Ільля Маліноўскі пра восень на «Тузіне»: «Туга і журба, але ў настрой!»
4039 / 0
23.10.2015

Ільля Маліноўскі пра восень на «Тузіне»: «Туга і журба, але ў настрой!»

Экспэрт Tuzin.fm, журналіст, шоўмэн і музыка Ільля Маліноўскі паслухаў удзельнікаў чартаў на Tuzin.fm і застаўся задаволеным амаль усім.

Мушу прызнацца, што за апошні год я моцна выпаў зь беларускага музычнага кантэксту. Пэўныя зьмены ў рэдакцыйнай палітыцы ды і ў прыватным жыцьці папросту не пакінулі вольнага часу нават на павярховае адсочваньне музычных падзеяў. Ніводнага наведанага канцэрту за месяцаў шэсьць і мінімум праслуханых рэлізаў, шчыра кажучы, пайшлі на карысьць. Бо любы чалавек прызвычайваецца да таго, што яго атачае, і ў выніку перастае заўважаць некаторыя ня самыя лепшыя моманты. Каб «ачысьціцца» можа прайшло і недастаткова часу, але я шчыра ўдзячны парталу Tuzin.fm за прапанову вярнуцца ў некалі ўлюбёную і сваю атмасфэру.

Аналізаваць гульню месцаў, ажыятаж вакол галасаваньня ды яго вынікі мне падаецца няправільным. Гэта ўсё было і ёсьць люстэркам стасункаў музыкаў з аматарамі ды сябрамі, іх актыўнасьці ў сацыяльных сетках і іншых падобных рэчаў. На жаль, пакуль беларусы яшчэ не гатовыя ў поўнай меры сачыць менавіта за беларускай музыкай і, натуральна, адзначаць цікавыя для сябе рэчы. Ні ў якай меры не хачу пакрыўдзіць сталых наведнікаў парталу! Вы малайцы, але вас няшмат! Пагадзіцеся, што большасьць патэнцыйных слухачоў тусуецца зусім на іншым сайце і іх стаўленьне да беларускай музыкі можна скласьці ў адзін агульны і самы часты камэнтар: «А хто гэта?» І гэта хутчэй пытаньне самасьвядомасьці ды агульнай культуры, чым «Тузіна», які ўпарта робіць неверагодныя рэчы, знаходзячыся амаль у вакуўме.

Таму бліжэй да непасрэдна тузіноўскага верасьня! За год маёй «адсутнасьці» зьмянілася няшмат. Прычым гэта аднолькава нэгатыўная і станоўчая характарыстыка. Як факт прэтэнзіяў да тэхнічнага майстэрства музыкаў, падыходаў да аранжаваньня, ды і тэкстава-мэлядычнага складніку песень усё менш і менш. Верагодна гэта ёсьць вынік папярэдняга адбору. Але я чамусьці веру, што так ня толькі на «Тузіне», але і на кожным рэпэтыцыйным пункце краіны агульная карціна менавіта такая. А вось так бы мовіць пазнавальных выканаўцаў, сапраўдных індывідуальнасьцяў з эфэктам «ваў» па-ранейшаму адзінкі.

Агулам месяц аказаўся нейкім вельмі надрыўным, эмацыйным і няпростым. Спэцыялісты кажуць, што туга ды журба адны з галоўных характарыстык беларускай народнай творчасьці. Відаць, таму мы так любім «мазаць соплі» ў песьнях. Але на дзіва гэта вельмі трапіла ў мой асабісты настрой, пакінуўшы мяне задаволеным амаль усім пачутым. Хутчэй за ўсё тут згуляла шмат фактараў: традыцыйная ваколвыбарчая тыпудэпрэсія, аптымістычнае стаўленьне да ўсяго навокал, вера ў беларускую музыку, які-небудзь крызіс сярэдняга ўзросту… ня ведаю!) У любым выпадку любая крытыка суб’ектыўная і звычайна грунтуецца на ўласных, нярэдка спрэчных густах.

Напрыклад, нарабіўшая шуму інтэрпрэтацыя «Малітвы». Нягледзячы на поўнае неразуменьне прэтэнзіяў аўтара і выніковага прысуду, я не разумею навошта Naka працягвае яе выконваць. Пратэст? Жаданьне прайграць яшчэ адзін суд? Наста Шпакоўская неверагодна чапляе менавіта вакальным настроям суму, нейкай безвыходнасьці, надрывам, таму «Малітва» безумоўна яе песьня. Але аўтар мэлёдыі — самадур, дык ці зьмяніце мэлёдыю да непазнавальнасьці, ці не выконвайце песьню ўвогуле… А так «барацьба» выглядае даволі штучна.

Вельмі парадавала, што ўсё больш і больш зьяўляецца эстрадных выканаўцаў. Ня тых, што мы бачым па тэлевізары, а тых, за якіх ня сорамна. А самае галоўнае, што гэта запатрабавана. Пераможца месяца ў аўдыёчарце Pauline добры таму прыклад. Вельмі харошы трэк, няхай і пераклікаецца з творчасьцю Паліны Рэспублікі. Я лічу, што чым больш будзе якаснай беларускамоўнай поп-музыкі, тым складаней будзе яе не заўважаць і тым хутчэй яна выйдзе ў масы. З гэтай нагоды шкада Яна Жанчака ды Ларысу Сімаковіч. Таксама добры трэк, якога вельмі не стае нашай эстрадзе, а ў выніку апошняе месца гіт-параду.

Не магу сказаць, што чакаў нечага неверагоднага, ад гэтага месяца разам з Tuzin.fm. Але неверагоднага і не адбылося. Фаварыты засталіся на сваіх месцах, агульныя ўражаньні не зьмяніліся. Сапраўды зьдзівіла толькі «Мутнаевока». Ну няма больш такога гурта, які б з такім зайздросным пастаянствам абсалютна палярна зьмяняў маё меркаваньне: сёньняшні трэк — выдатна, заўтрашні — лайно. Карацей, жаданьне працягнуць адпачываць ад музыкі ня зьнікла. Але нам яшчэ шмат трэба зрабіць, каб заявіць пра сябе ў сьвеце, галоўнае, што рухаемся мы правільна! Ну… мне так падаецца…

Відэа я ацэньваць ня ўмею. Перакананы, што для выдатнага кліпу не заўсёды трэба мець шмат грошай, часам дастаткова проста добрага графіка. Часам звычайная простая кампутарная візуалізацыя чапляе больш, чым прафэсійна зьняты міні-фільм. Яскравы прыклад таму «ролінгаўскі» трэк «Doom & Gloom», аўдыё-відэа прэм’ера якога значна больш прывабная, чым непасрэдна кліп.

З-за недаверу да інтэрнэт-галасаваньня, вельмі зьдзівіла перамога гурта Irdorath у альбомным чарце. Калі да разьмеркаваньня месцаў у песенным тузіне я маю шмат прэтэнзіяў, то да альбомнага ніводнай. Мой асабісты выбар быў бы роўненька такім жа. Нават тое, што генэралы Neuro Dubel засталіся на другім месцы — заслужана. Асабіста я раблю вялікую стаўку на Irdorath у будучым гэта крута, моцна і незвычайна.

Ільля Маліноўскі, для Tuzin.fm

Экспэрт ТГ — журналіст, шоўмэн, музыка. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў Сафіі (Баўгарыя). Музыку вывучаў з чатырох гадоў у менскіх дварах. Скончыў факультэт мастацтваў па спэцыяльнасьці «журналістыка» ў Інстытуце сучасных ведаў. З 2002 году працуе радыёвядучым на радыё «Мір», Радыё Менск, «Мэлёдыі веку», апошнія 6 гадоў — на «Еўрарадыё». Піша песьні, сьпявае ў гурце, які выступае пад рознымі назвамі, ладзіць вечарыны "Рок-караоке з Ільлём Маліноўскім", вядзе рокавыя і джазавыя канцэрты і фэстывалі.