Vinsent ставіць кропку ў музычным сэзоне канцэртам у Менску (аўдыё/відэа)
2280 / 0
03.05.2016

Vinsent ставіць кропку ў музычным сэзоне канцэртам у Менску (аўдыё/відэа)

Выканаўца разам з жывым складам зайграе свае найлепшыя песьні ў межах праекту «Жывы Тузін» 22 траўня ў клюбе ILI.

Сольны канцэрт Вінсэнта стане апошнім у музычным сэзоне праекту «Жывы Тузін» і заключным у туры самога выканаўцы па Беларусі ў падтрымку свайго новага альбома «Vir». «Увесну я аб’езьдзіў усе найвялікшыя гарады Беларусі з выступамі. Пабачыў як жыве краіна. На канцэрты прыходзілі цікавыя людзі, мяне натхнялі падарожжы па краіне. Мы маем шмат прыгожых гарадоў, у якіх жывуць файныя людзі. Канцэрт у Менску будзе такой фінальнай кропкай туру па Беларусі. І мы з музыкамі зробім усё, каб ён запомніўся слухачам надоўга», — абяцае выканаўца. Перад Менскам у яго заплянаваны таксама выступ у Лёндане — другі за апошнія паўгоду.

Vinsent вярнуўся пры канцы 2015 году ў музычную прастору з новай праграмай пасьля амаль шасьцігадовага перапынку, які быў выкліканы ад’ездам з краіны, здымкамі ў кіно і вандроўкамі па сьвеце. 16 сьнежня музыка пацьвердзіў, што знаходзіцца ў выдатнай форме, калі прэзэнтаваў у Менску ўжывую свой альбом «Vir». Працу высока ацанілі як слухачы, так і музычныя экспэрты. Рэліз трапіў у пяцёрку найлепшых беларускіх альбомаў году па вэрсіі Experty.by і быў адзначаны ў асабістых рэйтынгах беларускіх і замежных крытыкаў. «Гэта на дзіва сьпелы сэнсавы прадукт. Аўтар вырас у філёзафа, грамадзяніна сьвету, мужчыну, які мае досьвед у жыцьці, але ўсё яшчэ здольны тонка адчуваць», — выказаў сваё захапленьне вядучы перадачы «Відзьмо-Невідзьмо» Сяргей Філімонаў. «Я ўражаны арыгінальным падыходам і мэлёдыкай беларускай мовы!» — зазначыў музычны аглядальнік Newsweek Polska Яцэк Скалімоўскі. «Беларускай мовы я ня ведаю, але вырашыў даверыцца адчуваньням — у яго дакладны флоў і добра спрадусаваны біт, так што я веру ў тое, што ён ня стане чытаць абы што», — адзначыў аўтар латыскага музычнага парталу Intro.lv Лаўрыс Анстраўцс.

Вінсэнт выступіць 22 траўня зь вялікай праграмай, куды ўвойдуць як песьні з альбому «Vir», так і абраныя ранейшыя сьпевы. «Выканаем найлепшае, будзем міксаваць жывую музыку і электронную, імправізаваць, экспэрымэнтаваць, так што сумна ня будзе!» — кажа выканаўца. Выступаць ён будзе разам з выдатнымі музыкамі Міхаілам Марынічавым, Сержуком Падлівахіным і Раманам Саракалетавым.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ ОН-ЛАЙН

Падзея ЎКантакце/Facebook

22.05 (нядзеля). 19:00. Клюб ILI (пр-т Незалежнасьці, 131/1). Vinsent з праграмай «Найлепшыя песьні». Кошт квітка (толькі танцпляц) — 100 000 (прома-кошт да 9.05), 150 000 (астатнія), 200 000 (у дзень, пры наяўнасьці). Інфа: +375 29 687-20-93.

Адмыслова да канцэрту Tuzin.fm уклаў складанку з найлепшых песень Вінсэнта.