ОН-ЛАЙН ВІДЭА НА TUZIN.FM: КАНЦЭРТ «Я З ЗАБАРОНЕНЫМІ» Ў ЛЁНДАНЕ
2487 / 1
04.10.2015

ОН-ЛАЙН ВІДЭА НА TUZIN.FM: КАНЦЭРТ «Я З ЗАБАРОНЕНЫМІ» Ў ЛЁНДАНЕ

18 кастрычніка ў 22:00 па беларускім часе партал Tuzin.fm трансьлюе он-лайн канцэрт у Лёндане «I'm with the Banned», у якім бяруць удзел Дэйвід Гілмар з Pink Floyd, гурты Brutto, «Бумбокс» і Pussy Riot.

 

Канцэрт з унікальным складам выступоўцаў ладзіць Беларускі Cвабодны Тэатар з нагоды свайго 10-гадовага юбілею. «Гэта канцэрт салідарнасьці з забароненымі артыстамі ўсяго сьвету і з народам Беларусі, гэта ўнікальная магчымасць зьблізіць брытанцаў і народы Беларусі, Расеі і Ўкраіны, бо мы падтрымліваем іх у барацьбе за роўнасьць, справядлівасьць, свабоду і дэмакратыю», — кажа Натальля Каляда, сузаснавальнік і мастацкі кіраўнік Беларускага свабоднага тэатру. Лягатып канцэрту стварыў вядомы кітайскі мастак-дысыдэнт Ай Вэйвэй, які знаходзіўся на той момант пад хатнім арыштам.

Здымкі канцэрту ажыцьцяўляе кампанія Бі-Бі-Сі, падзею он-лайн транслююць сярод іншага расейскі тэлеканал «Дождь», украінскае «Еспресо TV» і беларускі музычны партал Tuzin.fm.

Пачатак канцэрту 18 кастрычніка ў нядзелю ў 20:00 (у Лёндане), у 22:00 (у Менску, Кіеве і Маскве).

ГЛЯДЗЕЦЬ ОН-ЛАЙН

Франтмэн Pink Floyd Дэйвід Гілмар выступае ў Лёндане сумесна з украінскімі музыкамі і прадстаўляе песьню, прысьвечаную маладым людзям, забітым на Майдане ў Кіеве.

Расейскія панк-актывісткі Pussy Riot сталі сэнсацыяй пасьля суду і турэмных тэрмінаў за гучны правакацыйны пэрформанс у галоўным храме Масквы, накіраваны супраць карупцыйнай сувязі Пуціна і царквы. Свабодны сьвет падтрымлівае харызматычных актывістак у іх барацьбе за прыцягненьне ўвагі да праблемы дзяржаўнага тэрору, жорсткасьці і несправядлівасьці ў непасрэднай блізкасьці ад Эўропы.

Панк-рок група Brutto, заснаваная Сяргеем Міхалком, былым лідэрам беларускага рок-гурта «Ляпіс Трубяцкі», які быў забаронены ў Беларусі пасьля падпісаньня адкрытага ліста пратэсту супраць турэмных тэрмінаў апанэнтам Лукашэнкі ў 2010 годзе. Сяргей Міхалок вымушаны быў пераехаць ва Ўкраіну па палітычных прычынах.

У канцэрце таксама возьме ўдзел ўкраінская группа «Бумбокс», якая выступала на Майдане ў Кіеве і была забароненая ў Расеі праз сваю пазыцыю ў падтрымку свабоды.

Сябры Беларускага свабоднага тэатру, уключаючы Кім Катрэл, Ніла Тэнанта з Pet Shop Boys, Джульет Стывэнсан, Джэрэмі Айранза і Вікторыю Мадэсту, выступяць у падтрымку людзей мастацтва, якія перасьледуюцца за адстойваньне права на свабоду выказваньня.

Tuzin.fm

 

КАМЕНТАРЫ: