Топ-12 песень лета 2015 (аўдыё)
2876 / 0
02.09.2015

Топ-12 песень лета 2015 (аўдыё)

У сьпісе самых запатрабаваных песень гэтага лета на канале Tuzin.fm у сетцы Soundcloud у лідэрах песьні Насты Шпакоўскай, гурту Teleport і фольк-дуэту Юліі Літвінавай і Васіля Грыня.

Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 чэрвеня да 31 жніўся 2015 году зафіксавана 30 728 праслухоўваньняў. Традыцыйна ў гэты час назіраецца спад актыўнасьці. За тры вясновыя месяцы 2015 году колькасьць праслухоўваньняў склала больш чым 143 тысячы. Але ў параўнаньні зь летам 2014 году гэтая лічба ўзрасла больш чым на 10 тысячаў. Тузін самых запатрабаваных трэкаў выглядае наступным чынам (у дужках лічба праслухоўваньняў за тры летнія месяцы — чэрвень, ліпень і жнівень 2015-га):

12. TeleportLeta (458)

Сымбалічна, што замыкае топ-12 лета песьня «Leta» з аднайменнага дэбютнага EP гурта Teleport, прэзэнтаваны на Tuzin.fm пры канцы ліпеня. Гэтая песьня нарадзiлася падчас студыйнай iмправiзацыi i спантаннага «кручэньня ручак» на сынтэзатары i на блёку гiтарных эфэктаў. Адчуўшы пэўны сюрэалiзм гучаньня, музыкі напiсалi такi ж сюрэалiстычны тэкст, якi iдэальна паклаўся на музыку. Вакал быў запiсаны ў рарытэтны дыктарскi мiкрафон «Актава» 1961 году выпуску. Удзельнікі запісу лічаць, што перагружаны далёкi вакал тут iдэальна пасуе да нястрымнай энэргii самой песьнi.

11. Angst — Баю-баю (480)

Новы трэк ад двухразовага пераможцы аўдыёчарту на Tuzin.fm і аднаго зь лідэраў мэгатуру-2015 рэпэра Angsta, прэзэнтаваны ў якасьці падарунку тым слухачам, якія праявілі актыўнасьць і падтрымалі яго дэбютны самотнік «Няма каханьня». Рэпэр прызначыў прэм’еру песьні на 1 чэрвеня, Дзень абароны дзяцей. Мінус да «Баю-баю» зрабіў бітмэйкер Kurguz на аснове «Калыханкі» Данчыка згодна з ідэяй выкарыстаньня айчынных сэмплаў у рэп-музыцы, якая можа быць і рызыкоўнай на фоне нядаўніх разборак праз аўтарскія правы. «Гэты ход ёсьць толькі спробай крыху здзьмуць пыл з арыгіналу, перадаўшы прывітаньне ўсім, хто памятае, як любімая песьня гучала па радыё», — зазначыў Angst. На просьбу Tuzin.fm песьню паслухаў і ацаніў сам Данчык. І быў у поўным захапленьні: «Проста выдатна. І сама думка, і выкананьне. Цешуся, што зь мяне зьдзьмулі пыл», — зазначыў славуты выканаўца.

10. Яўген ЦярэнцьеўЗачараваная (595)

27-гадовы сьпявак Яўген Цярэнцьеў скарыў журы конкурсу «Засьпявай 2.0» сваёй вэрсіяй песьні Ігара Лучанка на словы Генадзя Бураўкіна «Зачараваная», якую падаў у намінацыю «Кавэр». Ён сам аранжаваў, запісаў і зьвёў трэк, дзякуючы якому апынуўся ў фінале.

9. Юлія Літвінава — Ой, добрэ тому (696)

Вялікі інтарэс слухачоў выклікаў альбом фольк-дуэту Юлія Літвінава-Васіль Грынь «Дарожанька», які быў прэзэнтаваны ў межах рубрыкі !OUT на Tuzin.fm. «Дарожанька» — гэта першы альбом ад пераймальнікаў беларускага фальклёру, дзе ў асноўным гучаць парныя сьпевы мужчыны й жанчыны. Хаця ёсьць і сольныя нумары. Адзін зь іх — «Ой, добрэ тому».

8. Shuma — Pesenka (742)

Добрыя водгукі ад слухачоў атрымала «Песенька» ад фольк-праекту Shuma, прэзэнтаваная на Tuzin.fm напярэдадні выхаду іх дэбютнага альбому «Žnivo», да якога музыкі ішлі чатыры гады. Твор, які лёг у аснову гэтай кампазыцыі паходзіць з Палесься, зь вёскі Стаўбун Веткаўскага раёну. Выконваецца падчас абраду «Пахаваньне стралы» — гэта сымбалічнае разьвітаньне зь вясной і сустрэча лета з спадзевам на добры ўраджай. Руся кажа, што для іх тут важная перадусім атмасфэра: «Ніхто ня ведае, што насамрэч укладалі ў іх шматлікія пакаленьні жанчын усіх узростаў, якія складалі гэтыя сьпевы шмат гадоў таму. Справа тут не ў сапраўдным зьмесьце, а ў атмасфэры, якую маюць словы і музыка. Калі хто не разумее беларускай мовы, успрымайце яе як замежную і захапляйцеся агульным адчуваньнем».

7. Teleport — Bely Sum (765)

Cамая запатрабаваная кампазыцыя з дэбютнага альбому гурта  пад назвай «Maukliva», які быў прэзэнтаваны на Tuzin.fm на пачатку жніўня. «Bely Šum» распавядае пра жыцьцё ў выдуманым ідэальным сьвеце, дзе з кожным відам істоты набываюць новую форму, пражываюць дзень у новым вобразе і пра тое, што ўцёкі ад рэальнасьці зьдзейсьніць прасьцей, чым падаецца. У гэтай складанай па пабудове і працяглай беларускамоўнай кампазыцыі ўласна і выяўляецца канцэпцыя дэбютніка гурта. 

6. МАМА — Будзь злой (854)

Цалкам лягічна, што найлепшая песьня сэзону 2014—2015 у аўдыёчарце ўвайшла ў лік галоўных песень лета на «тузіноўскім» Soundcloud. Да гэтай лічбы праслухоўваньняў варта дадаць яшчэ 3116 зваротаў на самім сайце. «Гэтая песьня была напісаная ў 2012 годзе ў Кіеве. Я не прыхільнік тлумачэньня сэнсу сваіх твораў на словах, зьнікае фішка ў такім разе. Песьня для мяне — гэта спроба па-іншаму паглядзець на зразумелыя рэчы, таму лічу, што слухачу будзе цікава разгадаць код, а ня проста ўзяць у рукі ўжо сабраны кубік-рубік, нібы школьную хрэстаматыю пачытаўшы», — кажа Ян Маўзэр пра свой твор.

5. Андрэй Макарэвіч — Сьнег (1008)

Абсалютны лідэр вясновага Топ-12 застаўся ў лідэрах і ўлетку. Песьня, запісаная для праекту «Global Reload» ад часу прэзэнтацыі ў сакавіку 2015 году мае толькі на Soundcloud больш за 28 000 праслухоўваньняў. На сайце Tuzin.fm да яе зьвярнуліся яшчэ больш за 13 000 разоў, яшчэ 11 500 праслухоўваньняў зафіксавана ў афіцыйнай youtube-прэзэнтацыі. Па выніку — менавіта ў Макарэвіча самая запатрабаваная беларуская песьня паўгодзьдзя.

4. Васіль Грынь — Гамэрыка (1018)

Яшчэ адзін нумар з альбому «Дарожанька». Гэты разам сольны сьпеў Васіля — расповед пра працоўную міграцыю жыхароў Заходняе Беларусі міжваеннага часу ў ЗША, які па сваёй калярытнасьці ды эмацыйнасьці не саступае славутай «Надзеньцы» з «Народнага альбому», таксама ўзорнай песьні міжваеннага беларускага фальклёру.

3. Юлія Літвінава, Васіль Грынь — Пойду я в садочок (1378)

Парным сьпевам з Палесься адкрываецца «палескіх drinking songs» — гэтак у буклеце дыску перакладаюцца на ангельскую бяседныя песьні беларускага Палесься. «Калі сьпяваюць мужчына з жанчынай — гэта ня проста сьпеў, гэта размова. Трэба чуць адзін аднога, перадаваць думкі й пачуцьці», — заўважае сьпявачка Юлія Літвінава.

2. Naka — Малітва (1683)

Шматпакутная песьня на словы Янкі Купалы і цяпер ужо на аўтарскую музыку Насты Шпакоўскй была прэзэнтаваная на Tuzin.fm на дзень народзінаў клясыка 7 ліпеня. «Малітва» стане загалоўным нумарам у будучым беларускамоўным альбоме гурта, над якім музыкі цяпер працуюць. Вакалістка Naka Наста Шпакоўская кажа: «Я адчуваю, што ён ствараецца пад уражаньнем вайны. Амаль кожная песьня прасякнутая паветрам несправядлівасьці таго, што дзеецца і роздумам наконт таго, што ўсё ж адбываецца з намі, калі ня мае меры цынічнасьць і страты не паддаюцца падліку. Менавіта гэтыя пачуцьці дапамаглі сфармаваць гучаньне песьні і паўплывалі на яе эмацыйны пасыл».

1. Naka&Сьвета Бень&Ганна Хітрык — Про любовь/Про любов/Пра любоў (5856)

Безумоўным лідэрам па праслухоўваньням на «тузіноўскім» Soundcloud стала яшчэ адна новая песьня Насты Шпакоўскай і гурту Naka, да якой далучыліся Сьвета Бень зь «Серебряной свадьбы» і Ганна Хітрык з гурта Sounduk. Яна гучыць адразу на трох мовах — беларускай, украінскай і расейскай. «Вельмі хацелася, каб песьня гучала на трох мовах, як на адной. Каб нас аб’ядноўвала ня мова, а думка, якая была б зразумелая для ўсіх, у незалежнасьці ад ступені валоданьня адной з моваў. Мы доўга выбудоўвалі кампазыцыю. Спачатку зрабілі асноўнае — голас і фано Ірыны Кліменкі. А потым шукалі як паказаць зьнешнюю барацьбу, нейкі кантрапункт. І прыдумалі з музыкамі такі фінал: фано у 4/4, а музыкi на ¾ граюць, такім чынам песьня набывае асаблівы сэнс, нібы два вымярэньні ў адным часе суіснуюць», — кажа Наста.

На абедзьве песьні Naka ўвосень будуць прадстаўленыя відэакліпы.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm

ЯШЧЭ: ТОП-12 ПЕСЕНЬ ЗІМЫ-2014-2015                           ТОП-12 ПЕСЕНЬ ВЯСНЫ-2015