Экспэрт Tuzin.fm Сяргей Доўгушаў: «Беларуская музыка выходзіць па-за межы местачковасьці»
1948 / 0
04.03.2016

Экспэрт Tuzin.fm Сяргей Доўгушаў: «Беларуская музыка выходзіць па-за межы местачковасьці»

Лідэр гурта Vuraj і вядучы «Сьпеўнага сходу» цягам месяца слухаў песьні ўдзельнікаў аўдыёчарту і глядзеў кліпы зь відэачарту ды пераканаўся ў сваёй веры ў тое, што наша музыка прарвецца праз балотныя гушчары.

Вельмі цікава паўдзельнічаць у якасці экспэрта, раней не прыходзілася. І тут я зрузумеў, як гэта складана быць судзьдзём. Канечне, прасьцей паставіць сваю адзнаку на ўзроўні «падабаецца-не падабаецца», а тут трэба капаць глыбей, шырэй… абстрагавацца і не зважаць на тое, што добрую частку ўдзельнікаў ведаеш асабіста ці сустракаесься на сцэне. Таму пішу гэты пост з думкаю як добра быць музыкантам і далей заставацца ў гэтай ролі.

Хочацца нікога не пакрыўдзіць і выказацца больш карэктна. Ведаю, што творцы вельмі ранімыя і часта прымаюць усё блізка да сэрца. Вельмі не люблю параўнаньняў, таму паспрабую гэтага амаль што не рабіць. Нешта зайшло добра, нешта прайшло не заўважна для мяне. Збольшага атрымаўся такі эмацыйны музагляд.

Гіт-парад

Re1ikt Люцэрна. Вельмі падабаецца такое спалучэньне, калі ёсьць нейкі свой прыгожы і кранальны мэлядызм, прастата — і ўсё гэта не пераходзіць у прымітывізм і папсовасьць. Чапляе. Гітовы прыпеў.

Nizkiz Цемра. Эмацыйна. З сэнсам. Ёсьць свая стылістычныя адметнасьць у голасе. Цікавы вакальны тэмбр, музычнае аздабленьне.

BruttoБудзь сьмелым. No comment. Што казаць мэтрам, якія самі ўсё ведаюць куды, дзеля каго і чаго. Праўдзіва, з густам.

Irdorath Быў. Ёсьць. Буду. Сьмела брацца за такі моцны верш. Вельмі ў тэму словы «Быў. Ёсьць. Буду» пакладзеныя на прыпеў. Сапраўды — яны тут галоўныя. Хочацца яшчэ большага вакальнага напаўненьня. Можа быць падыйшло выстраенае шматгалосьсе. Цікавая інструмэнтоўка і музычная палітра. Задумка вельмі добрая.

DzieciukiТадэвуш Касьцюшка. Рэвалюцыйна. Набалелая тэма. Творчасьць з канкрэктным сацыяльным мэсэджэм. Вельмі прыемна, што ў нас ёсьць свой такі гурт накшталту ўкраінскіх «Гайдамакаў».

АkuteО Божа мой. Харошы sound. Малайцы ў сваім стылі. Аднак, думаю, што песьня ня самая яскравая з рэпэртуару гурта.

МaмаСеяць вецер. Займае праўдзівае месца ў чарце. Беларускі аўтарскі рок. Тэкставая частка тут асноўная. Песьня можа быць добрай альтэрнатывай В. Цою.

Martin S.Так і трэба. Ёсьць нейкая лёгкасьць, акрылённасьць — ну і добра. Але ўсё ж месцамі прадказальна.

:B:N:Хвалі. І зноў па року. У пазытыўных мажорных танах, жыцьцесьцьвярджальна. Куплет-прыпеў. Калі аўтар хацеў перадаць менавіта такі настрой — атрымалася, а што болей — невядома. Харошы радыёфармат.

PaulineМаё мора. Прыгожая, лёгкая, беcклапотная песенка.

HainaТы абяцала. Па настроі нагадала нешта з 90-х.

RahisПа праспэкце. Адразу пасьля такога прыгожага рамантычна-фартэпіяннага пачатку ўрываецца крыху напружаны голас з тэкстамі пра праспэкт і горад Менск. А хацелася чагосьці іншага. Не рэзануе.

Відэачарт

Лявон ВольскіМаё каханьне. Адзін з маіх улюблёных беларускіх кліпаў. Гарманічнае спалучэньне і музычнага і візуальнага матэрыялу. Усё проста і з густам. Дасяжная ідэя. Няма візуальнага перабольшваньня, вычварнасьці, як гэта любяць рабіць многія рэжысэры-кліпмэйкеры.

BruttoРодны край. Адразу бачны высокі ўзровень рэжэсэрскай, акторскай, апэратарскай працы. Відавочна быў бюджэт. Ідэя моцная, мноства сымбаляў, якія кажуць самі за сябе. Карцінны, мастацкі. Рытм і хуткая зьмена карцінкі трымае ў напружаньні. Падабаецца вытрыманы стыль, чорна-белы тон. Дастойная праца. Можа толькі зашмат інфармацыі пададзена?!

ВерасеньХалодны блюз. Усё ж такі падаецца гэта ня першы беларускі кліп у стымпанкаўскай стылістыцы! Зачароўвае сваёй казачнасьцю, блакітнымі танамі. Ёсьць свой адметны настрой, пяшчотнае нешта. Харошая праца.

RahisГрэй мяне. Прыгожая карцінка краявідаў — адразу надае нейкай акрылёнасьці, летуценьня. Летнія ўспаміны. Усё тут добра і зь песьняй і з малюнкам. Песьня дапаўняе і зусім не кантрастуе зь відэа. Апэратарская праца — 5+.

Алесь Камоцкі Горад мой. Восеньскі настрой. Роздумы. Паэтычнасьць. Цёплая душэўнасьць, нават інтымнасьць. Добра спалучаецца як настрой музыкі, так і візуальны складнік.

Dzieciuki Ладзьдзя роспачы. Прадуктыўныя хлопцы на кліпы. Анімацыя ў кліпах заўсёды выглядае цікава.

Зьміцер ВайцюшкевічНа каляды. І зноў сьвяточны настрой, казачка. Павесяліла гарадзкая рэчаіснасьць, сучасныя вобразы на фоне «цудаў на каляды». Прыгожая маляванка. Чароўна!

Аura Па-над зорамі. Такі фармат «Эўравізіі». Кліп бачна рабіўся з сур’ёзным падыходам. Падыходзіць па фармаце да TV.

:B:N:Попел. Мала дзеі. Падаецца ўжо зашмат акцэнтаў на музыкантах (гітарыст, бубнач). Замкнённасьць, безвыходнасьць. Можа такая задумка. І зноў вобраз дзяўчыны, адносіны, выпрабаваньні.

Race of DreamersУспамін аб глыбіні. Цяжка назваць гэта кліпам. Больш мастацка-музычна-фантазійны экспэрымэнт. Аўтары можа да таго і імкнуліся. Успомніўся Чурлёніс са сваім сынтэзам музыкі і жывапісу.

HurmaПтушка. Музыканты, сябры сяброў парадавалі сябе. Зьнята больш для свайго кола.

МерадаНачны праспэкт. Відавочна што кліп ствараўся сваімі сіламі. Ёсьць нейкая прадказальнасьць-сьпяваецца пра «вітрыны» — паказваюцца вітрыны, калі пра «начны праспэкт» праспэкт. Можа і была ў тым аўтарская задумка. Шмат слабых месцаў, але ня хочацца нікога крыўдзіць. «Хто даўно ня быў у сталіцы прыяжджайце падзівіцца». Настальгія… Назад у 90-я.

Пасьля таго, як пераслухаў і пазнаёміўся з усімі ўдзельнікамі чарту — скажу што ня ўсё так і дрэнна. Ёсьць разьвіцьцё ў лепшы бок. Шкада, ня так актыўна прадстаўлена беларуская этна-музыка. Перавага ў бок альтэрнатывы, пост і поп-рокавасьць. Адкрываю ў беларускай музыцы нешта зусім новае для сябе. Дзякуй Tuzin.fm за прадстаўленую магчымасьць.

Па ўзроўні запісу і па прафэсіяналізьме вельмі вырасьлі ўсе. Але не хапае яшчэ большай адметнасьці, экспэрымэнтальнасьці, нейкай непрадказальнасьці.

Музыка зьмянілася. Стала больш гарманічнай, часткова прылізанай. Яшчэ больш зацікаўленасьці ў беларускіх тэкстах. але гэта яшчэ не адметнасьць. Хочацца большай сьмеласьці, нацыянальнай асэнсаванасьці, разнабаковасьці, месцамі большай фрыкаватасьці і несумяшчальнасьці.

Якаснае гучаньне, з прэтэнзіяй на стылёвае, такое «эўрапейскае». Музыкі выходзяць па-за межы местачковасьці, ці спрабуюць гэта рабіць. Хочацца верыць, што беларуская музыка пойдзе яшчэ далей, прарвецца скрозь нашыя балотныя гушчары і нават далёка за мяжой яе будуць успрымаць, разумець ня горш, чым у нас тут.

Беларуская папса бездыханна адыходзіць на другі плян і ёсьць спадзяваньне, што пачнецца новая музычная эра, у якой сваё месца зоймуць маладыя альтэрнатыўныя выканаўцы.

А празь некалькі гадоў нават наш беларускі адбор на «Эўравізію» ня будзе больш нагадваць сельскі клюб, а будзе нешта подобнае на тое, як гэта праходзіла сёлета ў суседзей украінцаў, дзе на сцэну выходзілі cамыя годныя і найлепшыя прадстаўнікі культуры.

Выказваю сваю павагу ўсім гуртам, якія нягледзячы на ўсе крызісныя, антымузычныя, антыкамэрцыйныя ўмовы ў нашай краіне, працягваюць займацца творчасьцю, рабіць, пісаць і прэзэнтаваць новую музыку, разьвівацца і не сумнявацца.

Cяргей Доўгушаў, для Tuzin.fm

Экспэрт Tuzin.fm — сьпявак, кампазытар, пэдагог, артыст Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, вядучы музычнага адукацыйнага праекту «Сьпеўны сход». Нарадзіўся ў 1983 годзе ў вёсцы Новае Тарчылава Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. Усё сваё дзяцінства правёў у вёсцы, там зьявіліся першыя песьні і першы музычны гурт. З 15 гадоў пачаў складаць вершы, пісаць песьні, граць на гітары. У 2000 годзе скончыў сярэднюю школу і паступіў у хіміка-тэхналягічны тэхнікум у Магілёве. Працаваў у хоры Магілёўскай музычнай вучэльні. У 2004 годзе залічаны на першы падрыхтоўчы курс Беларускай акадэміі музыкі ў Менску, а пасьля — на асноўны курс па спэцыяльнасьці «Сольныя сьпевы». У 2008 годзе сумесна са студэнтамі БДАМ стварае музычна-тэатральную суполку «Fratrez». Таксама выступае сольна, як Сяргей Клачкоў і Сяргей Гаюн. У 2010 годзе заснаваў фольк-гурт Vuraj.