Angst: «Дзякуй, што арганізавалі прыемнасьць» (+прэм’ера трэку!)
2960 / 1
01.06.2015

Angst: «Дзякуй, што арганізавалі прыемнасьць» (+прэм’ера трэку!)

Пераможца 14-га туру на Tuzin.fm вырашыў зрабіць падарунак усім, хто штодня аддаваў галасы за яго песьню «Няма каханьня», ды прэзэнтаваў новы трэк — «Баю-баю» з рэспэктам улюбёнай песьні дзяцінства.

«Будзе крывадушшам заявіць, што месяц знаходжаньня трэку „Няма каханьня“ ў сеціве і на „Тузіне Гітоў“ адзначыўся зусім ужо нечаканай перамогай. Здаўна вядома, што адказныя сябры і сябры сяброў могуць арганізаваць падобную прыемнасьць кожнаму выканаўцу», — зазначыў з нагоды перамогі ў нашым чарце Angst. Яго тэма «Няма каханьня» дэбютавала ў 14-м туры і адразу ж узьнялася на першае месца, дзе і знаходзілася ўсе два тыдні галасаваньня. Пераможца кажа, што сачыў за галасаваньнем з інтарэсам: «Хацелася б падзячыць прыхільнікам гуртоў „Ілюжан“ і „Пудынг“ за пэўны дух суперніцтва. Сам жа стараўся падтрымліваць голасам і песьні TonqiXod, Андрэя Макарэвіча ды шыкоўнага „.К“».

З нагоды перамогі Angst вырашыў зрабіць падарунак тым, каму яго дэбютная песьня прыйшлася даспадобы, і прэзэнтаваць новы трэк. Які, зрэшты, ён сам лічыць ужо старым. «Трэк ужо заляжаўся ды выпаў з бачаньня агульнай канцэпцыі альбома, над якім цяпер вядзецца праца. Але пры гэтым ня страціў сваёй чароўнасьці. Песьня мае назву „Баю-баю“, яна зьяўляецца пэўнай рэфлексіяй на тэму асэнсаванага працягненьня роду, калі выяўляюцца фактары, што замінаюць гэтаму».

Прэм’ера трэку на канале Tuzin. Streaming_Belarus на Soundcloud

Невыпадкова, дарэчы, рэпэр прызначыў прэм’еру песьні на 1 чэрвеня, Дзень абароны дзяцей. Мінус да «Баю-баю» зрабіў бітмэйкер Kurguz на аснове «Калыханкі» Данчыка згодна з ідэяй выкарыстаньня айчынных сэмплаў у рэп-музыцы, якая можа быць і рызыкоўнай на фоне нядаўніх разборак праз аўтарскія правы. «Адразу адзначу, што гэты ход ёсьць толькі спробай крыху здзьмуць пыл з арыгіналу, перадаўшы прывітаньне ўсім, хто памятае, як любімая песьня гучала па радыё», — зазначае Angst. Бэк-вакал для «Баю-бай» запісаў Алесь Кот-Зайцаў. Зьвядзеньне і майстарынг зрабіў Сяргей KamaZ.

Свой дэбютны альбом рэпэр Angst зьбіраецца паказаць да канца 2015 году.

Tuzin.fm 

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    08.06.2015 / 14:05

    Спыталіся ў Данчыка як яму гэты трэк. Вось яго адказ: "Prosta vydatna! I sama dumka i vykananne! Tseshusia, shto z mianie "krykhu pyl zdzmuli.!":)

  • КАМЕНТАВАЦЬ