Абвешчаны шорт-ліст конкурсу «Засьпявай 3.0» (аўдыё)
3101 / 0
27.05.2016

Абвешчаны шорт-ліст конкурсу «Засьпявай 3.0» (аўдыё)

Журы назвала шасьцёркі фіналістаў у кожнай з трох намінацыяў конкурсу. Гэтыя выканаўцы выступяць ужывую ў летняй сэрыі канцэртаў і маюць шанец атрымаць грашовы прыз да 1500 эўра.

Усяго на конкурс, які праводзяць партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртаньне» прыйшло 78 заяваў. Зь іх журы адабрала 18 найлепшых у трох намінацыях — «Паэзія», «Кавэр» і «Пераклад». Паводле ўмоваў сёлетняга конкурсу разглядаліся заявы ад канкурсантаў ад 16 да 33 гадоў уключна.

Журы конкурсу

Галоўная намінацыя конкурсу — «Сьпяваная паэзія». Сёлета паводле ўмоваў, канкурсанты меліся самастойна выбраць верш сучаснага беларускага паэта на беларускай мове і выканаць яго ва ўласнай манеры на сваю музыку. Журы зважала найперш на арыгінальную музычную падачу і гарманічнае спалучэньне музыкі і слова. «Па-мойму, не абы-які кантакт музыкі з паэзіяй адбыўся, — зазначае сябра журы Андрэй Хадановіч. — Калі так пойдзе й далей, нашыя музыкі пачнуць арыентавацца ў сучаснай беларускай паэзіі ня горш ад саміх паэтаў, чаму я толькі парадуюся».

Па выніку шасьцёрка фіналістаў у гэтай намінацыі выглядае так (у альфабэтным парадку):

Антось Звычайны — Быў.Ёсьць.Буду (на словы Ўладзімера Караткевіча)

Голая манашка — Танец-фрык (на словы Зьмітра Вішнёва)

Pauline — Смутак гораду (на словы Ірыны Багдановіч)

Сон-трава — Горадзе наш (на словы Насты Кудасавай)

Станіслаў Чахоўскі — Астэроід (на словы Ігара Канановіча)

Ян Жанчак — Успаміны (на словы Барыса Жанчака)

Заўвага: месца ў шасьцёрцы заняў гурт «Чтобы-чтобы» зь песьняй на верш Марыі Мартысевіч «Мірны гоп», але паколькі музыкі ня маюць магчымасьці сыграць песьню ўжывую, іх месца заняў Станіслаў Чахоўскі, які па выніку галасаваньня быў сёмым.

У намінацыю «Беларускі кавэр» прымаліся ўласныя інтэрпрэтацыі вядомых беларускіх (альбо перакладзеных на беларускую) песень. Тут ацэньвалася ступень прасякненьня абраным сьпеўным матэрыялам; якасьць перакладу (калі пададзеная іншамоўная песьня); здольнасьць падаць вядомую песьню па-новаму, а таксама наданьне ёй іншага актуальнага гучаньня. «Мяне сёлета гэтая намінацыя ўразіла найбольш, — кажа адзін з арганізатараў конкурсу Павал Бераговіч. — Шмат разоў пераслухоўваў песьні, камбінаваў і перасоўваў выканаўцаў, каб выставіць сваю шасьцёрку. Атрымалася яна стракатай — тут і клясычная песенная эстрада, і кантры, і этна, і рок. Але яны ўсе для мяне амаль упоравень». А Лявона Вольскага ўразіў кавэр на песьню з «Народнага альбому» — «Я, да жалю, ня пан», якую ён вылучыў асобна.

Па выніку шасьцёрка фіналістаў у гэтай намінацыі выглядае так (у альфабэтным парадку):

Ганна Крамэр — На станцыі Койданава (кавэр на «Бонду»)

Leibonik — Я рок-музыкант (кавэр на «Мрою»)

SnopSnoǔ — Я да жалю ня пан (кавэр на «Народны альбом»)

Тутэйшыя — Чырвоны дыск Сонца (кавэр на «Без білета»)

U.G.oslavia — Фабрыка (кавэр на N.R.M.)

Яўген Барышнікаў — Здарожыўся (кавэр на «Сяброў»)

У трэцяй намінацыі «Замежны пераклад», упершыню ўведзенай сёлета, канкурсантам прапаноўвалася выбраць адну зь вядомых замежных песень, перакласьці тэкст на беларускую мову і выканаць яе па-свойму, але не пад арыгінальную музыку. Тут ацэньвалася якасьць перакладу на беларускую мову, ступень прасякненьня абраным сьпеўным матэрыялам; здольнасьць падаць вядомую песьню па-новаму, а таксама наданьне ёй іншага актуальнага гучаньня. «Як здалося, гэтая намінацыя ўсё ж заўчасна ўведзенай у конкурс. Чакаў ад аўтараў перакладаў большай сьмеласьці там-сям, адсутнасьці памылак, трапнейшых знаходак і літаратурных удачаў. Тым ня менш, усе, хто наважыўся на ўдзел — малайцы!» — зазначыў сябра журы Віталь Рыжкоў.

Па выніку шасьцёрка фіналістаў у гэтай намінацыі выглядае так (у альфабэтным парадку):

Bar Akaryna — Дзе кветкі ўсе (Pete Seeger cover)

Віктар Лупасін — Багэмская рапсодыя (Queen cover)

DW — So Far (HaBanot Nechama cover)

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў — За табой (Eros Ramazzotti cover)

Mk-band — Я зьмяняю сьвет (Eric Clapton cover)

Яўген Цярэнцьеў — Ноч у ліпні (Кипелов cover)

Усе згаданыя выканаўцы возьмуць удзел у летняй сэрыі канцэртаў «Засьпявай 3.0», якія пройдуць у чэрвені-жніўні ў самым цэнтры Менску, у дворыку на плошчы Свабоды, 4 (тэраса кавярні Chill Out) пры падтрымцы вядомых беларускіх музыкаў. Сачыце за анонсамі!

Tuzin.fm