Нязьведанае тагасьвецьце. TonqiXod ушанаваў Цмока і Морысана (відэапрэм’ера!)
3178 / 0
02.10.2015

Нязьведанае тагасьвецьце. TonqiXod ушанаваў Цмока і Морысана (відэапрэм’ера!)

Гурт TonqiXod прэзэнтуе на Tuzin.fm 16-хвіліннае live-відэа кампазыцыі «Ушанаваньне Цмока». Гэта першая беларуская інтэрпрэтацыя паэмы «Celebration of Lizard» Джыма Морысана.

Вакаліст гурта і перакладчык «Celebration of Lizard» Уладзь Лянкевіч яшчэ са школьных гадоў меў ідэю фікс — перакласці на беларускую мову гэты твор. Асабліва яго вабіла тое, як і ў якіх прапорцыях тут зьмяшаліся тэатар, літаратура і музыка. «Я, напэўна, разоў пяць пачынаў змагацца з тэкстам. Фрагмэнтарна, то канец памурыжу, то сярэдзіну парыфмую. Найцяжэй было, канечне, песенныя часткі зрабіць, каб і сьпявалася і большасьць сэнсаў ня страцілася. У беларускі тэкст, я, натуральна, трохі паддаў айчыннай балотнасьці, куды ж безь яе. Апошнім часам у нас таксама любяць гуляцца зь мітамі пра цмокаў, шукаюць, помнікі ставяць, але Морысанаўскае бачаньне хтанічнага мне бліжэйшае, бо цмок — гэта ня гулі-люлі го-ца-ца, а рэальнае нязьведанае тагасьвецьце», — распавядае Ўладзь.

Калі нарэшце пераклад зьявіўся, то аўтару шкада было так проста яго пакідаць. І хаця TonqiXod ня вельмі любіць займацца кавэрамі, ідэю Ўладзя ўхвалілі астатнія ўдзельнікі гурту ды вырашылі ўзяцца за амбітную справу — перайграць Doors. «Вынік мы называем пеарасэнсаваньнем, бо прапусьцілі арыгінал праз TonqiXod, а пільны слухач пачуе, што ў нашым варыянце „Ушанаваньня Цмока“ месцамі наогул гучаць кавалкі ўласнай музыкі і нават цытаты зь „Песьняроў“ ёсьць. Аднак агульную драматургію і атмасфэру, здаецца, удалося захаваць», — распавядае клявішнік і вакаліст гурту Максім Субач. Таксама да трыё далучыўся Віктар Сямашка, чый клярнэт узбагаціў гучаньне і дадаў належнай экспрэсіі. Музыкі кажуць, што стараліся не сапсаваць арыгінальную задуму, ды ўсім ім было кайфова граць, бо такую музыку любяць неймаверна.

Цалкам «Ушанаваньне Цмока» прагучала на канцэрце гурту ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі 20 красавіка 2015 году на прэзэнтацыі альбому «Pradmova», зь якім гурт узяў узнагароды на прэміі Experty.by за «Найлепшы рок-альбом году», «Дэбют году» і «Найлепшы беларускамоўны альбом году». «Наогул гэта быў для нас даволі рызыкоўны канцэрт ва ўсім. Спэцыфічная сцэна, сядзячая публіка, пашыраны рэпэртуар, запрошаныя музыкі, запіс, здымкі. Ня ўсё, вядома, прайшло гладка, але мы не прызнаемся, што было ня так, — кажа бубнач гурту Андрэй Аляксеенка. — Ну і наогул гэта ж лайф, жывы выступ і дзесьці ня тая нотка, лішні шумок, забытая фраза — шурпатасьці ставарюць атмасфэру».

Пасьля канцэрту музыкі адслухоўвалі ўвесь матэрыял, выбіралі найбольш удалыя кавалкі і тое, як выйшла «Ушанаваньне Цмока» ім спадабалася надзвычай, так што кампазыцыя ўвайшла ў 50-хвілінную відэавэрсію канцэрту, якую неўзабаве можна будзе паглядзець цалкам. За што TonqiXod дзякуе рэжысэру і апэратару Яўгену Шапчыцу.

Найбліжэйшы выступ гурта адбудзецца 22 кастрычніка ў менскім клюбе TNT разам з гуртом Teleport.

Tuzin.fm, фота — Аліса Ахрамовіч