Антыядзерны Тузін. Топ-12 песень пра Чарнобыль і радыяцыю (аўдыё)
2962 / 3
26.04.2016

Антыядзерны Тузін. Топ-12 песень пра Чарнобыль і радыяцыю (аўдыё)

Да 30-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы прапануем паслухаць топ-12 антыядзерных беларускіх гітоў, напісаных ад канца 80-х і да нашых дзён.

За час, што прайшоў ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС было напісана нямала шчымлівых блюзавых і рокавых балядаў, бескампрамісных рэп-чытанак і эмацыйных панк-нумароў пра жыцьцё пасьля трагедыі. Найлепшыя песьні ў гэтым музычным тэматычным рэйтынгу*.

12. Naka — BY YOU

«BY YOU» — першы беларускамоўны твор гурта Naka на чале з акторкаю Нацыянальнага драматычнага тэатру Настай Шпакоўскай. Сама сьпявачка называе свой твор «чарнобыльскай калыханкай»: «Мне тэма Чарнобылю баліць. Да ўсяго ў гэтым творы хапае яшчэ прыхаваных сэнсаў. Той, хто адчувае — зразумее. Калі сказаць сьцісла — пяецца пра Беларусь і яе блытаныя сны», — так прадставіла яе Наста ў час інтэрнэт-прэм’еры на «Тузіне Гітоў» у 2008 годзе. А праз чатыры гады музыкі вярнуліся да гэтай песьні і прадставілі відэа аўтарства Насты Шастак.

11. Тарпач — Радыяцыя

Песьня аўтарства Зьмітра Астапука ў эмацыйным выкананьні Сьветы Сугакі зь немудрагелістымі рыфмамі «радыяцыя-інфармацыя-правакацыя-нацыя» стала адным з галоўных гітоў беларускага року ў 2004 годзе, калі «Тарпач» сталі пераможцамі фэсту «Басовішча». Вакалістка тады дзівілася, чаму беларускі музыкі не зьвяртаюцца да тэмы Чарнобылю: «Гэта ж актуальна і тычыцца нас усіх. І мы хочам гэтым творам выказваць сваё шкадаваньне і спагаду. І яшчэ мы трохі баімся, што можа здарыцца калі-небудзь новы выбух…»

10. Жнюв — Добрай раніцы

…Новы выбух сапраўды здарыўся. У 2011 годзе ў Японіі. Неўзабаве пасьля гэтага музыкі з гурта «Жнюв» пры дапамозе сваіх калегаў з Unia і No Comment Band стварылі міні-мюзыкл пра небясьпеку радыяцыі, які прысьвяцілі 25-й гадавіне ад часу катастрофы ў Чарнобылі і трагічным падзеям у Японіі. Сваім творам музыкі спрабуюць засьцерагчы беларускія ўлады ад намераў будаваць АЭС на Гарадзеншчыне. «Зразумела, што спажываньне энэргіі расьце з ростам цывілізацыі. Аднак незразумела, што мы атрымаем у выніку гонкі за імгненнай выгадай і ўяўным дабрабытам. На жаль, абезгалоўленыя марыянеткі прыйдуць у сябе толькі тады, калі будзе занадта позна…» — заявілі музыканты.

9. Мутнаевока — Сэрца стук

Гэта толькі на першы погляд можна падумаць, што песьня са словамі «І паветра не хапала, а ўсё роўна ты сьпявала…» прысьвечана любоўным прыгодам. Падчас аднаго з канцэртаў лідэр эфэктнай постгранжавай каманды Яўген Змушка прысьвяціў гэтую песьню ахвярам Чарнобылю і яго словы «Я не ў палоне, але я ня вольны» тады атрымалі дадатковы сэнс.

8. Чырвоным па белым — Хвіліна цішыні-2

Рэпэр Кроў напісаў гэты трэк у 2005 годзе. «У тым, што адбылося ў Чарнобылі, я схільны вінаваціць ўлады ды іх разгільдзяйства, а ня атамную энэргетыку, якую лічу патрэбнай», — заяўляе музыкант і прызнаецца, што калі выконвае гэты трэк, упадае ў транс. На яго канцэртах гэта заўважна. «Хвіліна цішыні-2» была запісана з польскім праектам «Masala Sound System», які спэцыялізуецца на арыентальнай музыцы, зьмешанай з электронным саўндам. Першую частку гэтага твору Кроў таксама выканаў з польскім музыкам — рэпэрам UMR. Цікава, што голас, які паведамляе пра трагедыю — не арыгінальны запіс тых часоў. Гэтае паведамленьне зачытвае былы ўдзельнік ЧПБ па мянушцы Палкоўнік.

7. Бонда — Радыёактыўны блюз

«Радыёактыўны блюз» — наогул першы беларускі рок-твор, напісаны на тэму радыяцыі. Акром таго, гэта яшчэ і самая працяглая кампазіцыя з усіх «антыядзерных» гітоў — яна цягнецца больш за 8 хвілінаў. Яе, як і большасьць песень каманды, напісаў бубнач Сяргей «Боршч» Кныш у 1988 годзе. Гэты сумны блюз быў створаны пад уплывам ад той інфармацыі пра катастрофу, якая пакрысе стала адкрывацца. «За вакном лье атрутны дождж, за вакном неба мёртвых сьлёз…» — расьцягвае словы Ігар Варашкевіч. Гурт пасьпеў яе выканаць ужывую на канцэрце ў Палацы спорту. У год першага «Чарнобыльскага шляху» група «Бонда» распалася, а на яе абломках зьявілася адразу некалькі гуртоў, у тым ліку «Уліс» і «Крама».

6. Браціна — Чарнобыльскі шлях

Песьня аўтарства Алеся Марачкіна і Кастуся Герашчанкі лічыцца неафіцыйным гімнам штогадовай акцыі беларускай апазыцыі «Чарнобыльскі шлях», якая праводзіцца з 1989 году. У 2009 годзе яе запісаў гурт «Браціна» з пасёлку Кастрычніцкі, у склад якога і ўваходзіць Кастусь Герашчанка. Лідэр калектыву Алег Сёмін лічыць, што варта сьпяваць пра тое, пра што ня можа маўчаць чалавек, які мае трошкі таленту, які нарадзіўся і вырас на сваёй зямлі. Цікава, што «Браціна» стала фіналістам тэлеконкурсу «Нашы песьні» на тэлеканале ОНТ, праўда, на тэлебачаньні гэту песьню музыкі не выконвалі.

5. Кардон — Радыяцыя

Гэтая песьня беларускамоўнага гурта з Польшчы стала гімнам маладых беларусаў Падляшша ў другой палове 90-х гадоў. Яе аўтар Крыштаф Сяськевіч пяе пра шкодны ўплыў радыяцыі на беларускі народ, які ў выніку абраў Лукашэнку прэзыдэнтам. «Радыяцыя» была запісана дзякуючы ўзнагародзе, якую гурт «Кардон» атрымаў на фэсьце «Бардаўская восень — 1995» і ўвайшла ў іх адзіны альбом, прэзэнтацыя якога адбылася на фэстывалі «Басовішча-1996». Надалей музыкі выконвалі «Радыяцыю» на кожным са сваіх канцэртаў, пакуль не спынілі сваё існаваньне ў 1999 годзе. Да 20-годзьдзя фэсту «Басовішча» яна была перазапісаная для праекту «25 АББА-аркестар».

4. Голая Манашка — Радыёактыўны фон

На 20-годзьдзе Чарнобыльскай катастрофы лідэр «Голай манашкі» сабраў радкі з сваіх ранейшых тэкстаў, датычныя радыяцыі. У выніку атрымалася песьня «Радыёактыўны фон», якая была прадстаўлена ў складанцы «Чарнобыльскі вецер» (2006). Твор пачынаецца са словаў: «Песьня прысьвячаецца money». Яе аўтар Федзя Жывалеўскі зазначыў, што гэта сьцёб з музычнай індустрыі ды грантаў, якія збольшага раскрадаюцца.

3. Крама — Гомельскі вальс

Песня «Гомельскі вальс» была напісана да 10-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы. Лідэр «Крамы» Ігар Варашкевіч выказаў пажаданьне рок-паэту Зьмітру Лукашуку, каб стварыць песьню з прысьвячэньнем трагедыі. Запісалі яе разам з гуртом «Палац» і Анатолем Ярмоленкам, а рэжысэр Ягор Хрусталёў зьняў на яе кліп. Але на загад кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі з этэру ролік быў прыбраны. Аўтарытэт Ярмоленкі не дапамог, улады вельмі баяліся шматтысячных акцыяў апазыцыі, у тым ліку і «Чарнобыльскага шляху», а ў «Гомельскім вальсе» якраз сьпявалася «Гэта наш лёс, гэта наш шлях…».

2. Мроя — Краіна крывавых дажджоў

Песьню пра крывавыя наступствы камуністычнага праўленьня напісаў бубнач першага беларускамоўнага рок-гурта «Мроя» Алезіс Дземідовіч, а вакаліст Лявон Вольскі паклаў яго словы на музыку. Яна ўвайшла ў альбом «Біяполе» (1990), які апынуўся ў дыскаграфіі каманды апошнім. «Гэты твор пра адчуваньне таго часу. Пра тое, што нам дасталася ад савецкай спадчыны. І пра тэхнагенную катастрофу ў тым ліку», — казалі музыкі. Песьня зусім ня страціла актуальнасьці і ў 00-я і ўвайшла ў рэпэртуар гурта N.R.M.

1. КальЯн — Радыёактыўны сьнег

Самую эмацыйную песню пра радыяцыю напісалі фольк-панкі з Горадні — гурт «КальЯн». Яна была створана ў 1997 годзе і стала візытоўкай гэтай каманды, песьняй на ўсе часы, да якой музыкі пэрыядычна зьвярталіся ўвесь час. На яе быў зняты відэакліп, у 2008 годзе яе перазапісалі і выдалі асобным інтэрнэт-сынглам, безь яе не абыходзіцца ніводны выступ каманды, якая атрымала вядомасьць пасля перамогі на фестывалі «Басовішча-1998». «„Радыёактыўны сьнег“ — наша галоўная песня і так вырашылі ня мы, а публіка», — кажа лідэр «КальЯну» Аляксандар Дзянісаў. Пасьля прыпыненьня дзейнасьці гурта, ён выконвае гэтую песьню і ў складзе новых праектаў — «Людзі на балоце» і Dzieciuki.

CЛУХАЦЬ «АНТЫЯДЗЕРНЫ ТУЗІН» ПЛЭЙЛІСТОМ

Сяргей Будкін

*рэйтынг складзены ўпершыню для сумеснага праекту «Тузіна Гітоў» і сайту Udf.by у красавіку 2011 году

КАМЕНТАРЫ:

  • Like a Gossamer / адказаць
    26.04.2016 / 16:56

    Без прэтэнзіі на топ, але акурат да месца: https://soundcloud.com/like-a-gossamer/like-a-gossamer-kraina-cornaj-tuhi

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    26.04.2016 / 17:28

    Яшчэ ёсьць такое ад Rahis, душа душэўная тэма
    https://soundcloud.com/rahismusic/0twnelbibng7

  • Нагбом / адказаць
    01.09.2017 / 17:02

    У Мельнікава ёсць песня Чарнобыль,выйшла ў 2012-2013 годзе на альбоме "Зубы на далоні", трошкі пазней,чым быў састаўлен гэты рэйтынг,але па тэме падыходзіць.

  • КАМЕНТАВАЦЬ