Бітва «троляў» на Новы год (аўдыё)
2377 / 1
12.01.2016

Бітва «троляў» на Новы год (аўдыё)

Пасьля распаду Litvintroll, які быў яркай зьявай на беларускай мэтал-сцэне, паўсталі два новыя гурты, што могуць лічыццца яго спадкаемцамі. Лідэры Trollwald i Sakramant далі свае тлумачэньні з гэтай нагоды і прэзэнтавалі па дэбютным трэку.

Распад стаўся нечаканкаю ня толькі для прыхільнікаў Litvintroll, але і для саміх яго ўдзельнікаў. У красавіку 2015 году на афіцыйнай старонцы каманды зьявілася паведамленьне пра спыненьне дзейнасьці. Вакаліст Андрэй Апановіч распавядае, што гэтае рашэньне аднаасобна было прынята Васілём Верабейчыкавым, дударом каманды, які таксама вёў справы гурта: «Да зьяўленьня гэтага паведамленьня мы спрабавалі дамовіцца з Васілём наконт мірнага зь ім разыходу, бо хацелі працягваць далей безь яго, бо ён некарэктна сябе паводзіў у дачыненьні да іншых удзельнікаў гурта. Ён сказаў, што падумае, а праз пару гадзінаў мы дазналіся з „Кантакту“, што наш гурт распадаецца».

Па выніку частка ўдзельнікаў Litvintroll на чале з Апановічам (Генадзь Парахневіч, Андрэй Гарчакоў, Аляксей Жабуронак, Павал Аленчык) стварыла новы гурт — Trollwald. Яны перадумалі канцэпцыю, адмовіліся ад гроўлу і пішуць зусім новыя песьні, хоць не выключаюць, што будуць граць сёе-тое з даробку «Літвінтролю». Першы выступ гурта адбыўся на «Калядным фэсьце» 25 сьнежня. Цяпер яны зьбіраюцца здымаць кліп на адну зь песень і паехаць у тур па Беларусі разам з гуртом Znich. Дэбютны трэк гурта завецца «Легальныя прысмакі», прысьвечаны ён антыспайсавай тэматыцы.

Trollwald не зьбіраецца адстойваць назву Litvintroll, хоць па першым часе музыкі думалі выступаць пад арыгінальнай назвай прынамсі за мяжою. Нягледзячы на тое, што на афішах «Каляднага фэсту» да назвы Trollwald было прыпісана ex-Litvintroll, самі музыкі зьбіраюцца пазыцыянаваць сябе як зусім новы гурт. «Калі раптам зьявіцца нейкі іншы Litvintroll, дык на здароўе, абурацца ня будзем, сходзім на іх канцэрт, паржом», — паўжартам сказаў Андрэй Апановіч (цалкам яго інтэрвію з гэтай нагоды можна пачытаць на Budzma.by).

У Васіля Верабейчыкава — свая праўда. У адказ на словы Апановіча музыка заявіў наступнае: «Так, я сапраўды быў некарэктным, напрыклад, у моманты, калі хтосьці з хлопцаў напіваўся ў дым перад выхадам на сцэну. Мяне абражала тое, што яны не маглі выконваць належным чынам свае партыі, а іх — тое, што мне гэта не падабаецца. Таксама я чытаў, што трымаўся асобна ад гурта. Так, даволі цяжка выпіваць і адрывацца з калегамі, калі ў гэты самы час кіруеш туравым аўтобусам…». Васіль разам з басістам Litvintroll Алесем Стаціўкам стварылі новы гурт — Sakramant.  У яго таксама ўвайшоў адзін з ранейшых бубначоў Litvintroll Мікола Шаранговіч, а на гітары грае Дэн Быкаў («Анахарсіс»). І — галоўны сюрпрыз: на вакале Лэсьлі Найф, франтмэн Gods Tower.

Гурт таксама побач з сваёй назваю пазначае часам «ex-Litvintroll» і разам з новымі творамі зьбіраецца граць гіты з рэпэртуару «троляў». Так супала, што сваю першую песьню «Русалка» Sakramant таксама паказалі перад самым Новым годам. На яе ж зроблены прома-ролік.

Адносна гурта Trollwald Васіль адгукнуўся так: «Я чуў, што яны зьбіраюцца граць стоўнэр з думам. Мне асабіста падабаюцца гэтыя музычныя стылі, але не ў трактоўцы Trollwald. Хаця, здаецца, яны знойдуць свайго слухача». Алесь Стаціўка дадаў адносна самой песьні: «Гэта мог быць нядрэнны бонус-трэк ці, напрыклад, рэч для сольнага альбома Апановіча. Аднак да песьні-прэзэнтацыі гурта, які пазыцыянуе сябе як спадкаемца Litvintroll, шчыра кажучы, рэч не дацягвае. Аднак месцамі даволі цікава» (цалкам інтэрвію Васіля і Алеся з гэтай нагоды можна пачытаць на Budzma.by).

Верагодна, што сёлета абодва «экс-Літвінтроля» сутыкнуцца на адной сцэне. Магчыма, гэта адбудзецца на фэсьце «Купальскае кола» ў чэрвені, пакуль на яго толькі фармуецца лайн-ап. Такое негалоснае спаборніцтва можа пайсьці на карысьць беларускай музыцы, бо кожны з гуртоў мае стымул выглядаць як мага лепей.

Афіцыйная суполка гурта Trollwald/Афіцыйная суполка гурта Sakramant

Сяргей Будкін, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Саша Шшшшш
    Саша Шшшшш / адказаць
    11.03.2016 / 14:35

    Новыя назвы так сабе, шо ў тых, шо ў гэтых) Але калі годныя альбомы выпусцяць, то можна прызвычаіцца.

  • КАМЕНТАВАЦЬ