«Сьвята на дваіх». Альбом дуэтаў ад Юрыя Несьцярэнкі (прэм’ера)
10923 / 0
26.06.2015

«Сьвята на дваіх». Альбом дуэтаў ад Юрыя Несьцярэнкі (прэм’ера)

Знаны бялыніцкі блюзмэн і гітарыст на сваё 50-годзьдзе прадстаўляе на Tuzin.fm альбом дуэтаў, у якім узялі ўдзел Пятро Ялфімаў, Ілона Карпюк, гурты «Крама» і «Палац».

Юры Несьцярэнка спраўляе 26 чэрвеня 50 гадоў. Выдатны беларускі гітарыст, аўтар песень, выдавец і пэдагог нарадзіўся ў вёсцы Прыбар, што ў Быхаўскім раёне на Магілёўшчыне. Музыкай займаецца з 1982 году, калі ён заснаваў гурт «Последний шанс». Падчас вучобы ў Інстытуце культуры стварыў гурт «Рок-транс-авто», удзельнічаў у полацка-менскім праекце «Тутэйшыя», перайграў у шэрагу магілёўскіх камандаў, а пры канцы 90-х усур’ёз заняўся сваімі сольнымі праектам. Адзін — блюзавай арыентацыі — завецца White Night Blues (заснаваны ў 1999 годзе), другі — больш рокавы — Nestarы band (паўстаў у 2005 годзе). За паралельнымі праектамі Юрыя ня ўсочыш. «Карцінкі Садовай вуліцы», Call-Toll-Free, «Мірнае мора» — гэта толькі некаторыя зь іх. Яшчэ Юры ствараў музыку для тэатральных пастановак, удзельнічаў у стварэньні альбому школьных песень, выдаваў фэнзін «Грыфаман», ладзіў канцэрты, фэстывалі і літаратурныя сустрэчы, пісаў вершы, перакладаў на беларускую паэзію Андрэя Макарэвіча (шмат у чым дзякуючы яму той і засьпяваў па-беларуску), даваў урокі ігры на гітары. І, канечне ж, сьпяваў. Зь ім лічылі за гонар зрабіць сумесную песьню вядомыя выканаўцы, і ён заўжды зь лёгкасьцю адгукаўся на прапановы запісаць песьню разам. У выніку і атрымалася «Сьвята на дваіх» — абраныя дуэты Несьцярэнкі з абсалютна рознымі беларускімі музыкамі, які выканаўца прадстаўляе да ўвагі слухачам Tuzin.fm.

Рэдакцыя Tuzin.fm. віншуе Юрыя Несьцярэнку зь юбілеем. І — яму слова.

З кожнай з гэтых песень зьвязаная свая маленькая гісторыя. Што запомнілася — тое і запісалася. Усе дуэты прасьпяваныя цягам прыкладна дзесяці гадоў. Хто хацеў, той паўдзельнічаў, — мы разам пастараліся зрабіць сьвята і для сябе, і для іншых.

ФОГЭРЦІ ДАЎ ДАБРО

Скажу адразу — песьня, на якую рабілі кавэр-вэрсію, — адзін з самых любімых музычных твораў майго дзяцінства і юнацтва. Хто толькі не выконваў яе ад пачатку 1970-х! Вось дажылі да стварэньня і нашай кавэр-вэрсіі, якая атрымала назву «Мару бачыць гэты дождж». Папярэдне былі запісаны партыі басу і акустычнай гітары. Усю астатнюю працу зрабілі практычна за адзін дзень у студыі Пятра Ялфімава. Вельмі прыемна было працаваць з сапраўднымі прафэсіяналамі!

З запісам увогуле пашанцавала. Праца ў кампаніі па продажы музычнай апаратуры час ад часу дапамагае мець доступ да эксклюзіўных інструмэнтаў. Напрыклад, бас у гэтай песьні запісаны на шыкоўным «Warwick». Усе партыі электрычнай гітары — на рэдкім «Fender Stratocaster», дзе выкарыстаны клён «Bird Eye». Але галоўнае — выдатнае гучаньне гэтых ды іншых гітар!

У беларускім варыянце для мяне было важна захаваць ня толькі асноўны сэнс тэксту песьні, але і фанэтычныя нюансы. Тут мае месца не пераклад, а хутчэй нешта кшталту «вольнага мастацкага пераказваньня» з увагай да прамаўленьня асобных фраз. Напрыклад:  «I know» — «ізноў»; «I want to know» — «я так даўно». Падкрэсьліваліся менавіта фанэтычныя адметнасьці песьні, без імкненьня зрабіць падрадковы пераклад.

З Джонам Фогэрці, аўтарам і музыкі, і тэксту, кантакт наладжваўся доўга, але ў выніку ён адобрыў нашу зь Пятром вэрсію прыкладна так: «Варыянт прыстойны і мае права на жыцьцё». Пасьля чаго падзякаваў за ўвагу да ўласнай  творчасьці і пажадаў плёну ў працы.

БЛЮЗ ЗЬ БЯЛЫНІЧАЎ

Мудры чалавек сказаў, што ўсё ў жыцьці бывае першы раз. Вось, напрыклад, першы сумесны канцэрт з гуртом «Крама» ў 2001 годзе. Па сутнасьці, гэта і была перадумова зьяўленьня песьні «Блюз белай ночы». Паэтка Ала Войлакава ў хуткім часе перадала аркушык з тэкстам, напісаным ад рукі. Што гэта будзе выдатная песьня, мне было зразумела адразу. І амаль тут жа ўзьнікла ідэя запісаць яе з «Крамай».

У якасьці гукарэжысэра, а таксама аранжаравальніка, выступіў гітарыст «Крамы» Сяржук Трухановіч — хто як ня ён разумее ўсе нюансы фірмовага «крамаўскага» саўнду?

У выніку, толькі што запісаная песьня трапіла да Зьмітра Падбярэзскага, той перадаў яе на «Тузін» у 2004 годзе. Калі пазьней быў гатовы альбом «Сьвята вялікіх дажджоў», Падбярэзскі параіў уключыць гэтую песьню як бонус-трэк. Таксама «Блюз белай ночы» трапіў на складанку «Прэм’ер-Тузін-2005» ды яшчэ некаторыя складанкі. І, нарэшце, заняў сваё законнае месца на гэтай кружэлцы.

ЗЬ ЛЁГКІМ БЕЛАСТОЦКІМ АКЦЭНТАМ

Так часам здараецца — ты пачынаеш адчуваць сябе кельтам, уяўляць друідам і раптам становісься бардам. У выніку ўдзельнічаеш у «Бардаўскай восені» на Беласточчыне ў 2009 годзе. Яшчэ бываюць супадзеньні — у межах фэстывалю заплянаваны выступ у адным канцэрце зь мясцовым гуртом Ilo & Friends. І ты ператвараесься ў сябра… Так прыгожа гучыць беларуская мова зь лёгкім беластоцкім акцэнтам! Не пазнаёміцца з вакалісткай проста недаравальна. На працягу размовы ўзьнікае папярэдняя дамова пра магчымасьць супрацы…

А неўзабаве, празь некалькі месяцаў, пасьля канцэрту ў Вільні, едзем у Варшаву і па дарозе завітваем да Беластоку. Пры сустрэчы вызначаемся з Ілонай, што выбіраем для сумеснага запісу песьню «Восеньскі мінор». Далей толькі застаецца дамовіцца з Лукашам Стэпанюком наконт працы ў яго на студыі «W. 19-65». Усё атрымалася :)

ВАНДРОЎКІ З ВОЛЯЙ

З Воляй Акуліч пачалі супрацоўнічаць у 2014 годзе. Стварылі супольную музычную праграму, дзе выконвалі ўласныя песьні. Мне было цікава працаваць зь яе матэрыялам, аранжаваць, прапаноўваць новае гучаньне. Карацей ствараць новае бачаньне песень Волі — больш вядомай як франтвумэн рок-гурта «Верасень».

Удзельнічалі ў канцэртах у Маладэчне, Пінску, Магілёве, Варшаве, Менску ды іншых гарадах. Вырашылі зафіксаваць пэўны этап сумеснай творчасьці студыйным запісам. Першай песьняй апынулася «Моўчкі засынай».

БУКЕТ ДЛЯ ДАШЫ

22-е чысло аднаго незабыўнага месяца недзе ў 2000-х. Канцэрт у Тэатры расейскага рамансу. Неўзабаве высьвятляецца, што ў прыгажуні-вакалісткі дзень народзінаў — аж 22 гады. Аднекуль з-за кулісаў зьяўляецца вялізны букет кветак, заля расчулена ўздыхае, музыкі граюць зь непадробным імпэтам…

Такія ўражаньні засталіся ад першага сумеснага канцэрта з Дашай Несьцярэнкай. І нікуды ўжо не падзецца — прыкладна такія ж уражаньні заставаліся заўсёды — ад многіх пазьнейшых сумесных выступленьняў. А Дашына песьня «Апошні дзень» нібыта прыцягнула і сабрала разам тыя прыгожыя і крышачку сумныя адчуваньні.

ЕДУЦЬ ДВА ВАЗЫ

На працягу 2006-га запісваецца альбом «Сьвята вялікіх дажджоў». Пасьля таго, як «Блюз белай ночы», запісаны з «Крамай», прайшоўся па розных гіт-парадах і шматлікіх радыёэтэрах, узьнікла наступная прапанова — запісаць «Дзьве сьлязы» з «Палацам». Ідэя была ў тым, каб зрабіць песьню больш у фолькавай манеры, дадаць аўтэнтычных інструмэнтаў, расьпеўных народных галасоў ці вясковую гутарку. Але ж Алег Хаменка сказаў — за аснову возьмем папярэднюю дэма-вэрсію, запісаную гуртом «Nestary Band». Маўляў, там усё добра, ніякай экзотыкі дадаваць ня трэба. У выніку Сяргей Трухановіч, у дадзеным выпадку — як гітарыст «Палаца», прапісаў гітару, Алег Хаменка — бэк-вакал, а Андрэй Хвісевіч — клявішныя. Усё астатняе запісалі музыкі гурта «Nestary Band».

COME!LOOK!

«Come!Look!». Хочацца суправаджаць такой фразай усё, што ні робіць у музыцы гэты чалавек. Калі чуеш нешта новае з яго ўласнай творчасьці, нельга не пазнаць ягоны гітарны стыль і своеасаблівае музычнае мысьленьне. З кім бы ён ні супрацоўнічаў — з гуртом «Эгаіст», зь Пятром Ялфімавым у праекце «Тры кіты», зь «Песьнярамі» ці «Сябрамі» — «Камлюк!» — адзначаеш на падсьвядомым узроўні. І вось жа так звычайна і бывае — калі Саша Камлюк бярэцца за твор, які, здаецца, перайначыць амаль немагчыма, у нейкі момант разумееш, што разбураюцца ўсе каноны і правілы. А пэрспэктыва для творчай фантазіі адкрываецца неверагодная. Так было і з аранжыроўкай «Сіндрома Вавілона». А Саша яшчэ далучыў да запісу адзін са сваіх гуртоў — «Пяты сэзон». У выніку атрымалася тое, што атрымалася, а дакладней — зусім новая вэрсія песьні! Якую якраз можна паслухаць на гэтым альбоме.

МІРНАЕ МОРА

Летам 2014 году пазнаёміліся з таленавітай аўтаркай і выканаўцай Ірай Снапковай. Песень у яе аказалася вельмі шмат, і большасьць зь іх уражвалі закончанасьцю і дасканаласьцю. Дэбютны выступ адбыўся купальскай ноччу. Пасьля некалькіх далейшых сумесных акустычных выступленьняў увосень пачалі пісаць першую песьню на студыі. Новы праект назвалі «Мірнае мора». На дадзены момант плянуецца прэзэнтацыя сынглу з чатырма песьнямі. Адна зь іх мае назву «Паўхвіліны ад Марсу», і я з задавальненьнем прадстаўляю яе на гэтым альбоме як дуэт зь цікавай сьпявачкай.

САМЫ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНЫ ТРЭК

Песьня «Сьвята вялікіх дажджоў» не выпадкова трапіла ў нашу «гарачую дзявятку». Якія толькі выпрабаваньні не выпадалі на яе лёс — ад перакладу вершу на беларускую мову і статусу загалоўнай кампазыцыі аднайменнага альбома да выкарыстаньня ў тэатральных пастаноўках і выкананьня пэўнымі артыстамі на ангельскай мове. Але ж запісаў-такі майстар барабанаў Жэня Зьвераў у далёкім Казахстане новую вэрсію сваёй барабаннай партыі, пазапісвалі гітары-бас-гітары-клявішы ў Менску зь Лёшам Аўдацейкам. А як прасьпявала Натальля Алёхіна! Нават у легендарнай Нэшвільскай студыі, дзе рабілася зьвядзеньне, адзначылі яе вакал — і ў рэшце рэшт няблага зьвялі. Вось такі атрымаўся, так бы мовіць, інтэрнацыянальны трэк.

Усё выключна для паважаных слухачоў!

Юры Несьцярэнка, уступ Сяргея Будкіна, Tuzin.fm

СПАМПАВАЦЬ АЛЬБОМ «СЬВЯТА НА ДВАІХ» АДНЫМ ФАЙЛАМ З TUZIN.FM

Юры Несьцярэнка — альбом дуэтаў «Сьвята на дваіх»

1. Мару бачыць гэты дождж (Дж. Фогэрці, беларускі тэкст Ю. Несьцярэнкі). 3:36

Дуэт зь Пятром Ялфімавым.

2. Блюз белай ночы (Ю. Несьцярэнка — А. Войлакава). 3:34

«Крама» і Юры Несьцярэнка.

3. Восеньскі мінор (Ю. Несьцярэнка А. Беланожка). 4:25

Ілона Карпюк-Дамброўская і Юры Несьцярэнка.

4. Моўчкі засынай (муз. і сл. В. Акуліч). 3:50

Вольга Акуліч і Юры Несьцярэнка.

5. Апошні дзень (Д. Несьцярэнка, Ю. Несьцярэнка Д. Несьцярэнка). 3:38

Выконваюць Дар’я і Юры Несьцярэнкі.

6. Дзьве сьлязы (Ю. Несьцярэнка — В. Сьлінка). 4:02

Гурт «Палац» і Юры Несцярэнка

7. Сындром Вавілона (Ю. Несьцярэнка — А. Беланожка). 4:11

Юры Несьцярэнка і гурт «Season 5»

8. Паўхвіліны ад Марсу (І. Снапкова, Ю. Несьцярэнка — І. Снапкова). 4:32

Ірына Снапкова, Юры Несьцярэнка (праект «Мірнае мора»)

9. Сьвята вялікіх дажджоў (Ю. Несьцярэнка — Я. Салдаценка) 4:58

Дуэт з Натальляй Алёхінай