У Віцебску стартуе праект «Кінапалёт», які аб’яднае нямое кіно і музыку (відэа)
1978 / 0
19.11.2015

У Віцебску стартуе праект «Кінапалёт», які аб’яднае нямое кіно і музыку (відэа)

З 21 лістапада да 19 сьнежня ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва пройдзе сэрыя кінапаказаў нямых фільмаў з жывою музыкай. Сярод заяўленых выканаўцаў — Сяргей Пукст, Tonqixod, Re1ikt, Ягор Забелаў.

У арт-праекце «Кінапалёт» возьмуць удзел выканаўцы, якія агучылі першыя беларускія нямыя фільмы ў межах праекту «Тузін.Немаўля» — Re1ikt, Сяргей Пукст, Tonqixod. У іх жывым музычным суправаджэньні будуць паказаныя фільмы «У агні народжаная» (1929), «Кастусь Каліноўскі» (1927), «Нянавісьць» (1930). У праграму фэстывалю ўключаны таксама выступ Ягора Забелава з музыкаю да францускага нямога фільму «Мэнімальтан» (1926). Кожны кінаканцэрт будзе складацца зь дзьвюх частак — уласна кіно з музыкаю і сэту з аўтарскіх кампазыцыяў. 

Сяргей Пукст агучвае фільм «Кастусь Каліноўскі» на МКФ «Лістапад» (2013)

«Апошнім часам у Віцебску адбываецца сапраўдны культурніцкі выбух. Акром традыцыйных формаў актыўнасьці, як канцэрты і выставы, даволі папулярнымі сталі нефармальныя кінапаказы, — распавядае завадатар кінапаказаў Уладзімер Булаўскі. — Таму „Кінапалёт“ для Віцебску зьяўляецца ня толькі пэўным экспэрымэнтам, але і спробай аб’яднаць пад адною шыльдаю кіно і музыку і лякалізаваць у прасторы і часе яскравых прадстаўнікоў незалежнай музычнай сцэны Беларусі. Да ўсяго, адна з мэтаў „Кінапалёту“ ёсьць прыцягненьне ўвагі да раньняга беларускага кінэматографу, што, безумоўна, можа натхніць і сучасных творцаў».

Re1ikt агучвае фільм «У агні народжаная» на фэстывалі «Нямыя ночы» (Адэса, 2015)

«Кінапалёт» — назва, якая адсылае жыхароў Віцебску да 1980-х гадоў, калі дзейнічаў дзіцячы кінатэатар «Палёт», што месьціўся ў самалёце ТУ-134 на Маскоўскім праспэкце.

У рамках арт-праекту «Кінапалёт» пройдзе таксама выстава «250», якая была створана да 250-годзьдзя Міхала Клеафаса Агінскага. Выстава складаецца зь фільму, музыкі, скульптуры і трох фотагісторыяў.

Мерапрыемствы «Кінапалёту» можна наведаць з 21 лістапада па 19 сьнежня на пляцоўках Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва.

Праграма праекту «Кінапалёт»:

21.11 — Yegor Zabelov, «Мэнімальтан»: 1926, FRA¸ Дзьмітры Кірсанаў (ВЦСМ, вул. Белабародава, 5).

28.11 — Сяргей Пукст, «Кастусь Каліноўскі»: 1928, BY, Уладзімер Гардзін. (ВЦСМ, вул. Белабародава, 5).

12.12 — Tonqixod, «Нянавісьць»: 1930, BY, Юры Тарыч (ВЦСМ, вул. Белабародава, 5).

19.12 — Re1ikt, «У агні народжаная»: 1929, BY, Уладзімер Корш-Саблін (ВЦСМ, вул. Белабародава, 5).

05.12 — 19.12 — «250» — праект-прысьвячэньне Міхалу Агінскаму («Арт-прастора», Талстога, 7).

Квіткі на «Кінапалёт» вы можаце набыць на пляцоўках ВЦСМ:

выставачная заля, вул. Белабародава, 5

выставачная заля, вул. Фрунзэ, 11

— арт-прастора, вул. Талстога, 7

А таксама на ўваходзе. Кошт квітка — 80 000 руб. VIP-квіток на ўсе 4 кінапаказы + выстава — 300 000 руб.

Інфармацыя: +375-25-913-38-76.

Tuzin.fm