Шорт-ліст музычнай прэміі «Героі году — 2015». Намінацыя «Адкрыцьцё году»
3860 / 8
19.11.2015

Шорт-ліст музычнай прэміі «Героі году — 2015». Намінацыя «Адкрыцьцё году»

Сем прэтэндэнтаў увайшлі ў шорт-ліст у намінацыі «Адкрыцьцё году», складзены рэдакцыяй парталу Tuzin.fm. Пераможца будзе названы на вялікім канцэрце, які адбудзецца 12 сьнежня ў клюбе «Пляцоўка Хол».

Партал Tuzin.fm па традыцыі падсумоўвае вынікі году і вызначае найлепшых у дзьвюх намінацыях — «Адкрыцьцё году» і «Героі году»*. Прэтэндэнты на ўзнагароду вызначаюцца па шэрагу крытэраў. У намінацыю «Адкрыцьцё году» трапляюць тыя выканаўцы, якія сёлета ўпершыню заявілі пра сябе ўсур’ёз (пры гэтым яны могуць ня быць дэбютантамі). У «Адкрыцьцё году» гурт можа трапіць толькі аднойчы.

«Адкрыцьцё году» па вэрсіі Tuzin.fm вызначалася з 2007 году. У 2007-м ім быў названы рок-праект Пятра ЯлфімаваPitBull, пасьля — Tlusta Lusta (2008), The Toobes (2009), Akute (2010), Паліна Рэспубліка (2011), «Людзі на балоце» (2012), Hurma (2013), Сяргей Башлыкевіч і Leibonik (2014).

Сёлета ў шорт-ліст намінацыі «Адкрыцьцё году» ўвайшло сямёра прэтэндэнтаў:

МАМА

Ян Маўзэр зноў трапіў у катэгорыю надзеяў беларускага року, хоць некалі практычна дасягнуў «геройскага» статусу з сваім гуртом Mauzer. Пасьля роспуску каманды, ён зьнік на некалькі гадоў з далягляду ды наноў заявіў пра сябе праектам «Мама», які заснаваў у Кіеве. Дэбют адбыўся летась увесну, калі быў прэзэнтаваны трэк «Вам», але з прасоўваньнем у тым годзе нічога ня выйшла, і новы праект Яна стаў выглядаць на бурбалку. Аднак новы самотнік «Будзь злой» засьведчыў пра сур’ёзнасьць намераў па вяртаньні ў музычную прастору. Песьня адразу ж узьнялася на вяршыню чарту, а потым перамагла ў вельмі складаным мэгатуры на Tuzin.fm ды атрымала званьне галоўнага гіта сэзону. У кастрычніку 2015 году «Мама» прадстаўляе яшчэ адзін трэк «Сеяць вецер» і рыхтуецца да дэбютнага канцэрту.

Слухаць праект Яна Маўзэра МАМА 

Ілюжан

Гэты праект існуе з 2011 году, але ў абноўленым складзе ды з новай вакалісткай Кацяй Аліхвер заявіў пра сябе ва ўвесь голас пры канцы мінулага году. Увосень 2014-га музыкі прадставілі дэбютны EP «Выявы», а цягам усяго гэтага году актыўна выступалі ды працавалі ў студыі над альбомам-трылёгіяй. Першая яго частка «Ці чуеш» выйшла акурат у лістападзе. Песьня каманды «Як мае быць» пратрымалася ў лідэрах аўдыёчарту цягам усяго музычнага сэзону 2014—2015 і некалькі разоў сьвяткавала перамогу. Вакал Каці ачараваў грузінскую сьпявачку Ніно Катамадзэ, якая ўхваліла беларускую вэрсію сваёй песьні «Аднойчы на вуліцы» і выканала яе разам з Кацяй на сваім менскім канцэрце.

Слухаць EP гурта «Ілюжан»

Pauline

Пасьля прэзэнтацыі свайго другога самотніку «Цябе» пры канцы 2014 году Паўліна (Паліна Цімохіна) канчаткова зразумела, што для яе музыкі неабходны жывы гурт. У сакавіку 2015-га яна ўжо прэзэнтавала новую песьню «Палон», якая перамагла адразу ў дзьвюх чартах — «Шчасьлівая 13-ка» на Радыё Рацыя і ў гіт-парадзе на Tuzin.fm. А кліп на яе песьню «Пачакай» пратрымаўся ў відэачарце на Tuzin.fm цягам усяго музычнага сэзону. З гуртом Pauline стала фіналісткай Revolution Music Fest Belarus, паўфіналісткай «Маласольнага фэсту», пераможцай DreamFest ArtRock, фіналісткай конкурсу «Засьпявай 2.0». Паўліну адзначыў кіраўнік расейскай музычнай кампаніі «Бомба-Питер» Алег Грабко за «экспрэсію голаса, мэлядызм і прафэсійнае выкананьне». Сьпявачка фэерычна распачала новы сэзон 2015—2016 — яе песьня «Маё мора» ўжо тройчы ўзьнялася на вяршыню аўдыёчарту на «Тузіне».

Слухаць песьні Pauline  

Teleport

Два з паловай гады музыкі з гурту Teleport нікуды не высоўваліся з свайго рэпэтыцыйнага пункту, працуючы над гукавой канцэпцыяй. Яны не рабілі ніякіх заяваў, што заснавалі круты гурт, ня посьцілі геройскіх сэлфі з гітарамі наперавес, не крычалі, што пішуць геніяльны дыск, і не пантаваліся тым, што зводзіць яго брытанскі саўндпрадусар, які майстарыў дыск Аліны Арловай «Mutabor». Альбом быў названы «Maukliva» — менавіта гэты трэк на думку музыкаў раскрывае іх прадстаўленьні пра канец сьвету і раскрыцьцё ўласнага «Я». Гурт стаў адкрыцьцём сэрыі канцэртаў «Засьпявай 2.0», а яго вакаліст і гітарыст Яўген Цярэнцьеў увайшоў у тройку прызэраў конкурсу — за ўдалую інтэрпрэтацыю «Зачараванай» Бураўкіна і Лучанка. Да ўсяго Teleport падрыхтаваў чароўны акустычны сэт і прайшоў адбор на «Бардаўскую восень».

Слухаць альбом «Maukliva»

Angst

Беларускамоўны рэпэр Angst упершыню паказаўся ў праекце «Re:Песьняры». Яго сумесны трэк з SP Kava атрымаўся настолькі ўдалым, што вырашана было менавіта яго скарыстаць у прома-роліку. Angst таксама паўдзельнічаў у якасьці госьця ў міні-альбоме таго ж SP Kava «яМы», а неўзабаве прадставіў і трэкі з будучага сольнага альбому. Ягоны твор «Няма каханьня», запісаны пры ўдзеле Алеся Ката-Зайцава (BosaeSonca) адразу ж узьняўся на вяршыню чарту і перамог у 16-м туры сэзону 2014—2015, а ў мэгатуры змагаўся за першае месца з праектам Яна Маўзэра «МАМА», якому саступіў у апошні момант. Пра гэтага выканаўцу ўхвальна выказаліся адразу чацьвёра сябраў экспэртнай рады на Tuzin.fm, экспэрт месяца Мікалай Янкойць і сьпявак Данчык, які ацаніў наступны трэк Ангста — «Баю-баю».

Слухаць абраныя песьні Angst

zolki band

Дужа цікавая альтэрнатыўная каманда зь Берасьця выдала пры канцы 2014-га свой дэбютны альбом-антыўтопію «Доўгі доўгі дзень», які некалькі музычных экспэртаў як зь Беларусі, так і замежжа ўключылі ў лік найлепшых беларускіх альбомаў году. Сьледам за кліпам на песьню «B.E.Z.R.A.Z.L.I.C.H.I.E. — heta tradycyja» яны сёлета прадставілі яшчэ адзін відэаролік — на трэк «rak», а таксама жывое відэа на «buenos días». Увосень берасьцейцы паказалі яшчэ дзьве новыя песьні, выдадзеныя ў фармаце падвоенага самотніка «Холадна з вамі». Нягледзячы на статус «дэбютантаў», музыкі ў гэтай камандзе задзейнічаныя дасьведчаныя і засьвечаныя ў гуртах Intra muros, D_tails і «Дай Дарогу!». Да выхаду дэбютнага дыску Zolki Band паўдзельнічаў у сынгле гурта Landau і запісаў разам песьню «Сьнежань», прызнаную летась на Tuzin.fm найлепшай.

Слухаць альбом «Doŭhidoŭhi dzień»

Стась Сілка

Гэты выканаўца адзін з тых, хто ўвасабляе новую беларускую аўтарскую песьню. На яго рахунку ўжо зь дзесятак пасьпяховых сольных выступаў у родным Наваполацку, Віцебску, Горадні, Менску. Сёлета Стась прадставіў дэбютны альбом «Песьні для глуханямых», запісаны пад адну акустычную гітару і стаў адным зь пераможцаў «Бардаўскай восені». Хоць слова «бард» у дачыненьні да сябе ён ня надта любіць і наогул ня супраць набраць акампануючы склад, калі толькі зьявяцца побач людзі, блізкія па духу.

Слухаць альбом «Песьні для глуханямых»

*Шорт-ліст падрыхтаваны паводле адзнакаў сябраў рэдакцыі парталу Tuzin.fm, у якую ўваходзяць Сяргей Будкін, Вецер Мэханічны, Алег Хаменка, RWD, Яўген Шапчыц, Віктар Сямашка, Хрысьціна Дарапей, Натальля Стрыжак.

Абвяшчэньне пераможцаў у намінацыі «Адкрыцьцё году» і «Герояў году» — найлепшага гурта ў беларускай музыцы за 2015 год, а таксама ўручэньне прызоў за найлепшую песьню, кліп і альбом сэзону ды адбудзецца падчас вялікага канцэрту «Героі году» 12 сьнежня ў клюбе «Пляцоўка Хол». У гэты вечар сыграюць некалькі прэтэндэнтаў на перамогу ў абедзьвюх намінацыях. Поўны лайн-ап вечару будзе абвешчаны 23 лістапада. Да гэтае даты квіткі можна набыць па кошце (з улікам камісіі апэратара) — 100 000 (танцпляц) і 120 000 (столік). Потым будзе даражэй.

КВІТКІ НА ЦЫРЫМОНІЮ МОЖНА НАБЫЦЬ ОН-ЛАЙН ТУТ АБО Ў КАСАХ KVITKI.BY ПА ЎСЁЙ КРАІНЕ

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    20.11.2015 / 18:12

    Просім выказвацца наведнікаў - каго лічыць найбольш вартым узнагароды?

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    21.11.2015 / 13:19

    Науральна, Тэлепорт i Стась Сiлка

  • Andrew Kovecky
    Andrew Kovecky / адказаць
    23.11.2015 / 11:25

    100адсоткава Стась Сілка!!!

  • Alisa Li
    Alisa Li / адказаць
    24.11.2015 / 11:30

    MAMA!

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    24.11.2015 / 17:12

    METALLICA!!!

  • Яўген / адказаць
    25.11.2015 / 10:03

    телепорт и паулайн....силка тоже хорош!

  • Yury / адказаць
    25.11.2015 / 10:18

    Тэлепорт..

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    30.11.2015 / 00:23

    METALLICA!!!!

  • КАМЕНТАВАЦЬ