЗША (аўдыё, відэа)
3470 / 0
10.04.2015

!OUT: Песьні беларускіх габрэяў выдадзеныя ў ЗША (аўдыё, відэа)

Нью-ёрскі квінтэт Litvakus запісаў першую ў Амэрыцы кружэлку з традыцыйнай музыкай беларускіх габрэяў. Альбом упадабалі Джон Зорн і Фрэнк Лёндан, а сам гурт ужо называюць «акустычным Gogol Bordello». Кіраўнік ансамблю Зьміцер Сьляповіч праз Tuzin.fm прадстаўляе сваю працу беларускаму слухачу.

Зьміцер Сьляповіч — вядомы дасьледчык музычнай спадчыны беларускіх габрэяў. У Менску ён стварыў гурт Minsker Kapelye — бадай што самы вядомы калектыў клезьмерскай музыкі, па ад’езьдзе з краіны Зьміцер працягнуў займацца сваёй улюбёнай справай — аднаўленьнем музыкі літвакоў, г. зн. габрэяў, якія жылі на нашых землях у розныя часы. У Нью-Ёрку ён заснаваў новы гурт, які завецца Litvakus. Толькі што квінтэт запісаў альбом «Raysn: The Music of Jewish Belarus», якім засталіся задаволеныя такія зоркі клезьмеру й авангарду як Джон Зорн і Фрэнк Лёндан. Адначасова амэрыканскія экспэрты параўноўваюць Litvakus з Gogol Bordello. У інтэрвію Tuzin.fm. Зьміцер Сьляповіч распавёў пра разынкі новага праекту, сакральную геаграфію, пра жалейкі Тодара Кашкурэвіча й вайсковыя парадкі ў музычным асяродку Нью-Ёрку.

ТГ: Зьміцер, вось ужо мінула амаль 7 гадоў, як Вы зьехалі зь Беларусі. Чым адрозьніваецца ў шырокім сэнсе слова клімат у Менску й Нью-Ёрку?

Зьміцер Сьляповіч: Як на Марсе й на Зямлі! Гэта іншая рэчаіснасьць. Любыя параўнаньні будуць некарэктнымі.

ТГ: Але перавагаў для Вас там больш?

Тут усяго больш. Гэты горад, які пасылае чалавеку шмат выпрабаваньняў на абсалютна прадметным, жыцьцёвым узроўні. Увесь час сябе адчуваеш, як у войску.

ТГ: У якім сэнсе?

Упаў — аджаўся! Хворы, ня хворы — нікога гэта не калыша. За табой стаіць чарга з паўсотні чалавек, якія могуць зрабіць тое ж, што й ты ня горш, і яны такія ж галодныя. Я граю, выкладаю ідыш, займаюся музычным тэатрам… Разам з тым, ёсьць, канечне, адчуваньне братэрства. Бо тут вельмі моцныя прафсаюзы. Музыкі аб’ядноўваюцца й адзін аднаго заўсёды падтрымліваюць.

ТГ: Чую, што Вы зусім не забыліся на беларускую мову.

Нядаўна мы гралі ў Беларуска-амэрыканскім задзіночаньні. У мяне яшчэ тут сябар ёсьць Зьміцер Левіт, які служыць ў Нацгвардыі й толькі па-беларуску размаўляе. Ён быў сябрам БНФ яшчэ ў 80-х.

ТГ: Адчуваецца, што Litvakus грае музыку менавіта беларускіх габрэяў ці нават шырэй — габрэяў Вялікае Літвы, старое Літвы, так званых літвакоў.

Так, гэта й ёсьць разынка праекту. Гэта музыка аднолькава належыць і габрэям, і беларусам, і палякам — усім, хто фармаваў вось гэтую шматкультурную прастору. Таму і пад беларускай музыкай я разумею ня толькі беларускую этнічную, а й усялякую, што рабілася ў Беларусі й атрымала ўплыў мясцовай традыцыі.

ТГ: Таксама ў альбоме прасочваецца своеасаблівая сакральная геаграфія — песьня пра Чашнікі, «Прапойская сюіта»… Дарэчы, што значыць «Райсн»?

«Райсн» — гэта «Беларусь» на ідыш. Слова «Райсн» паходзіць ад слова Русь, але фактычна Райсн — гэта частка габрэйскае Літвы. То бок, частка тэрыторыі ВКЛ паводле габрэйскае геаграфіі. Райсн накладаецца на мапу сёньняшняе Беларусі.

ТГ: Песьню «Хайка-жыдоўка» ў Севярына Квяткоўскага падслухалі? Па чутках, яна магла трапіць колісь у «Народны альбом».

Так, чуў і ў вэрсіі «Крамбамбулі» (у выкананьні Вольскага яна завецца «Карчомка», — заўвага ТГ). Справа ў тым, што ў кожнай традыцыі існуе нейкая рэакцыя мясцовае большасьці на меншасьць. Я ўпэўнены, што недзе будуць італьянскія песьні пра габрэйскую дыяспару ў Рыме ці ў Міляне, бо яна там стагодзьдзямі існавала. Маецца велізарны пласт польскага ды беларускага фальклёру пра габрэяў. Гэта ня толькі полечкі, а, напрыклад, такая рэч — «Як жыдоў дражнілі». Зразумела, што ў часы, калі стваралася песьня пра Хайку большасьць беларусаў ведала ідыш, хаця б на нейкім базавым узроўні. Бо часта ў мястэчках габрэі складалі большасьць, а ня меншасьць.

ТГ: Жалейка ў гучаньні вашае капэлі сталася вельмі добрай інавацыяй. Яна дадала яшчэ большае тутэйшае афарбоўкі.

Я граю на жалейках, якія адмыслова для мяне вырабіў беларускі майстар і дудар Тодар Кашкурэвіч. Гэты гук стаўся фірмовай маркай альбома, ягоным head-turner — то бок, тым, што прымушае людзей павярнуць галаву й спытацца: «Што гэта?»

ТГ: А якім чынам у трэкліст трапіў тыпова беларускі танец «Мікіта»?

З экспэдыцыйных запісаў. У Мазыры нейкі габрэй сьпяваў розныя танцавальныя найгрышы, менавіта сьпяваў. Калі дасьледчыца папрасіла яго агучыць тое, што выконвалася на габрэйскіх вясельлях, то ён засьпяваў «Мікіту». Калі ў мястэчку была адна прафэсійная капэля, то яна грала на ўсіх вясельлях. Як кажуць, сёньня — у Івана, заўтра — у Абрама. Рэпэртуар вельмі часта перасякаўся.

ТГ: У альбоме побач зь ідыш часта гучыць беларуская мова. У першую чаргу прыгадваецца сьпеў «Бацька-бацька»… Пра каго ён?

Гэта хасідзкі нігун. Яны сьпяваліся падчас вывучэньня Торы й былі маніфэстам веры ў хасідаў. Пра тэкст гэтага сьпеву, дарэчы, пісаў Зьмітрок Бядуля ў сваёй брашуры «Жыды на Беларусі» (1918). «Хатка будзе выстраена» — гэта значыць адбудуюць храм, што ляжыць у руінах у Ерусаліме. «Матка будзе выкуплена» — гэта значыць, народ будзе выкуплены зь няволі, з выгнаньня.

ТГ: Зь песьняй «Бывайце здаровы» пытаньняў не ўзьнікае. Яна мае прамое дачыненьне да габрэйскае кульуты, бо аўтар музыкі — Ісак Любан.

Ну, гэта як раз ня знак таго, што яна мае дачыненьне… Былі розныя людзі, якія фармальна паходзілі з габрэйскага народу, але ніякім чынам не датычыліся да ягонае культуры, а наадварот рабілі ўсё, каб яе пахаваць, як мага хутчэй.

ТГ: Вы натхняліся вэрсіяй «Бывайце здаровы» з альбома «Я нарадзіўся тут»?

Так, я ведаў пра гэтую песьню з даўніх часоў. І ў нью-ёрскім мэтро, пакуль езьдзіў на працу, паціху пераклаў беларускі тэкст на ідыш.

ТГ: У ЗША Litvakus называюць «акустычным Gogol Bordello». Ці пасуе такое параўнаньне?

А чаму ж не?! У Gogol Bordello грае мой аднакашнік — Паша Неўмяржыцкі, акардэаніст. Памятаю, калі ён толькі прыехаў у Амэрыку, мы зь ім сустрэліся ў кавярні ў Нью-Ёрку. Я іх усіх добра ведаю. Яны фантастычныя музыканты! Мяркую, што гэтае параўнаньне даволі ёміста адлюстроўвае тое, што мы граем. Мы насамрэч робім гэткі акустычны панк-фольк. Я лічу, што нашая місія прынесьці гэтую музыку ізноў у сьвет, каб пад яе танчылі, каб яна гучала ў доме ў адпаведным нашаму пакаленьню выглядзе. Да прыкладу, як мае калегі са «Старога Ольсы» — яны зрабілі мэдыевальную музыку даступнай для маладых людзей.

ТГ: Вашую кружэлку «Raysn» сапраўды можна лічыць першым у Амэрыцы альбомам беларуска-габрэйскай музыкі?

Я ўпэўнены, што так. Але мяне гэта ня вельмі радуе, па шчырасьці. Беларуская й беларуска-габрэйская суполкі ў Нью-Ёрку — гэта нібыта схаваныя людзі, са схаванай ідэнтычнасьцю. Яны ня лічаць патрэбным акцэнтаваць сваё паходжаньне. Нават габрэйская музыка ў вялікі маштабе тут нікому не патрэбная. Так-так! Не зьдзіўляйцеся. Вы мяне правільна пачулі.

ТГ: Аднак цікава, што габрэяў — ураджэнцаў Беларусі, якія паўплывалі на амэрыканскую культуру даволі шмат.

Яны ж ня як беларусы паўплывалі. У тым і справа.

Паслухаць альбом Litvakus на Bandcamp          Афіцыйны сайт гурта

Віктар Сямашка, Tuzin.fm