Зьміцер Сасноўскі: «Дарэмна гідзіліся карпаратываў» (відэа)
2872 / 0
10.11.2013

Зьміцер Сасноўскі: «Дарэмна гідзіліся карпаратываў» (відэа)

Лідэр «Старога Ольсы» перад турам гурта ў падтрымку новага альбому, распавёў у вялікім інтэрвію пра пяць гадоў «безальбом’я», разыход з прадусарам, выступы на карпаратывах ды разыходжаньні ў гурце адносна таго, ці граць творы Metallica на старадаўніх інструмэнтах.

-          Альбом «Santa Maria» выйшаў праз чатыры гады пасьля вашага папярэдняга нумарнога альбому. Такі перапынак ня можа не падштурхнуць да думкі, што вас напаткаў крызыс.

-          У студыі мы наогул не былі пяць гадоў. Але як па мне, дык гэта наштурхоўвае да думкі пра ўздым гурта, бо цяпер выйшаў наш першы самастойны альбом — у фінансавым і творчым пляне. Паколькі мы былі цалкам незалежныя, то зрабілі ўсё, што хацелі самі, без парадаў звонку. Гэта тычыць найперш падбору рэпэртуару, аранжыровак, якасьці матэрыялу і выбару студыі. Мы двойчы перазводзілі альбом. Калі б тое былі спонсарскія грошы, мы б такога сабе не дазволілі. Так што мы толькі пачалі жыць. Без прадусара. 

Што падштурхнула да гэтага рашэньня?

-         Розуму і арганізацыйных здольнасьцяў унутры гурта хапае, каб і гастролі, і творчае жыцьцё арганізаваць самастойна. Наша творчасьць даволі добра прадаецца. Раней было так: ты заключаеш дамову, бярэш грошы, выдаеш дыск, а потым прыбыткі з продажу ідуць міма нас, да прадусара. Нам гэта не падабалася, таму працяглы час мы капаліся ў «Полацкім сшытку», але не працавалі ў студыі.

-          Гурту амаль 15 гадоў, і вы толькі цяпер прыйшлі да высновы, што ня варта працаваць з прадусарам?

-         Пяць гадоў таму акурат прыйшлі да гэтага. Непаразуменьне з прадусарам — гэта абсалютная традыцыя, непарушная для ўсіх краінаў і ўсіх музыкаў любых народнасьцей. Канфлікт вечны паміж творчасьцю і патрабаваньнем выконваць чужую адміністрацыйную волю. Прадусар рэдка бывае музыкам, і рэдка разумее творчасьць у прынцыпе. Напрыклад, на сваім альбоме «Дрыгула» мы хацелі разьмесьціць адзіную ў Беларусі фрэску «Пляскі сьмерці», якая нясе высохі духоўны зьмест і не падразумевае нічога, зьвязанага зь сьмерцю ў адмоўным сэнсе. Але гэта была проста вайна, калі мы даказвалі, што гэта можна выкарыстоўваць. Ліміт на запіс і на зьвядзеньне таксама вызначаўся ня намі. І гэта ўсё проста надакучыла.

-          Сам матэрыял музычны, які вы выкарыстоўваеце — ён хіба невычарпальны?

-          Невычарпальны. Такое адчуваньне, што гэта як сьнежны ком — ты кранаеш адно, а яно ідзе і ідзе далей. У выніку за пяць гадоў «безальбом’я» (гэта Вітаўт Мартыненка прыдумаў слова), мы стварылі песень на два альбомы наперад. Яны падзяляюцца вельмі жорстка стылістычна на дзьве часткі. Адна — назавем яе «культурнай» — гэта Рэнесанс і барока: «Полацкі сшытак», «Віленскі сшытак», творы беларускіх кампазытараў-лютністаў і дзьве духоўныя песьні. Другая частка — сьпевы. Сьпевы рыцарскія, застольныя рыцарскія, «Балада пра заснаваньне Вільні» Мацея Стрыйкоўскага. Тэматыка самая розная — каханьне, Бог, вайна, віно… Гэта песенная частка калісьці ўдала выконвалася на пірах і застольлях, гэтым жыло Сярэднявечча. Мы нешта закранаем — і тут жа сустракаем нешта новае.

-          Якім чынам адбіралі з усяго гэтага матэрыялу песьні менавіта на новы альбом «Santa Maria»

-          Наш гурт вельмі жорстка падзяляецца і па паводзінах, і па густах на дзьве часткі. Адна частка — гэта выкшталцоная, рэнэсансна-барочная. А другая частка — барабаншчыкі і дудары, больш брутальная. Я, Апановіч і Тапчэўскі былі за тое, каб запісваць альбом якраз сьпеўны — рыцарска-застольны. А перамог Кубліцкі — апалягет Рэнэсансу і барока. У яго быў важкі аргумэнт. Мы набылі дарагую лютню па замове ў майстра Ульрыха Мангерштэйна. Ня выкарыстаць лютню і не запісаць яе было б, канечне, крыўдна. Таму ў гэтым альбоме песьні зь першай часткі.

-          Ці можна меркаваць з назвы альбому, што творчасьць «Старога Ольсы» набыла большы рэлігійны зьмест?

-          У нас было ўсяго дзьве рэлігійныя песьні духоўнага зьместу ў рэпэртуары — «Гімн Багародзіца» і «Псальм Манаршэ Вечнэму». І ўжо з гэтымі дзьвюма песьнямі нас запрашалі многія рэлігійныя арганізацыі, нават зьезд маладых католікаў у Варшаве. А цяпер яшчэ папоўніўся рэпэртуар дзьвюма песьнямі, прысьвечанымі Дзеве Марыі — «Маці Каралева» (ці «Санта Марыя») і «Засьпявай Адзінай Паньне» (ці «Авэ Марыя»). І ўвага розных арганізацыяў вернікаў ужо праяўляецца. Напрыклад, на прэзэнтацыі ў Гомелі будзе мясцовая каталіцкая моладзь.  

-          Публіка заўжды надзвычай цёпла ўспрымае вашы экспэрымэнты па спалучэньні старадаўняй і сучаснай музыкі. Калі вы фрагмэнт твораў «Песьняроў», Deep Purple і Nirvana граеце на старадаўніх інструмэнтах. Ніколі не было думкі пашырыць гэты складнік?

-          А я бы сказаў, што гэта музыка вельмі спалучальная. Як ні дзіўна, рыфы гітарнай рок-музыкі вельмі ўдала кладуцца на старадаўнія інструмэнты — у першую чаргу язычковыя, як шалмеі, жалейкі і дуды. Пра гэта пастаянна ідуць размовы ў гурце, каб зрабіць яшчэ нешта. І проста дзеля забавы на рэпэтыцыях ці ў паездках, калі ёсьць вольны час, удзельнікі гурта бяруць у рукі інструмэнты ды граюць сучасныя гіты — разьбіралі некалькі тэмаў Metallica, Judas Priest гралі.

-          Але чаму не дакруцілі гэта і не сыгралі на сцэне?

-          Меркаваньні ў гурце пераважаюць наконт, што гэта проста жарт.

-          Вы ўсе такія сур’ёзныя?

-          Сур’ёзнымі нас не назваць (сьмяецца). Паводзіны нашы, колькасць дэбошаў у розных краінах не дазваляюць так казаць. Проста большасьці гурта падаецца, што трыманьне ў пэўным стылі для многіх гуртоў і музыкаў зьяўляецца праблемай, гэтая ўсёеднасьць проста размывае твар любога гурта і сьведчыць, што ў межах свайго стылю гэтыя музыкі ня здольныя нешта зрабіць. Гэта можна пабачыць на шматлікіх прыкладах. Не кажу тут пра віртуозаў, якія здольныя граць усё… І незразумела тады гэты гурт — ён што зь сябе ўяўляе? Калі ў музыкаў не хапае густу, дасьведчанасьці і здольнасьцяў, то гэта часьцей за ўсё замяняецца ўсёеднасьцю.

-          А зрабіць адпаведную праграму хоць бы для карпаратываў? Гэта ж магло мець попыт.

-          Замоўных канцэртаў у нас і так хапае. Мы доўга ўпіраліся і на іх ня езьдзілі, але цяпер пачалі. І дарэмна раней ня гралі на карпаратывах, бо публіка ўспрымае сапраўды вельмі цёпла і прыязна.

-          Чаму гідзіліся раней?

-          Лічылі, што гэта не высокародна, але фінансавы крызіс змусіў паглядзець і ў гэты бок (усьміхаецца). Аргумэнтам было тое, што шматлікія зоркі сусьветныя ня грэбуюць за пэўныя грошы асабіста выступаць перад нейкімі алігархамі.

-          І тое, што падчас выступу людзі ядуць ды п’юць вас цяпер не засмучае?

-          Калі мы згаджаемся на карпаратыў, то ставім умову, каб у час выкананьня не прамаўляліся тосты, не выносілася ежа, нас не перапыняюць і наш выступ успрымаюць як канцэрт. Нядаўна выступалі ў будынку, што належыць адміністрацыі Пуціна, куды нас запрасіў адзін зь бізнэсоўцаў, што паходзіць зь Беларусі, які стаў алігархам на глебе мэталюргіі. Мы яго даўно ведалі асабіста і таму адгукнуліся, калі былі запрошаныя сыграць на яго юбілеі. Не было непрыемнасьцяў. Наогул, можа толькі адзін выпадак быў за ўвесь час непрыемны і тое вельмі даўно, які можа і паўплываў на тое, што мы не згаджаліся доўгі час граць на карпаратывах. Калі я сказаў арганізатарам: прабачце, мы ў гэтым сьвінарніку граць ня будзем, ад вас нічога ня трэба нават за транспарт ды сказаў сваім, каб зьбіралі інструмэнты. А так як ні дзіўна, нават вясельлі, на якія нас запрашалі, былі арганізаваныя высокародна і ў сярэднявечным стылі з рыцарскімі баямі ды ўсімі рыцарскімі традыцыямі вянчаньня ды прадстаўленьня родаў. Неяк на карпаратыве ў Лагойску былі госьці з Украіны, якія не маглі паверыць, што перад імі «Стары Ольса», настолькі былі ўражаныя нашым зьяўленьнем. Быў выпадак, калі мы прыехалі і падумалі, што патрапілі да нейкіх бандзюгаў. Выступаць трэба было на вуліцы, а банкет накрылі ў лазьні. Аднак, апынулася, што тое былі спартоўцы, якія сьвяткавалі эўрапейскае чэмпіёнскае званьне па каратэ — людзі выхаваныя, якія паважліва ставяцца да нашай творчасьці. 

-          На канцэрце-прэзэнтацыі 17 лістапада вы ізноў будзеце абыгрываць канфлікт лютніста і дудара, які цягнецца ўжо доўгі час? Якія карані ў тым, што адзін музыка нібы недалюблівае другога ці гэта такая наўмысная драматургічная прыдумка?

-          Насамрэч, гэта выпадкова атрымліваецца. Пачынаецца з таго, што лютніст Ільля Кубліцкі зноў пачынае настройваць сваю лютню. Мне падаецца, што дуда настолькі капрызны інструмэнт, але яе ды іншыя язычковыя інструмэнты настройваем менш па часе, чым Кубліцкі. Абыгрываць драматургічна мы не плянавалі, а тое, што выходзіць у якасьці імправізацыі, анэкдотаў і жартаў з гэтай нагоды, напэўна застанецца. Як застанецца і лютніст з сваімі паводзінамі і сваёй эстэтыкай.

На канцэрце мы сыграем большасьць песень з новага альбому, уключна зь дзьвюма рэлігійнымі. Акрамя таго, мы пачалі актыўна граць тыя песьні, якія рыхтуюцца для наступнага альбома — рыцарскіх сьпеваў. Прагучыць таксама «Gaudeamus igitur» — «Гімн студэнтаў» на беларускай мове, твор неакадэмічны, але які выконваюць у акадэмічным асяродку, што ня можа ня выклікаць сьмех…

Акром Менску мы прэзэнтуем альбом у гэтым месяцы ў Гомелі, Кіеве і Горадні, цяпер вызначаюцца даты нашых канцэртаў таксама ў Магілёве, Полацку, Віцебску і Берасьці.

Размаўляў Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

«Стары Ольса» з альбомам «Santa Maria»

17 лістапада. Менск. ДК МАЗ. 19.00

22 лістапада. Гомель. ГЦК. 19.00

23 лістапада. Кіеў. Арт-клюб «Бочка». 20.00

25 лістапада. Гродна. Музычны коледж. 19.00