Neuro Dubel на мяжы распаду
4739 / 3
13.04.2015

Neuro Dubel на мяжы распаду

Пасьля прэзэнтацыі альбому «На Марс!» далейшае існаваньне каманды з 26-гадовай гісторыяй аказалася пад пагрозай.

Трэба аддаць належнае вытрымцы музыкаў Neuro Dubel. Яны ўсё ж адыгралі заяўлены канцэрт у 2-х аддзяленьнях зь нязначнымі скаротамі. Пасьля першай часткі сытуацыя яшчэ не падавалася катастрафічнай: «Шкада, што новыя творы прагучалі ня так, як хацелася б, але цяпер будзе лягчэй, старыя песьні выцягнем», — больш-менш бадзёра заяўляў у перапынку Юры Наўмаў. Цягам другога аддзяленьня Кульлінковіч канчаткова згас. Лідэр «дзюбелей» займаўся сам арганізацыяй усяго канцэрту і рэальна выпетрыўся. Хваляваньне і стому заглушыў алькаголем ды не разьлічыў. Цягам усяго выступу музыка забываў і ўзгадваў словы, падаў і ўставаў, зьнікаў і знаходзіўся. Былі моманты, калі яго гурт некалькі разоў спыняў канцэрт. Пад канец вечару да мікрафона выйшаў бубнач Андрэй Сьцепанюк, які абвесьціў, што ён у рок-н-роле ўжо 33 гады, зь іх 24 аддаў гурту Neuro Dubel. Публіка ўспрымала пазытыўна тое, што адбывалася на сцэне: вядомыя песьні падхопліваліся імгненна, пару раз Кульлінковіча насілі на руках па залі і любоўна вярталі на сцэну, і ня кожны зразумеў што Сьцепанюк толькі што фактычна разьвітаўся з гуртом, а музыкі далей граць ня ў змозе. Хіба толькі на заўчасным «бісе» стала ясна — гэты выступ для Neuro Dubel наогул можа быць апошнім.

На наступны дзень Кульлінковіч папросіць прабачэньне праз Facebook: «Даруйце ўсе, хто можа дараваць. Тое, што адбылося ўчора, завецца жорсткім порна. Нельга ўсё рабіць аднаму. Гэта я апраўдваюся. Хаця і няма мне дараваньня. Магчыма, Юра скажа мне, як некалі даўно ў Маскве: „я з табой да канца“. А можа ўжо ня скажа. Астатнім „дзюбелям“ мне сорамна тэліць і я ня ведаю, што ім сказаць. Мае музыкі паводзілі сябе як героі, а я як быдла. Скачыце на маіх костках. Дохлы леў…» Зрэшты, абсалютная большасьць камэнтароў сьведчыць пра тое, што ніхто крыўды на музыку не трымае і выбачацца яму няма за што.

Удзельнікі каманды пакуль між сабой не стэлефаноўваліся і сытуацыю не абмяркоўвалі. Але ўсе яны гатовы размаўляць дзеля таго, каб уратаваць гурт ад распаду. Бубнач Андрэй Сьцепанюк у тым ліку. «Яшчэ да ўчора я быў катэгарычна настроены, — сказаў ён у камэнтары для Tuzin.fm. — Раней ці пазьней гэта мусіла адбыцца. Да мікрафона падчас канцэрту я выйшаў, каб пакінуць па сабе ўспамін, бо мне падалося, што мы разам больш не зьбярэмся. У мяне падчас выступу было такое адчуваньне, што зь мяне сьцягнулі нагавіцы і я сядзеў за бубнамі з голым чэлесам, так ганебна яно выглядала. Мы спыняліся не таму, што не хацелі граць, а таму што не маглі — калі вакаліст блытае куплеты, ня робіць паўзы, дзе належыць, забывае словы, то акампанімэнт развальваецца. Таму і было такое жаданьне — кінуць і сысьці. Цяпер, калі я пачытаў злобныя камэнтары, разумею, што наш гурт камусці патрэбны. Горш было б, каб ніхто нічога не заўважыў і не напісаў. Таму я разьлічваю, што мы будзем працягваць граць разам. Ёсьць гурты, якія проста ня маюць права распадацца. Хоць я прызнаюся, што мне страшна будзе выходзіць на сцэну. Гэта як з аварыяй, калі баісься пасьля зноў сядаць у аўто…» 

Найбліжэйшы заяўлены канцэрт Neuro Dubel дае 30 красавіка ў менскім клюбе «Графіці» і 1 траўня ў Вільні, у межах фэсту Belarus Alternative. Tuzin.fm спадзяецца, што ўдзельнікі гурта паразумеюцца між сабой і стануць працаваць з новай сілай.

Яшчэ: Neuro Dubel. Марс наш! (аўдыёпрэм’ера)

Сяргей Будкін, Tuzin.fm, фота з канцэрту Аляксандра «Tarantino» Ждановіча

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    13.04.2015 / 22:33

    У Кульлінковіча здарыўся мікраінсульт. Жадаем лідэру ND хутчэй выздаравець і берагчы сілы.

  • Ягор / адказаць
    14.04.2015 / 17:47

    Усё будзе добра!
    Хлопцы мы вас любім! Вы нам патрэбны!

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    19.04.2015 / 15:55

    Усё добра, што добра сканчаецца. Кульлінковіч напісаў на сваёй старонцы ў FB:

    "Жизнерадостный привет! В мире живых и прямоходящих! Здоровье мое, почти богатырское! И диагнозы и прогнозы оказались слегка преувеличены. Будем работать и идти вперед. Спасибо всем, кто поддержал, извините те, кого обидел, подвел и опечалил. Вспоминаются поговорки, в которых народная мудрость. Под лежачий камень вода не течет. Собака лает- караван идет. Назвался груздем- сиди и не пи--и)). Будем готовить новые выступления, на которых все будет свело и правильно. Жаль, что презентация такого дорогого альбома получилась такой страшной. Но, жизнь есть жизнь. И Слава Богу, что она есть. А вот альбом классный! На Марс! Скоро, возможно даже сегодня он появится на сайте www.neurodubel.com. У кого есть возможность, отблагодарите группу, у кого такой возможности нет, качайте бесплатно))"

  • КАМЕНТАВАЦЬ