!OUT: Кароткая гісторыя беларускага бітбоксу (аўдыё/відэа)
2132 / 0
03.07.2015

!OUT: Кароткая гісторыя беларускага бітбоксу (аўдыё/відэа)

Першыя біт-бокс экспэрымэнты ў беларускай музыцы на пачатку 90-х і новыя героі ў гэтай плыні, экспэрымэнты зь беларускай мовай, найбольш выбітныя біт-бокс рэлізы і кліпы ў Беларусі — у новым выпуску !OUT Віктара Сямашкі.

Бітбоксэрскі рух у Беларусі пару гадоў таму дасягнуў піку, а цяпер неяк суцішыўся. Самы час, каб агледзецца… Tuzin.fm дасьледаваў недаўгую пакуль гісторыю айчыннага бітбоксу — майстэрства ствараць музыку пры дапамозе ротавае поласьці. Расповед пра першую суполку, першую школу, першы EP і першы бітбокс-кліп у рубрыцы !OUT.

ПЕРШЫЯ БЕЛАРУСКІЯ БІТБОКСЭРЫ

Для тых, хто ня ведае, бітбоксінг уяўляе зь сябе стварэньне рытмічна-мэлядычных малюнкаў пры дапамозе ўласнае ротавае поласьці і нічога іншага. Выглядае так, што першым у Беларусі элемэнты бітбоксінгу пачаў выкарыстоўваць вакальны бэнд Camerata, яшчэ напачатку 1990-х гадоў. Але менавіта як элемэнт гіп-гопу бітбоксінг у нашай краіне аформіўся адносна нядаўна — у 2004—2005 гадах. Піянэрам кірунку лічыцца Ягор «Ёгурт» Сяроў. А першы батл адбыўся ў межах менскага гіп-гоп-фэсту ў 2006 годзе.

ПЕРШАЯ БЕЛАРУСКАЯ БІТБОКС-СУПОЛКА

Дзякуючы ініцыятыве салігарчаніна Арсенія «Shane» Кугейкі (на загалоўным фота), у 2010 годзе паўстала беларускае аб’яднаньне бітбоксэраў — Beatbox Union Belarus. Сябры гэтае арганізацыі пачыналі з вулічных сустрэчаў, а потым перайшлі да больш сур’ёзных і рэгулярных акцыяў — фэстаў, батлаў, майстар-клясаў, чэмпіянатаў. Афіцыйная суполка ў VK сабрала інфармацыю пра 117 беларускіх бітбоксэраў і цяпер мае болей за паўтары тысячы падпішчыкаў. Суполка адмініструецца па-беларуску ды па-расейску. На ейнай сьцяне таксама маса аўдыё- й відэа-запісаў.

ПЕРШАЯ БЕЛАРУСКАЯ БІТБОКС-ШКОЛА

«Ты й ёсьць мУзыка» — пад такім лёзунгам 3 гады таму бітбоксэр Red Dog адкрыў школу бітбоксінгу RD-beats зь філіяламі ў Менску і Віцебску. Цяпер Павал «Red Dog» Аглушэвіч жыве ў Санкт-Пецярбурзе, займаецца арганізацыяй разнастайных шоў.

ПЕРШЫ БЕЛАРУСКІ БІТБОКС-МІНЬЁН

Ім можна лічыць рэліз з чатырох рэчаў «Minsk Underground Live Mix» зьмешчаны ў сеціве ў 2012 годзе тым жа Red Dog-ам. У міньёне ж гучыць чысты бітбокс без аніякіх дадаткаў, мантажу альбо накладаньняў. Поўнавартаснага лонгплэю пакуль ніхто з нашых бітбоксэраў не запісаў.

ПЕРШЫ БЕЛАРУСКІ БІТБОКС-КЛІП

Ролік быў зьняты ў Салігорску. У галоўнай ролі — Shane. Над карцінкай працаваў «КапканFilm». Кліп цалкам адпавядае стылю: просты, аскетычны, ляканічны, ёмісты, прытым з ідэяй і прывабнай энэргетыкай, альбо нават паэтыкай.

НОВЫЯ ГЕРОІ

За першымі бітбоксэрамі, народжанымі на самым пачатку 90-х, прыходзіць новае пакаленьне. У іх ліку бард-бітбоксэр Барыс Капітанаў з Барысава, на рахунку якога некалькі міні-альбомаў, і флейтыст Ягор Цюкін з Наваполацку. Ягор цяпер вучыцца ў Беларускім ўнівэрсытэце культуры. Напачатку году ён паўдзельнічаў у фэстывалі Minsk Belarus Start Up Beatbox 2015.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота  з суполкі Beatbox Union Belarus