Павал Кузіч. Працаваць як Moby (аўдыё, відэа)
1680 / 0
10.11.2013

Павал Кузіч. Працаваць як Moby (аўдыё, відэа)

Адзін з самых цікавых беларускіх лэптоп-бардаў распачаў запіс першага сольнага альбому.

Гэта яму колісь расейкі прадусар Алег Грабко выдаў няслабы аванс. «Забаўнае, сырое гучаньне, мінімалізм і ўмоўнасьць аранжыровак прывабліваюць арыгінальнасьцю. У Паўла Кузіча ёсьць шанец заняць сваё месца ў музыцы. Асабліва, калі будзе пець на роднай мове», — зазначыў заснавальнік кампаніі Bomba-Piter і выдавецтва Manchester Files.

Павал Кузіч шукае сябе ў музыцы няспынна ўжо больш за 10 гадоў. Уражвае пералік гуртоў, у якіх ён выступаў, як вакаліст і аўтар песень Urbanlife, «Летні Song», «Існасьць», «Туліпан». Але перадусім Паша зарэкамэнтаваў сябе, як неблагі сольны сьпявак, які здольны ствараць выдатную музыку адно толькі выкарыстоўваючы голас і гітару (а зь нядаўняга часу яшчэ і электронныя падклады). Урэшце цяпер выканаўца засеў у студыі, каб запісаць свой першы паўнавартасны альбом, у які ўвойдуць абсалютна розныя кампазыцыі — як цалкам электронныя трэкі, так і акустычныя, запісаныя, як сола, так і зь іншымі музыкамі ды вакалістамі. 

«Мне хочацца паспрабаць працаваць такім жа спосабам, як гэта робяць, напрыклад, Massive Attack, Moby, Royksopp. У гэтых праектах ёсьць нейкі ідэйны каркас з музыкаў, якія адказваюць за канчатковы варыянт гучаньня, а вось склад музыкаў і вакалістаў практычна ў кожным трэку розны. Кожны новы музыка і выканаўца прыносіць у музыку нешта сваё, а музычныя прадусары самі прымаюць рашэньне, як гэта падаць і пад якім соўсам. Адчуваю, што на дадзены пэрыяд часу я нарэшце атрымаў дастаткова ведаў і навыкаў, каб узяць на сябе такую адказнасьць. Цяпер мне патрэбны практыка і яшчэ раз практыка», — кажа Павал. 

Пакуль ён гатовы прадамэнстраваць свой трэк «Вечары». Гэтай песеньцы ўжо 10 гадоў, яна нават прадстаўлялася ўжо на «Тузіне Гітоў» гуртом «Існасьць». Аднак, Паша кажа, што толькі цяпер зрабіў такую аранжыроўку, якая яму цалкам падабаецца.

Цяпер Кузіч працуе ў студыі над зусім новым трэкам, які запісвае пры ўдзеле флейтыста Віктара Сямашкі. Кажа, што вельмі зацікаўлены ў сумесных трэках зь якімі-небудзь музыкамі, дзе б ён выступаў у першую чаргу як аранжыроўшчык і гукарэжысэр: «Я хачу сябе зарэкамэндаваць ня толькі як бард, сьпявак і музыка, але і як музычны прадусар, які цалкам адказвае за саўнд альбома». Што да ўласных выступаў Паўла, то ён зьбіраецца граць «па натхненьні і па сытуацыі». Сачыць за навінамі артыста можна празь яго афіцыйную старонку ЎКантакце.