Напалову задаволены. Моўчан атрымае ад Naka 50 базавых замест 100, якіх прагнуў
2967 / 1
18.04.2015

Напалову задаволены. Моўчан атрымае ад Naka 50 базавых замест 100, якіх прагнуў

17 красавіка пастаўлена кропка ў судовай справе па пазове кампазытара Алега Моўчана супраць сьпявачкі Насты Шпакоўскай і гурта Naka.

Год высьветляньня адносінаў, восем сустрэчаў і шэсьць паседжаньняў у судзе, блізу 200 старонак справы, — у Вярхоўным судзе ўрэшце вынесьлі прысуд па справе, якой не было прэцэдэнту ў практыцы абароны аўтарскіх правоў у Беларусі. Сваё рашэньне судзьдзя Іна Цысік чытала 40 хвілінаў. Кампазытар Моўчан абурыўся фактам выкананьня гуртом Naka песьні «Малітва» на словы Янкі Купалы. Ён яе пісаў для Мулявіна, а Шпакоўская безь ягонай згоды перапрацавала твор для праекту «Re:Песьняры», каб ушанаваць Мулявіна і Купалу. Праект задумаў і ладзіў партал Tuzin.fm, але супраць арганізатараў кампазытар пайсьці ня даў рады — вырашыў адпомсьціць праз музыкаў. Акрамя вакалісткі гурта падчас разгляду справы па хадайніцтве адваката Моўчана Аляксея Самусева ў якасьці суадказчыкаў былі таксама прыцягнутыя музыкі гурта на той час — басіст Аляксей Паўловіч, гітарыст Сяргей Шчурко і бубнач Зьміцер Харытановіч. Былы клявішнік «Песьняроў» патрабаваў кампэнсацыю ў 18 мільёнаў рублёў плюс пакрыцьцё судовых выдаткаў у памеры 8 мільёнаў і сплату дзяржаўнай пошліны ў памеры 900 000 рублёў.

Наста Шпакоўская пры падтрымцы кіраўніка Tuzin.fm Сяргея Будкіна вырашыла трымаць абарону і падала пазоў у адказ — аб устанаўленьні аўтарскіх выключных правоў на «Малітву», якія заяўляў Моўчан. Сапраўды, зьвесткі пра яе аўтарства супярэчлівыя, да ўсяго кампазыцыя выглядала на «службовы твор», а значыць не магла цалкам належыць канкрэтнай асобе. Фактычна Моўчан ствараў гэтую песьню на задуму Мулявіна і пры яго ўдзеле ў складзе дзяржаўнага ансамблю, дзе знаходзіўся на афіцыйным заробку, для праграмы «Голас душы», якая фінансавалася дзяржавай. Дакумэнтальныя сьведчаньні гэтаму былі знойдзеныя і прадастаўленыя ў судзе. У некаторых крыніцах за аўтара наогул быў пазначаны толькі Мулявін. Тое, што «Малітву» Моўчан ствараў разам з Мулявіным пацьвердзіла адна зь сьведак на працэсе — Тацяна Моўчан, ягоная жонка на той час. Для суду гэтых довадаў апынулася замала — Моўчан прынес больш папераў. У тым ліку ўласна зь дзяржаўнага ансамблю «Песьняры» (Шпакоўская настойвала якраз на прыналежнасьці твору «Малітва» да спадчыны БДА «Песьняры»), які ня выказаў якіх бы там ні было правоў на дадзеную кампазыцыю. Суд прыняў рашэньне ў задавальненьні сустрэчнай позвы адмовіць, а саму позву Моўчана задаволіць часткова.

Памер кампэнсацыі, якую Моўчан патрабаваў спагнаць з гурта Naka Вярхоўны суд палічыў завышанай і задаволіў толькі напалову. Такім чынам, замест заяўленай сумы ў 100 базавых велічынь, адказчыкі маюць сплаціць 50 базавых. Агульная сума, якую хацеў Моўчан уключна з аплатай усіх ягоных судовых выдаткаў складала 26 900 000 руб., атрымае ён па выніку 14 450 000 руб. Судовыя выдаткі разьмеркаваныя ў розных ступенях сярод суадказчыкаў, але таксама цалкам незадаволеныя ў гэтай частцы. Такім чынам, з Шпакоўскай спаганяюць 5 780 000 руб., з Паўловіча, Шчурко і Харытановіча — па 2 890 000 руб. з кожнага. Прысутныя ў судзе з гэтай нагоды нават пажартавалі наконт Моўчана — напісаў песьню напалову, палову і атрымаў.

Алег Моўчан адразу пасьля суду журналістаў абмінуў. Адзначыў толькі ў камэнтары БелаПАН, што рашэньнем задаволены. Пра сваю задаволенасьць вынікам працэсу журналістам сказала і Наста Шпакоўская — найперш таму, што гэтая справа скончылася. Аспрэчваць рашэньне сьпявачка не зьбіраецца.

Завадатар праекту Сяргей Будкін пракамэнтаваў рашэньне наступным чынам: «Мэта праекту „Re:Песьняры“ ня спраўдзілася — паказаць пераемнасьці пакаленьняў не ўдалося, таму што пакаленьні між сабой, аказваецца, ніяк не зьвязаныя і дамовіцца паміж сабой ня ў стане нават адносна такіх рэчаў, як песьня „Малітва“. Калі задумацца, за што быў суд, то становіцца крыху страшна за будучыню нашай культуры, музыкі і краіны. Мне шкада кампазытара Моўчана, які толькі што сваімі рукамі закапаў спадчыну „Песьняроў“ у зямлю. Мае спачуваньні тым, для каго „Песьняры“ і песьня „Малітва“ нешта значаць. Слухайце запісы ў архівах».

Алег Моўчан у найбліжэйшы час мае расказаць пра свой досьвед у абароне аўтарскіх правоў на сэмінары пад назвай «Поднимайся, вставай! За музыку!». А Наста Шпакоўская разам з гуртом Naka рыхтуе да выданьня цалкам беларускамоўны альбом пад працоўнай назвай «Мая малітва».

Аўдыёзапіс прысуду з залі Вярхоўнага суду можна паслухаць цалкам па гэтай спасылцы (якасьць палепшана).

Tuzin.fm, фота belapan.com, Радыё Свабода

КАМЕНТАРЫ:

  • vk20 / адказаць
    20.04.2015 / 18:55

    За что ни возьмись, все уже поделили. Кто на нефтянке сидит, кто харчами ворочает. Кто к наследию Песняра присосался... Попробуй шевельни, сдвинь с места. Ничего личного - только "бизнес". Несчастная страна.

  • КАМЕНТАВАЦЬ