Дзінь-дзілінь! Зноў пара гуляць у казкі! (аўдыёпрэм’ера)
2977 / 0
18.02.2016

Дзінь-дзілінь! Зноў пара гуляць у казкі! (аўдыёпрэм’ера)

На Tuzin.fm — інтэрнэт-прэм’ера аўдыёпраекту «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі», які складаецца з 12 казак аўтарства Сяргея Вітушкі ў выкананьні вядомых у Беларусі асобаў і прысьвячаецца ўсім тым, хто верыць у свае сілы, незалежна ад узросту і абставінаў.

Аўдыёпраект «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» выйшаў на дысках пры жыцьці аўтара казак — Сяргея Вітушкі роўна чатыры гады таму. Яго рэалізаваў партал Tuzin.fm разам зь Беларускім Радыё Рацыя, а паўдзельнічалі ў запісе вядомыя музыкі, паэты і пісьменьнікі, акторы, артысты і нават дыплямат. Сяржук Вітушка, ужо цяжкахворы, пачуў свае казкі ў іх выкананьні, прыехаў у 2012 годзе на прэзэнтацыю ў Менск зь Вільні, дзе жыў апошнія 20 гадоў. У тым жа 2012 годзе, 2 ліпеня, ва ўзросьце 47 гадоў ён пайшоў у іншы сьвет. Родныя кажуць, што гэты праект крыху працягнуў яму жыцьцё.

Ужо даўно разышоўся наклад дыску з гэтымі казкамі, а людзі пастаянна пытаюцца дзе іх знайсьці. З нагоды 4-годзьдзя праекту прэзэнтуем яго цяпер цалкам у сеціве.

 

У праекце «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» ўзялі ўдзел народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, пісьменьнікі Ўладзімер Арлоў, Адам Глёбус, Андрэй Хадановіч, тэле- і радыёвядучая Тамара Лісіцкая, акторка Ганна Хітрык, тагачасны амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, сьпевакі Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Алег Хаменка, Алесь Камоцкі, Сяржук Сокалаў-Воюш. Кожны зь іх агучыў адну з казак аўтарства Сяргея Вітушкі, беларускага пісьменьніка зь Вільні.

Ідэя праекту належыць гісторыку Сяргею Харэўскаму, які задумаў зрабіць аўдыёпрацяг выдадзенай у 2011 годзе кнігі Сяргея Вітушкі ў аздабленьні Міхала Анемпадыстава. Яна стала пераможцай у намінацыі «Дзіцячая літаратура» на Радыё Свабода і заняла пачэсную пазыцыю ў агульным рэйтынгу беларускіх навінак. Але сам аўтар яе ня мог убачыць. Так склаўся лёс, што праз хваробу ён страціў зрок. Таму зноў талакой, як і ў колішнія легендарныя часы, неабыякавыя людзі зьдзейсьнілі яшчэ адзін цуд пераўвасобілі літары ў гукі, стварыўшы гэтую гукавую кнігу казак Вітушкі. Такім чынам яе пачуў і сам герой, і тысячы іншых людзей па ўсім сьвеце.

 

Сяргей Вітушка на прэзэнтацыі аўдыёдыску, 19 лютага 2012, кнігарня «Логвінаў»

Прадмова да праекту Сяргея Будкіна, Tuzin.fm:

Зь Сяргеем Вітушкам мы пазнаёміліся на пачатку 2006 году. Мы тады ладзілі канцэрт N.R.M. у Вільні ды актыўна знаёміліся зь мясцовымі беларусамі. Сяргей падаўся вельмі адкрытым і шчырым чалавекам. А яшчэ ён уразіў тым, што зусім не зьбіраецца скарацца абставінам. Праз хваробу ён страціў зрок, але навучыўся пісаць усьляпую, працягваў займацца журналістыкай ды пісаць жыцьцясьцьвярджальныя гісторыі. Дзіва, але энэргію ён мае невычэрпную, нечалавечую проста. Некалі яе хапала на змаганьне з цэлай сыстэмай і на тое, каб вучыць дарэшты зсавечаных беларусаў быць сабой і любіць сваё. Цяпер яе хапае яшчэ на большае — не апускаць рукі і жыць. І няхай беларусы ў масе сваёй засталіся зсавечанымі. Затое вунь як Паўлінка Вітушчанка, ужо дарослая дзяўчына, шчабеча па-беларуску. Гісторыя Сяргея Вітушкі — гэта прыклад таго, як можна зьмяніць сытуацыю хаця бы вакол сябе.

У гэты дыск увайшла часткі гісторыяў-казак, напісаных Сяргеем Вітушкам. Іх прачыталі вядомыя ў Беларусі людзі для ўсіх тых, хто верыць у свае сілы. Незалежна ад узросту і абставінаў.

Відэа Радыё Свабода з прэзэнтацыі дыску ў Менску

Прадмова да праекту Яўгена Вапы, старшыні ўправы Беларускага Радыё Рацыя (Беласток):

Мне пашчасьціла быць знаёмым зь Сяргеем Вітушкам з другой паловы 80-х гадоў, калі наладзіліся кантакты паміж беларускімі студэнтамі ў Польшчы і студэнцкім асяродзьдзем «Талакі». Мая першая паездка ў Менск была менавіта на турыстычную вандроўку, ладжаную Сяргеем і ягонымі сябрамі. А потым ён наведаў нас ў Варшаве і Беласточчыне. Столькі веры, надзеі і любові да роднага, беларускага ў адным чалавеку сустракаецца зрэдку. Мабыць таму адно зь вечных, беларускіх летуценьняў пра Вільню, ён вырашыў зрабіць рэальнасьцю. Гэты дыск — яшчэ адзін доказ таго, што словам і марам з маладосьці можна быць верным усё жыцьцё. Дзякую аўтару ад нас, сяброў і знаёмых зь Беласточчыны.

 

Сяргей Харэўскі і Сяргей Вітушка на прэзэнтацыі дыску

Прадмова да праекту Сяргея Харэўскага, мастацтвазнаўцы:

...Ёсьць такі герой беларускага паданьня, што нібы волат зьбіраў вакол сябе віры людзей у Менску, вёў да зорнай будучыні і раскрываў таямніцы спракавечнага, яго бачылі на Дзьвіне і на Нёмане, у палях і ў лясах, а пасьля пасяліўся ў месьце, што князь Гедымін збудаваў, і адтуль, з гары над Вяльлёю сочыць за ўсім чыста, што ў Беларусі дзеіцца. І калі што ня так, то адгукнецца. І чуюць яго былыя паплечнікі, верныя сябры ды іх дзятва… У Менску і ў Вільні дагэтуль людзі баяць легенды пра таго героя. А завуць яго Вітушка… Цяпер ён, адклаўшы ў бок свае харугвы і зіхаткі меч, піша казкі. Пэўна, ён ходзіць вечарамі ў свой чароўны сад ды сядае за стол пад казачным дрэвам, што цудоўным чынам красуе ўвесь год, і адначасна дае свае залатыя плады, што падаюць зь вясёлым звонам проста на ягоны стол… Дзінь-дзілінь! І тут зьдзяйсьняецца цуд: легендарны герой Вітушка атрымлівае ўмельства чуць усё чыста, што робіцца ў нашым сьвеце ад Полацку да Пінску, распавядаць пра складаныя рэчы простымі словамі, пісаць пра балючае з годнасьцю, а пра тужлівае летуценна… Так нараджаюцца Вітушкавы казкі.

 

...А сапраўдны наш рэчаісты Сяржук Вітушка нарадзіўся ў мястэчку зь сьветлаю назваю Чысьць, што на Маладэчаншчыне, юначыя гады правёў у Менску, дзе стаў лідэрам беларускага нацыянальнага руху моладзі прыканцы 1980-х гадоў, ачоліў клюб «Талака». Яркая харызма і чалавечая абаяльнасьць зрабілі яго асобу надзвычай папулярнай і аўтарытэтнай. Вітушка быў каардынатарам Канфэдэрацыі беларускіх суполак, што ўтваралі тады нацыянальна-дэмакратычны рух у Беларусі. Ён займаўся каардынацыяй і арганізацыяй моладзевага руху, кіраваў правядзеньнем шматлікіх акцыяў, у прыватнасьці — мітынгам на Верхнім горадзе ў Менску зімой 1987 году супраць будаўніцтва мэтрапалітэну пад гістарычным цэнтрам гораду, Вольным Соймам беларускіх суполак зімою 1988-га, экалягічных маршаў па Прыпяці і Дзьвіне. Як кіраўнік клюбу «Талака», рэгулярна ладзіў масавыя мерапрыемствы, найперш — фальклёрныя моладзевыя сьвяты (Купальле, Каляды, Гуканьне Вясны), талокі на Траецкім прадмесьці, Верхнім горадзе ў Менску. Уваходзіў у ініцыятыўную групу Аргкамітэту БНФ, браў удзел у Першым зьездзе БНФ у Вільні. Да таго ж Сяргей Вітушка быў акторам самадзейнага тэатру «Золак», дзе выдатна выканаў сваю найбольш значную ролю — Васіля Вецера ў спэктаклі «Маці ўрагану» паводле п’есы Ўладзімера Караткевіча.

 

Сяргей Вітушка падчас сьвяткаваньня Купальля, сярэдзіна 80-х, побач — Сяржук Сокалаў-Воюш

Сяргей Вітушка таксама адзін з самых яркіх публіцыстаў-палемістаў свайго часу. Ён аўтар шматлікіх публікацыяў па праблемах нашай нацыянальнай ідэнтычнасьці, разьвіцьця нацыянальнага моладзевага руху, аховы помнікаў гісторыі і культуры. За сваю беларушчыну, нацыянальную і асьветную дзейнасьць шматкроць перасьледваўся, тэндэнцыйна крытыкаваўся ў антыбеларускім і камуністычным друку. Ён заўжды быў наперадзе, у самым гушчары натоўпаў на мітынгавых плошчах, у халодных бэтонных залях і ў мядовым летнім сквары, на вясёлых шумных сьвятах і ў драматычных шэсьцях на Курапаты па ўсім Краю. А напрадвесьні незалежнасьці Беларусі абраў сабе лёс віленчука. Тамака, у старажытнай Вільні ён стаў таксама выбітным лідэрам беларускага жыцьця, грамадзкім і культурным дзеячом, рэдактарам беларускіх пэрыёдыкаў, настаўнікам у беларускай школе імя Францішка Скарыны. Але, перадусім, напаткаў сваё людзкае шчасьце, утварыўшы сапраўдную беларускую сям’ю і стаўшы бацькам… Вось жа першыя свае казкі ён і стаў складаць для сваёй дачушкі Паўлінкі. І вось здарыўся зноў сапраўдны цуд на сьвет наш зьявілася цэлая кніжка казак Сяргея Вітушкі ў чароўнай аздобе Міхала Анемпадыстава. А яшчэ і аўдыёдыск, дзе тыя казкі чытаюць вядомыя асобы. Як і 20 гадоў таму, зроблена тое было беларускаю талакою, да якое спрычыніліся дзясяткі людзей, колішніх і новых сяброў добрага казачніка.

 

Tuzin.fm і Беларускае Радыё Рацыя прадстаўляюць:

Сяргей Вітушка — Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі. 12 казак на 12 вечароў

Прадмова. Казкі здавёншчыны й цяпершчыны

Алег Хаменка — Залатое яечка

Ганна Хітрык — Вадзіца жывая-мёртвая

Лявон Вольскі — Як дзед-мароз новае сьвята прыдумаў

Адам Глёбус — Казка на Дзень гораду

Зьміцер Вайцюшкевіч — Казачка на вербную нядзельку

Тамара Лісіцкая — Казачка на Дзень Сьвятога Валянціна

Андрэй Хадановіч Вільнюсь

Алесь Камоцкі Казачка пра Цмока Базылішка

Стэфан Эрыксан — На Купальле

Уладзімер Арлоў — Казка пра Герб

Зінаіда Бандарэнка — Казка пра Гімн

Сяргей Сокалаў-Воюш — Казка пра Сьцяг

Пасьлямоўе. Уражаньні дзяцінства і юнацтва.

 

Аўтар прадмовы і пасьлямоўя — Сяргей Харэўскі

Аўтар усіх казак — Сяргей Вітушка, акром «Казкі пра Сьцяг» (С. Сокалаў-Воюш)

Голас дзіцёнка — Яніна Будкіна

Запіс — студыя «Осмос»

Музычная аздоба, мантаж, майстарынг — Андрэй Назараў

Малюнкі Міхала Анемпадыстава

Дызайн — Анатоль Лазар, студыя Adliga

Ідэя — Сяргей Харэўскі, Сяргей Будкін

Каардынатар выданьня — Сяргей Будкін

СПАМПАВАЦЬ АЛЬБОМ АДНЫМ ФАЙЛАМ З TUZIN.FM (.ZIP)

Tuzin.fm, фота Аляксандра «Tarantino» Ждановіча