Сэрыю летніх канцэртаў «Засьпявай 3.0» распачынае Паліна Рэспубліка!
2245 / 0
31.05.2016

Сэрыю летніх канцэртаў «Засьпявай 3.0» распачынае Паліна Рэспубліка!

10 чэрвеня пройдзе першы канцэрт зь летняй сэрыі «Засьпявай 3.0». Фіналістаў конкурсу гурт «Тутэйшыя», DW ды трыё Дзімы Нікановіча, Вольгі Сацюк і Мікіты Найдзёнава падтрымае сьпявачка Паліна Рэспубліка.

З пачаткам лета стартуе другі этап конкурсу «Засьпявай 3.0». 18 выканаўцаў, адабраныя журы, атрымалі магчымасьць выступіць ужывую ў самым цэнтры Менску, летняй тэрасе кавярні «Chill Out», якая знаходзіцца ва ўнутраным дворыку на плошчы Свабоды, 4. Усяго заплянавана шэсьць канцэртаў і кожны пройдзе пры падтрымцы вядомага госьця. У першым канцэрце з гасьцявым сэтам найлепшых песень выступіць Паліна Рэспубліка і фіналісты конкурсу — гурт «Тутэйшыя», DW ды трыё Дзімы Нікановіча, Вольгі Сацюк і Мікіты Найдзёнава.

Гурт «Тутэйшыя» прэтэндуе на перамогу ў намінацыі «Беларускі кавэр». Сябры журы вылучылі іхны кавэр на песьню «Чырвоны дыск Сонца» гурта «Без билета». Лідэрка гурта Тацяна Казановіч пераклала яе на беларускую. Гурт «Тутэйшыя» ўтварыўся ў 2014 годзе, а канчаткова склад аформіўся летась. Музыкі выконваюць свае песьні на беларускай мове ў стылях кантры, фольк, поп-рок. Бліжэй зь іх творчасьцю можна пазнаёміцца ў афіцыйнай суполцы. Грошы, атрыманыя ў якасьці прызу, музыкі хацелі бы ўкласьці ў запіс свайго дэбютнага альбому.

Дуэт DW — адзін зь фіналістаў у намінацыі «Замежны пераклад». Яны зрабілі беларускую вэрсію гіта «So Far» ізраільскага гурту Habanot Nechama. Дуэт складаецца з 18-гадовага Дзяніса Нікольскага і 24-гадовага Аляксея Варавіна. Хлопцы граюць разам зь мінулага году. У сваёй музыцы арыентуюцца на соўл, блюз і акустычную музыку. Толькі пачалі рэалізоўваць свой творчы патэнцыял, таму лічаць, што ўласныя песьні ёсьць іхным галоўным дасягненьнем. Удзельнікі дуэту мараць пра музычнае падарожжа. Каб езьдзіць з гораду ў горад і выступаць у розных нечаканых месцах. На зьдзяйсьненьне гэтай мары яны бы і патрацілі прызавыя грошы.

Трыё Нікановіч-Сацюк-Найдзёнаў было заснаванае адмыслова для конкурсу «Засьпявай 3.0». 25-гадовы музыка і паэт Мікіта Найдзёнаў пераклаў на беларускую мову песьню Эраса Рамазоцьці, сам сыграў на гітары, а вакальныя партыі выканалі яго сябры — 22-гадовы Дзьмітры Нікановіч і 22-гадовая Вольга Сацюк. У выпадку перамогі, прызавыя грошы трыё зьбіраецца патраціць на стварэньне новых сумесных твораў.

Весьці канцэрт «Засьпявай 3.0» будзе Алег Хаменка.

Увага! У продажы толькі 50 квіткоў.

ЗАМОВІЦЬ КВІТКІ ОН-ЛАЙН

Далучайцеся да падзеі! Facebook/УКантакце

10.06. Менск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19:00-22:00. Засьпявай 3.0: Тутэйшыя, DW, Нікановіч&Сацюк&Найдзёнаў. Госьць — Паліна Рэспубліка. Кошт квіткоў: 100 000 руб. (папярэдне), 150 000 руб. (у дзень, пры наяўнасьці). Інфа: +375 29 687-20-93.

Tuzin.fm