Узнагародзілі пераможцаў «Засьпявай 2.0»
2934 / 1
29.09.2015

Узнагародзілі пераможцаў «Засьпявай 2.0»

У кнігарні «Логвінаў» прайшло ўзнагароджаньне пераможцаў і ляўрэатаў конкурсу маладых выканаўцаў «Засьпявай 2.0».

Конкурс ужо другі год ладзіць фонд «Вяртаньне», партал Tuzin.fm і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!». Сёлета выканаўцам да 27 гадоў было прапанавана паўдзельнічаць у дзьвюх намінацыях: «Сьпяваная паэзія» (пакласьці актуальную беларускую паэзію на ўласную музыку) і «Кавэр» (арыгінальным чынам перасьпяваць клясыку беларускай песьні). У адрозьненьне ад першага сэзону віртуальным адборам паводле дэма-запісаў не абмежаваліся. Сёлета паводле галасоў журы было адабрана па шэсьць найлепшых у кожнай з намінацыяў. Гэтыя выканаўцы атрымалі магчымасьць выступіць ужывую пры падтрымцы вядомых ужо гуртоў. Цягам усяго лета прайшло 12 канцэртаў на сьвежым паветры — на тэрасе кавярні Chill Out, што месьціцца на плошчы Свабоды. Пасьля сэрыі выступаў былі абвешчаныя пераможцы.

Ляўрэатка конкурсу «Засьпявай 2.0» Марына Вярэніч

Старшыня журы «Засьпявай  2.0» і вядучы канцэртаў конкурсантаў Алег Хаменка з кожным з гасьцей вітаўся асабіста ды падбадзёрваў маладых выканаўцаў. «Безумоўна, добра, што ў сёлетнім конкурсе ўзялі ўдзел ужо досыць папулярныя артысты. Але было нямала прафэсійных і абазнаных музыкаў, якія шырокой публіцы яшчэ пакуль невядомыя. Я асабіста зрабіў нямала адкрыцьцяў і парадаваўся агульнагаму ўзроўню канкурсантаў», — зазначыў Алег.

Ляўрэат конкурсу «Засьпявай 2.0» Яўген Цярэнцьеў

Найперш былі абвешчаныя выканаўцы, якія атрымалі «спэцыяльную адзнаку». Гэта гурт, дзякуючы якому сёлета «Засьпявай» стаў міжнародным конкурсам. «Колір» з Адэсы зрабіў песьню на верш Андрэя Аляксандрава ў намінацыі «Сьпяваная паэзія». Адзначаная таксама Pauline за песьню «Малітва» на верш Янкі Купалы ў намінацыі «Сьпяваная паэзія» і К3tyvana, чыя заяўка выклікала ў журы найбольшыя спрэчкі. Справа ў тым, што Кетэван праходзіла па-за конкурсам, бо насуперак патрабаванням заявілася з замежнай песьняй — «Skyfall» Аdele ў перакладзе на беларускую мову. Але выканала настолькі цудоўна, што частка сябраў журы вылучыла яе ўсё ж у ліку найлепшых.

Уладальніца спэцпрызу конкурсу «Засьпявай 2.0» К3tyvana

Ляўрэатамі і ўладальнікамі грашовых прэміяў памерам 250 эўра сталі Марына Вярэніч і ўдзельнік гурта Teleport Яўген Цярэнцьеў, які падаў на конкурс кавэр на песэню «Зачараваная» ансамблю «Песьняры». Твор досыць няпросты для выкананьня, але сьпявак выдатна справіўся з задачай. Нават Валеры Дайнека, які саліруе ў арыгінале гэтага твору, вылучыў яго ў сваім сьпісе, аддаўшы 4-е месца. Марына Вярэніч была адзначаная за адмыслова напісаную да конкурсу песьню «Чаму мы стрэліся няўчас» на верш Тацяны Дзям’янавай.

Уладальнікі Гран-Пры конкурсу «Засьпявай 2.0» — гурт Navi

Гран-Пры конкурсу і грашовую ўзнагароду памерам у 500 эўра ўручылі гурту Navi. Яны ўдзельнічалі ў абедзьвюх намінацыях: на «Кавэр» яны падалі песьню «Жар-птушка» ансамблю «Сябры», а на «Спяваную паэзію» за песьню «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса. «Нам вельмі прыемна перамагаць у разнастайных конкурсах. Мы да пастаўленай задачы паставіліся вельмі сур’ёзна і справіліся зь ёю, паколькі нас абвесьцілі пераможцамі», — сказаў Арцём Лук’яненка. «Але мы зусім не лічылі, што будзем абавязкова першымі. Проста вырашылі паспрабаваць падаць заяву і сумленна выканаць умовы», — дапоўніла Ксенія Жук.  Музыкі кажуць, што ўзнагарода прыйшлася вельмі дарэчы — яны акурат сканчаюць кліп на песьню «Выберы сам», які вымагае грашовых укладаньняў. Як новае відэа, так і студыйную вэрсію сваёй «пераможнай» песьні «Плакалі ветры» Арцём і Ксюша хочуць прадставіць да канца гэтага году.

Пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0»: Арцём Лук’яненка, Ксенія Жук, Марына Вярэніч, Яўген Цярэнцьеў

Узнагароджаньне пераможцаў «Засьпявай 2.0» скончылася акустычным сэтам гурта Navi.

 

Tuzin.fm, Budzma.by, фота Паўла Аксіновіча, «Новы час» і Алега Хаменкі

КАМЕНТАРЫ: