Экспэрт Tuzin.fm Аляксандар Чарнуха: «Музыкаў любяць не за мову»
2155 / 0
21.04.2015

Экспэрт Tuzin.fm Аляксандар Чарнуха: «Музыкаў любяць не за мову»

Рэдактар Ultra-Music цягам месяца слухаў удзельнікаў чартаў на Tuzin.fm і падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад пачутага і ўбачанага.

Я ніколі не сартаваў музыку па моўным прынцыпе: калі твор напісаны беларусамі ў Беларусі, гэта ўжо беларуская музыка. Моўнае пытаньне — гэтая іншая справа: можна найпрыгажэйшую мэлёдыю спаскудзіць жудаснай беларускай мовай, ці наадварот — нягеглы ў музычным пляне твор аздобіць выдатнай ангельскай. Гэта, як мне падаецца, пытаньне густу. Нельга любіць нейкі гурт толькі за тое, што ён сьпявае па-беларуску, ці ня любіць за тое, што музыкі добра не валодаюць роднай мовай. Гэта цалкам ідэалягічнае пытаньне, а мы добра ведаем, што бывае з тымі, хто з музыкі пераўтвараецца ў трыбуна.

Я чаму гэта ўсё пішу? Чарты, у якіх прадстаўлены выключна беларускамоўныя творы, не адлюстроўваюць рэальнае становішча беларускай музыкі. Зь іншага боку цікава паназіраць за вось гэтым зрэзам, паслухаць тых музыкаў, што не праходзяць праз агульнае сіта, але займаюць добрыя пазыцыі ў гіт-парадзе «Тузіна». Не, вы не падумайце, я ня супраць — проста не люблю стылістычныя, моўныя і любыя іншыя абмежаваньні. Яны выбудоўваюць пэўныя камунікацыйныя бар’еры, якія варта ўжо даўно разабраць на камяні.

За першае месца ў гіт-парадзе вялася сур’ёзная барацьба. Прычым гурт «Пудынг», які, на мой погляд, павінен быць унізе сьпісу бадзёра адбіваўся ад выдатнай кампазыцыі «Малады М.» аднаго з найцікавейшых беларускіх музыкаў Яўгена Кучмейны. Кампазыцыя «Зіма» — гэта шаблённы вакал з прадказальным і невыразным музычным аздабленьнем, і, шчыра кажучы, я б ніколі ня стаў слухаць гэты трэк цалкам. Тым ня менш, сярод удзельнікаў гіт-параду ёсьць прыкметныя творы, на якія трэба зьвярнуць пільную ўвагу: гэта і цудоўны трэк гурта TonqiXod «Конрад Валенрод» — адзін з самых удалых на дэбютніку «Pradmova», і пранізьлівы «Сьнег» Андрэя Макарэвіча, і «Вясна прыйшла» ад «Песьняроў» — эстрадны фольк, выкананы на высокім узроўні.

Чатыры гэтыя кампазыцыі можна вылучыць з асноўнай массы. Астатнія — гэта ня вельмі якасныя прыклады. Да прыкладу, «Горад» гурта Trubetskoy зусім невыразны і не запамінальны, як і пакуль што ўся творчасьць паловы «Ляпісаў». Тое ж можна сказаць і пра «Нагуаль»: «Маладзік удалы» — трэк без разьвіцьця, даволі манатонны і млявы. Невядома, куды падзеўся былы запал гурта.

Ну, і асобна хацелася б сказаць пра Znich, які ўжо даўно выкрасьліў сябе зь лідэраў беларускага мэталу. З такім прадакшнам музыкам няма чаго лавіць у сьвеце маладых і дзёрзкіх.

З музычным відэа ў Беларусі заўсёды была бяда. Мне падаецца, што беларускія музыкі ня ставяць перад сабой задачу прыцягнуць увагу гледача, а неяк акрэсьліць межы эстэтыкі сваёй творчасьці. Праз гэта мы атрымліваем мноства манатонных, падобных адна да адной відэазамалёвак, якія ніколі ня будзе глядзець чалавек, дагэтуль не знаёмы з працамі гурта ці выканаўцы. Прыемныя выключэньні ў відэачарце — «Наша возьме» майго любімага гурта Brutto і, зразумела, абсалютны лідэр (на мой погляд) «дзясяткі» «As Bas» — у Irdorath атрымаўся відовішчны, захапляльны кліп на вельмі высокім узроўні. Гэтае відэа хочацца глядзець не адзін і ня два разы. Малайцы!

З альбомнага чарту я магу вылучыць чатыры цудоўныя працы: альбом «Гарадзенскі гармідар» лідэра гіт-параду Dzieciuki, выдатны трэці альбом Akute, мінулагодні фолькавы лідэр «Rajok» і, зразумела, сольнік Лявона Артуравіча Вольскага, які я шмат крытыкаваў летась. Крытыкаваў, таму што ведаю: Вольскі можа нашмат лепей!

І напрыканцы хвілінка сэнтымэнтальнасьці. Я вельмі люблю Tuzin.fm і вельмі паважаю тую справу, якую робіць каманда гэтага парталу. Хочацца, каб на гэтую справу зьвярталі нашмат больш увагі. Зь нічога можа атрымацца только нічога, а любая, нават самая маленькая творчая майстэрня можа з часам стаць вялікім рухавіком нашай культуры. 

Аляксандар Чарнуха, для Tuzin.fm

Экспэрт ТГ Аляксандар Чарнуха нарадзіўся ў 1988 годзе ў Барысаве. Скончыў Інстытут журналістыкі БДУ па спэцыяльнасьці «Друкаваныя СМІ». Супрацоўнічаў з шэрагам буйных беларускіх выданьняў. З лістапада 2010 году рэдактар парталу Ultra-Music. З 2013 году штатны экспэрт праекту Experty.by. З 2015 году аглядае музыку на партале Onliner.by.