Апошні канцэрт «Засьпявай 2.0». Марына Вярэніч выступіць разам з :B:N:
2939 / 0
28.08.2015

Апошні канцэрт «Засьпявай 2.0». Марына Вярэніч выступіць разам з :B:N:

4 верасьня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 у заключным канцэрце летняй сэрыі «Засьпявай 2.0» выступіць Марына Вярэніч, а госьцем будзе гурт :B:N:.

24-гадовая Марына Вярэніч ужо зь дзесяць гадоў сур’ёзна займаецца музыкай. Яна скончыла вакальнае аддзяленьне Маладэчанскага музычнага коледжу імя Агінскага, паступіла на эстраднае аддзяленьне Інстытуту сучасных ведаў. Яна актыўна і пасьпяхова ўдзельнічае ў музычных конкурсах і тэлепраектах, дайшла да паўфіналу «Акадэміі талентаў» у 2013 годзе. На конкурс «Засьпявай 2.0» у намінацыю «Паэзія» яна падала песьню «Чаму мы стрэліся ня ў час» на словы Тацяны Дзям’янавай і ўласную музыку. І патрапіла ў лік фіналістаў.

У фінальнай сэрыі канцэртаў «Засьпявай 2.0» Марыну Вярэніч падтрымае сваім выступам гурт :B:N:. Адзін зь вядучых гуртоў беларускай рок-сцэны рыхтуе адмысловую акустычную праграму, куды ўвойдуць найлепшыя песьні з чатырох нумарных дыскаў. Вядома ж, прагучаць «Дажджамі», «Не трывай», «Цягнік», а таксама гіты з новага альбому «Шукай сваё».

Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра.

НАБЫЦЬ КВІТКІ НА КАНЦЭРТ МАРЫНЫ ВЯРЭНІЧ І :B:N:

04.09. 20:00. Тэраса кавярні Chill-Out (плошча Свабоды, 4). Марына Вярэніч і гурт :B:N:. Квіткі — у касах Kvitki.by і он-лайн. Кошт: 75 000 — 95 000. Інфалінія: +375 29 676-81-95, +375 29 687-20-93.

Tuzin.fm