Расчуленая Рэспубліка Паліна
2151 / 2
18.11.2013

Расчуленая Рэспубліка Паліна

Перамога ў першым туры аўдыё-чарту на «Тузіне Гітоў» расчуліла сьпявачку Паліну Рэспубліку.

Менавіта зь песьняй «Лета» Паліна дэбютавала ў чарце на «Тузіне». Дагэтуль сьпявачка прадстаўляла свае новыя песьні на нашым партале, але ў гіт-парадзе ўдзелу не брала, бо шукала ўвесь час свой стыль і гучаньне. У «Леце» якраз увасобіліся практычна ўсе жаданьні Паліны на гэты конт. І той факт, што песьню высока ацанілі наведнікі Tuzin.fm, яе безумоўна расчуліў. «Нават віртуальныя і сымбалічныя перамогі прыносяць задавальненьне і ўзрушваюць, таму вялікі дзякуй тым, хто наша „Лета“ падтрымаў», — зазначыла Паліна, якая зь цікавасьцю сачыла за падзеямі ў гіт-парадзе, але сама ў сытуацыю ня ўмешвалася.

Тым часам, у складзе гурта Паліны адбыліся некаторыя зьмены. Новы склад будзе прадстаўлены на яе канцэрце ў менскім клюбе TNT 24 лістапада. Музыкі зьбіраюцца сыграць напалову электрычную, напалову «традыцыйную» — акустычную праграму. Акром таго, з 4 сьнежня пачынаецца міні-тур Паліны па Ўкраіне, які ахопіць пяць гарадоў — Кіеў, Роўна, Хмяльніцкі, Каменец-Падольскі, яшчэ адзін горад вызначаецца. Пасьля гэтага музыкі зьбіраюцца шчыльна заняцца запісам свайго дэбютнага альбому.

Падрабязнасьці пра навіны і канцэрты Паліны Рэспублікі — у яе афіцыйнай суполцы УКантакце

Tuzin.fm., фота — Аляксандар Ждановіч  

КАМЕНТАРЫ:

  • mobiusz / адказаць
    18.11.2013 / 18:28

    "Новы склад будзе прадстаўлены на яе канцэрце ў менскім клюбе TNT 24 сьнежня"
    Канцэрт адбудзецца 24 лістапада

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    18.11.2013 / 18:44

    Дзякуй, спраўдзім і паправім - інфармацыя ішла ад першакрыніцы.

  • КАМЕНТАВАЦЬ