!OUT: «Млын Сонца» — фэнтэзі-фольк на тутэйшай глебе (прэзэнтацыя дэбютнага LP)
3538 / 1
10.10.2015

!OUT: «Млын Сонца» — фэнтэзі-фольк на тутэйшай глебе (прэзэнтацыя дэбютнага LP)

Гомельскі гурт «Млын Сонца» выдаў дэбютны альбом паводле беларускае міталёгіі. Кружэлка завецца «Ростань» і яднае ў сабе музыку, паэзію, жывапіс і тэатар.

Песьні гурта ствараліся на вершы «штатнае» паэткі калектыву Вольгі Грынь цягам амаль 5 гадоў. «Млынары» Валянціна Міронава й Цімафей Палунін распавялі Tuzin.fm, якім чынам у іх музыцы спалучаецца жах і прыгажосьць.

ТГ: Вы пайшлі на сьмелы творчы экспэрымэнт: з аднаго боку музыка, інсьпіраваная сярэднявечнай культурай — прыдворнай, замкавай альбо гарадзкой, а зь іншага боку — тэксты, натхнёныя паданьнямі, легендамі, якія найперш зьвязаныя зь вёскай. Чаму вы абралі менавіта такое спалучэньне?

Валянціна: Калі пісалася музыка, неяк не задумваліся аб тым, што будзе адчувальны ўплыў мэдыевалю. Вы гэта пачулі. Я ня чула ніколі водгукаў, што такі ўплыў ёсьць. Але, відаць, гэта вынік таго, што шмат такое музыкі было праслухана й сыграна ў свой час.

ТГ: Наколькі ведаю, «Млын Сонца» прайшоў цікавы шлях. Гурт існуе з 2008 году, вы пачыналі з аўтарскага матэрыялу, паралельна апрацоўвалі фальклёр, гралі мэдыевальныя шлягеры. Чаму ў дэбютніку вырашылі спыніцца менавіта на цалкам уласных рэчах?

Валянціна: Каб ня быць, як усе. Пераплюнуць мэтраў нашай фольк-музыкі складана, і таму гэтым ня так цікава займацца, як тым, чым мы займаліся, рыхтуючы гэты альбом.

ТГ: Дык а навошта пераплёўваць? Трэба іншы шлях знайсьці.

Валянціна: Як яго знайсьці? Здаецца, усё паўтор.

ТРЫ + АДЗІН

ТГ: Склад «Млына Сонца» неаднаразова зьмяняўся. Цяпер вы спыніліся на квартэце. Як Цімафей пачуваецца ў дзявочай кампаніі?

Цімафей: Мне нармалёва. Я ж мужчына. Калі мужчынаў шмат, а дзяўчына адна, тады ўсе ўшаноўваюць яе. Калі наадварот — то мужчыну.

ТГ: Ведаю, што вучыліся ў майстра-дудара Алеся Лася. Ці шмат у альбоме інструмэнтаў уласнага вырабу?

Цімафей: У кожнай песьні амаль што. Я зрабіў дзьве дуды. Потым колавую ліру, гудок, дыджэрыду… Дарэчы, ва ўсіх трэках на альбоме на дудзе грае Валянціна. У мяне ўжо папросту не хапае рук.

ТГ: Прычым, вас запісваў той жа гукарэжысэр, які шмат працаваў са «Старым Ольсам» — Анатоль Шаўцоў. Адчуваецца, што спадар спрактыкаваны ў запісе акустыкі.

Цімафей: Нам хацелася, каб альбом запісваў менавіта Анатоль. Ён, пэўна, адзіны з Гомелю, хто пісаў такія інструмэнты, як дуды, бузукі ці гусьлі.

ТГ: Між іншым, першае, што ўражвае, калі бярэш кружэлку «Ростань» у рукі — гэта нятаннае аздабленьне, што цяпер даволі рэдка сустракаецца. З вашых, Цімафей, малюнкаў да кожнае песьні можна аўтарскую выставу зладзіць.

Цімафей: Малюнкі зробленыя асаблівай тэхнікай, дзе сумяшчаецца гуаш і туш. Яе прыдумала мая маці-мастачка. Мы зьбіраемся апублікаваць гэтыя ілюстрацыі ў pdf-фармаце. Акром таго, зьбіраемся зьняць кліп на адну зь песень.

ТУТЭЙШАЯ ДЭМАНАЛЁГІЯ

ТГ: Як нарадзілася канцэпцыя альбома «Ростань»? Вы замаўлялі тэксты Вользе Грынь? Ці яна іх сама па сабе пісала, а потым вы скампілявалі вершаваны матэрыял у цэласную праграму?

Валянціна: Калі ад нас сышоў заснавальнік гурту й аўтар першых тэкстаў Уладзімер Гатальскі, мне трапіла ў рукі кніга «Заклятыя скарбы». Яе ўкладальнік Уладзімер Ягоўдзік пераклаў беларускія легенды на літаратурную мову з разьлікам на дзяцей ды зь цікавымі ілюстрацыямі. Я была вельмі ўражаная. Ілюстрацыі там, насамрэч, ня вельмі дзіцячыя. Мне самой страшна на іх глядзець. І я выказала ідэю маёй сяброўцы Вользе, што добра было б напісаць тэксты для песень паводле гэтых легендаў і далей працягваць міталягічны кірунак у творчасьці. Першым тэкстам сталіся «Начніцы», гэта быў недзе 2010—2011 год, і пасьля іх усё пачалося, закруцілася…

ТГ: А чаму на вокладцы вашага альбома пазначана 10 кампазыцыяў, але трэкаў на дыску апынаецца ўдвая больш?

Цімафей: Кожная кампазыцыя — асобная легенда ці казка. І патрэбныя былі нейкія ўводзіны да яе, тлумачэньні. Мы зрабілі гэтыя ўступы асобнымі трэкамі.

Валянціна: Гэта таксама адметнасьць нашага альбома. Бо гэта ня толькі музычны праект, а спалучэньне музыкі, літаратуры, мастацтва…

Цімафей: І тэатру, як на прэзэнтацыі.

ПАЖАРАНЕБЯСЬПЕЧНАЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ

ТГ: Прэзэнтацыя «Ростані» адбылася ўначы на беразе Сожу, як і анансавалася?

Валянціна: Так, на мяжы гораду й лесу. Мы далучылі прафэсійнага актора, які граў ролю вандроўніка, які спужаўся нячыстае сілы. Ён распавядае кавалачкі легендаў, што гучаць на альбоме ва ўступах. А нячыстую сілу ўвасобілі аніматары з клюбу «Бэльфіёрэ».

Цімафей: Мы хацелі зламаць звыклыя адносіны між музыкам на сцэне й слухачамі. Хацелі, каб усе сталі ўдзельнікамі адное дзеі. Тое можна пабачыць на відэа з прэзэнтацыі.

ТГ: Ці плянуеце паўтарыць тую містэрыю ў іншым месцы?

Цімафей: У Гомелі было шмат складанасьцяў з уладамі, з пажарнікамі. Там забаранілі ладзіць вогнішча. Хацелася стварыць больш трансавы стан. Але ня ўсё атрымалася.

ТГ: Тым больш, трэба зладзіць яшчэ раз.

Валянціна: Калі будзе ізноў дапамога Гарадзкога цэнтру культуры, то можна паўтарыць.

ТГ: А можа, у Менску зайграеце?

Цімафей: Сама праграма ў выглядзе канцэрту будзе не такая цікавая, як у межах містэрыі. А ці магчыма гэта ў Менску, я ня ведаю.

ТГ: Увогуле, наколькі бясьпечна займацца дадзенай тэмай — ваўкалакі, вядзьмаркі, баньнікі?..

Валянціна: Па-першае, гэта нам самім цікава. Па-другое, такога яшчэ ніхто не рабіў.

Цімафей: Мы хацелі ажывіць тое, што адчуваюць дзеці, калі бяруць кнігу «Заклятыя скарбы». І ў дарослага чалавека, нягледзячы на ўзрост, гэтае адчуваньне застаецца. Беларускія казкі — гэта ня проста забаўка, гэта міталёгія, недзе страшная, недзе жорсткая, але яна існуе.

Набыць альбом «Ростань» на кампакт-дыску з дыджыпэк-вокладкай і грунтоўным буклетам можна на канцэртах квартэту «Млын Сонца» альбо прыватным чынам у саміх музыкаў. Верагодна, што ў наступным рэлізе гурт «Млын Сонца» прадставіць уласныя апрацоўкі народных сьпеваў.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • surhanau / адказаць
    17.11.2015 / 20:33

    А мне спадабалася... Гэх, каб гэта ды ў Полацку... Ды каля Сафійскага сабору...

  • КАМЕНТАВАЦЬ