«МІП-бэнд». Умець атрымліваць асалоду (прэм’ера)
3110 / 6
22.06.2016

«МІП-бэнд». Умець атрымліваць асалоду (прэм’ера)

Праз тры гады пошукаў і экспэрымэнтаў гурт Яўгена Сяргеюка і Яўгена Цярэнцьева прэзэнтуе на Tuzin.fm свой першы самотнік «Асалода».

«Спадзяемся вы ніколі не пачуеце, як гучала гэтая песьня першапачаткова», — кажа Яўген Сяргеюк. Ён напісаў твор «Асалода» разам зь Яўгенам Цярэнцьевым (Teleport) для аднаго раённага конкурсу аўтарскай песьні пару гадоў таму. Хлопцы меліся адстаяць гонар Ленінскага раёну Менску. Тады і нарадзілася назва — дуэту на той час — «МІП-бэнд».

«Рашэньне сьпяваць свае песьні і толькі на беларускай мове было прынятае адразу і адзінагалосна. Перамагчы ў конкурсе нам было ня цяжка, бо мы адны былі ў гэтай намінацыі, і таму трапілі на гарадзкі этап. Там занялі другое месца, але ж смак сваёй музыкі адчулі і спыніцца ўжо не маглі», — згадвае Яўген. З той жа «Асалодай» яны прайшлі адбор на «Бардаўскую восень — 2014» і паехалі ў Бельск Падляскі, дзе крыху зьдзівілі сябраў журы песьняй «Рок-н-рол па-беларуску».

«Зразумела, што двум хлопцам даволі сумна граць ды сьпяваць, таму запрасілі да сябе дзьвюх добрых прыгожых дзяўчынак, а з нагоды ўдзелу ў „Маласольным фэсьце“ летась нам спатрэбіўся яшчэ і басіст. Так і сфармаваўся наш цяперашні склад. Для нас гэта вялікая ўдача — знайсьці людзей, якія аб’яднаныя адзіным поглядам на музыку», — апавядаюць музыкі. Цяпер у «МІП-бэнд» уваходзяць акром Яўгена Сяргеюка (гітара, вакал) і Яўгена Цярэнцьева (гітара, вакал) таксама Ганна Дзьмітрыева (вакал), Крысьці Бэкер (пэркусія) ды Юра Варабей (бас). На «Маласольным фэсьце — 2015», дарэчы, гурт трапіў у лік ляўрэатаў, што яшчэ болей натхніла.

Цяпер музыкі ўрэшце давялі да ладу сваю лёсавызначальную песьню, запісалі яе належным чынам на студыі і прэзэнтуюць наведнікам Tuzin.fm яе ў выглядзе самотніку. «Наша музыка пакуль ня мае адзінага кірунку, у пошуку свайго гучаньня мы граем і рок-н-рол, і рэгі, і поп-рок, але галоўным заўсёды для нас застаюцца шчырасьць і атмасфэрнасьць кожнага твору. Мы ўпэўненыя, што гэта атрымалася зрабіць у нашым першым самотніку». Яўген кажа, што ў гэтым творы ён робіць спробу падзяліцца цёплым і пяшчотным сумам па блізкіх людзях.

Найбліжэйшыя выступы гурта адбудуцца ў Горадні на пятым «Біг-Міні-фэстывалі вулічнага мастацтва» 25 чэрвеня і сольны канцэрт у «Графіці» 19 жніўня.

Асалода

Неба мяне абгарнула,

Сонца прытуліла да сябе,

Лета мяне ўдыхнула

зь цёплым ветрам,

І ты ня побач са мной,

але… але… але… але…


Кожны крок

Да цябе ўсё лягчэй,

Прабач ня змог

Жыць я без тваіх вачэй,

І кожны раз,

Гледзячы на фота,

Адчуваю асалоду.


і гэты горад нібы кінастужка з тралейбусных вокнаў,

і кадар за кадрам так хутка бяжыць,

а мне здаецца, што ўсе па парах навокал,

вось нехта на мяне са спачуваньнем глядзіць.

і ў маіх далонях пуста, у заплечніку сум,

я яго да цябе не данясу,

пакідаю ў сьлядах нам знаёмых дарог…


І кожны крок

Да цябе ўсё лягчэй,

Прабач ня змог

Жыць я без тваіх вачэй,

І кожны раз,

Гледзячы на фота,

Адчуваю асалоду.

КАМЕНТАРЫ:

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    22.06.2016 / 21:51

    Вооой, крута ж!!!

  • Евгений Сергеюк
    Евгений Сергеюк / адказаць
    22.06.2016 / 23:04

    О!ну прыемна вельмі) толькі канцэрт у Графіці перанеслі пакуль на 19 жніўня)

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    23.06.2016 / 10:48

    Паправілі, дадалі тэкст песьні

  • Прохожий / адказаць
    29.06.2016 / 10:19

    Дзіцячая лірыка, нецікавая прахадная музыка, адсутнасьць яскравых момантаў, вакал прыемны.

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    29.06.2016 / 11:57

    шаноуны, вы забылi абасраць вакал!)))

  • Евгений Сергеюк
    Евгений Сергеюк / адказаць
    29.06.2016 / 11:58

    Ну калі вакал прыемны - можна слухаць) пра дзіцячцю лірыку не згодны я. Моманты яскравыя ёсць.

  • КАМЕНТАВАЦЬ