!OUT: новая Essa — у ракаўскім ангары з жалезнай бляхай (прэм’ера!)
4723 / 0
25.04.2015

!OUT: новая Essa — у ракаўскім ангары з жалезнай бляхай (прэм’ера!)

Этна-гурт Essa прэзэнтуе на Tuzin.fm першую частку свайго альбома — вялікую кампазыцыю «Няміга».

Запіс гэтага паўгадзіннага твору адбыўся ў нізенькай хатцы на ўскраіне мястэчка Ракаў, дзе цяпер жывуць стваральнікі гурту Тодар Кашкурэвіч і Вольга Дзядовік. Матэрыял гучыць насколькі авангардова, настолькі й архаічна, з поўным паглыбленьнем у дахрысьціянскую мінуўшчыну. Тодар замяніў ім жа колісь рэканструяваную дуду на мэталічную бляху са смычком ды іншыя самаробныя інструмэнты, а голас Вольгі літаральна прабірае да костак. Аўтар гэтага артыкулу выправіўся на месца падзеяў — у Ракаў, каб пагутарыць зь незвычайным дуэтам.

МЕНСК і РАКАЎ

ТГ: Як так сталася, што вы пакінулі Менск, дзе жылі доўгі час, і атабарыліся ў Ракаве? Яшчэ больш дзіўна, што там, у горадзе, вы займаліся рэканструкцыяй фальклёру, а тут, у вясковай хаце, раптам захапіліся нейкім пост-індастрыелам?

Тодар: Па-першае, трэба падкрэсьліць, што мы прынцыповыя гараджане ды імі застаемся. З аднаго боку, дзіўным чынам мы як гараджане пачалі займацца этнічнай музыкай і дасягнулі пэўных посьпехаў у гэтым кірунку. А зь іншага боку, мы прайшлі школу мастацкага авангарду. І такім чынам атрымалася, што этнічная музыка для нас — гэта ня проста нейкае рэканструктарства вясковага жыцьця, а вельмі сучасная музыка. Гэта нашае. Мы жывем гэтай музыкай. Пераехаўшы ў Ракаў, гэтае жыцьцё з музыкай стала для нас рэальным.

Вольга: Мне здаецца, што праўдзівы музыка заўжды жыве з музыкай. Ня важна, зь якой — з джазам, з рокам ці з фолькам. Калі чалавек не жыве з музыкай, а толькі рэпэтуе, адпаведным будзе й тое, што ён робіць.

ТГ: У Ракаве вы сябе адчулі вольнымі творцамі?

Вольга: Так, мы можам займацца музыкай у любы момант, калі ў нас ёсьць натхненьне.

Тодар: У Менску мы жылі ня надта прыстасавана — кватэры, падвалы, майстэрні… Мы сталі больш свабоднымі ад акалічнасьцяў гораду, ад суседзяў, вушэй, якія нас слухаюць.

АНГАР і БЛЯХА

ТГ: У вашым мінімалістычным сьпеўна-шумавым каляжы пад імем «Няміга» зусім няма дуды. Тодар, Вы зусім адклалі гэты, здаецца, асноўны для Вас інструмэнт у бок?

Тодар: Ня дай сабе засохнуць! Я буду граць на дудзе, толькі не засоўвайце мяне ў шуфляду! Як ні парадаксальна, я займаўся тут рамонтам ды знайшоў жалезную бляху, якая апынулася шыкоўным адмысловым музычным інструмэнтам — і смыком, і пэркусійна можна на ёй граць.

Вольга: Калі мы яшчэ сюды толькі засяліліся, у нас быў пэўны творчы крызіс. Старая форма ўжо ў чымсьці не задавальняла й пераходзіла ў стан звыкласьці, а хацелася натхненьня. І вось гэты мэталічны ліст зрабіў моцны пасыл. Спачатку мы яго прынесьлі ў хату, падвесілі папросту дзеля экспэрымэнту, пачалі сьпяваць у яго… А другім істотным момантам была яшчэ адна акалічнасьць. Аднойчы выгульваючы сабаку, мы ўпершыню зайшлі ў ангар, які перад тым некалькі гадоў нас вельмі засмучаў. Ён бачны з нашага агароду — ніякае вясковае рамантыкі, постындустрыяльны пэйзаж. Але выявілася, што ўнутры гэтага ангара ня проста цікава, там тырчыць дрот, там…

Тодар: Жалеза, арматура, рэйкі…

Вольга: Галубы… Усё, што хочаш! Было настолькі цікава, што мы паспрабавалі прыйсьці туды з інструмэнтамі ды зайграць, што прыйдзе ў галаву й ня важна што. І фактычна «Няміга» нараджалася вось з гэтага «ня важна што».

НЯМІГА й МЭТРО

ТГ: Але запіс «Нямігі» адбыўся ўсё ж у вашай хаце?

Вольга: Так. Да нас прыехаў вельмі цудоўны гукарэжысэр Эльдар. Ён працаваў з намі тры дні. Усё прайшло на адным дыханьні. Увогуле, імя «Няміга» — як мне здаецца, лепшае, што можа праяўляць менскі чалавек. Бо гэта балцкае слова, якое абазначае бяссоньне. Нашая ідэнтычнасьць, нашыя продкі, тое, што было — гэта ўсё ў нас, але яно глыбока, як гэтая рака Няміга. І ў той жа час яна пасярод Менску, нашае сталіцы. І яе фактычна няма, гэта фантом. То бок, праўда ёсьць, і яна ня сьпіць.

ТГ: Невыпадкова твор пачынаецца й сканчаецца гукам Менскага мэтрапалітэну. Падземка ж па-свойму таксама даволі містычная зьява.

Тодар: Для Менску мэтро — гэта сымбалічная рэч. Тым больш, у кантэсьце Нямігі, якая таксама цячэ ў трубе. Мы перасоўваемся таксама ў трубе. Мы жывем у гэтай трубе са сваёй старажытнейшай традыцыяй, будучы гараджанамі. І вось гэтая духоўнасьць у такой жорсткай сытуацыі — з жалезам, з рэйкамі, з мэтро, машынамі, тралейбусамі… Для нас сталася важным рэалізоўваць сваю духоўнасьць не на мінус, а на плюс. Фальклёр — гэта вельмі сучасная рэч і бясчасавая. Яна заўсёды сучасная, таму што не ўпісаная ў гісторыю. Чаму авангардысты пачатку 20 стагодзьдзя, сярэдзіны й канца ўспрымалі этнічныя формы мастацтва як сучасныя? Пікаса, Матыс, Ван Гог… Гэта стала штуршком для новага бачаньня сьвету!

Кампазыцыя «Няміга» — гэта першая частка дэбютнага альбома гурту Essa, які пабачыць сьвет сёлета. Другой часткай кружэлкі стане супольны пэрформанс, праведзены летась у тым самым ракаўскім ангары зь літоўскімі музыкамі — саксафаністам Петрасам Вішняўскасам, дударом Гвідасам Каверам і пэркусіяністам Рыцісам Камічайцісам — і двума дзецьмі з Ракава. Яшчэ маецца матэрыял з канцэрту ў такім жа шырокім складзе Essa, што прайшоў ў малой залі к/з «Менск». Альбом дапоўняць таксама рэміксы ад электроншчыкаў зь Беларусі, Літвы й ЗША. Магчымыя й відэабонусы. Вокладка будзе аздобленая графічнымі працамі бацькі Тодара — Арлена Кашкурэвіча. Чакайма на рэліз!

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, скарыстанае фота Stigmata.name