Валянцін Акудовіч: «Прарастаньне новай сур’ёзнасьці» (аўдыё)
2932 / 0
07.07.2016

Валянцін Акудовіч: «Прарастаньне новай сур’ёзнасьці» (аўдыё)

Філёзаф Валянцін Акудовіч падсумаваў вынікі музычнага сэзону 2015/2016, абраўшы такую «мэтадалёгію»: вылучыў тыя песьні, якія прасьпяваў бы сам з ахвотаю.

У сваю пару я ўжо меў гонар удзельнічаць у выбары «тузіна гітоў». Гэта быў вясёлы занятак, бо самахоць (ды яшчэ сам-насам) ніколі ня слухаю сьпевы (і музыку ўвогуле). Што праўда, пры гэтым вельмі люблю, калі ў вандроўках ці за бяседным сталом ёсьць чалавек з гітарай (скрыпкай, дудой, гармонікам…). Але ж там ты проста сьпяваеш разам з усімі, што табе прапануюць. А тут трэба самому выбіраць, ды яшчэ каб нейкім музычным крытэрыям адпавядала. Дзе я вазьму тыя крытэрыі, калі музычнай крытыкай ніколі асабліва не цікавіўся? Урэшце рэшт падумаў: ды гараць яны гарам тыя крытэры. Давай вылучу тыя 12 песенек, якія, каб умеў сьпяваць, з ахвотай прасьпяваў бы сам для сябе. Так і зрабіў…

Прыкладна той жа самай «мэтадалёгіяй» я скарыстаўся і гэтым разам. Толькі ўжо значна больш разнастаіў яе ўласнымі прыхамацямі. Скажам, пабачыўшы ў сьпісе прозьвішчы Лявона Вольскага і Зьмітра Вайцюшкевіча, я вокамгненна вылучыў іх у «тузін». І навошта мне тут яшчэ нешта да нечага прымерваць, калі ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў іх творчасьць дорыць мне радасьць і асалоду. Перадусім з удзячнасьці, аднак ужо зусім зусім іншага кшталту, апынулася ў маім сьпісе і Brutto. Я не вялікі прыхільнік таго, што рабіў і робіць Сяргей Міхалок, хаця моцна ўдзячны яму за тое, што ён робіць. Значна інакш у мяне зь Сяргеям Пукстам і Паўлам Аракелянам. З абодвума я пазнаёміўся ў літаратурных (!) вандроўках і на агульных выступах быў зачараваны іх эўрыстычнымі талентамі. Мінаюць гады, а тая зачараванасьць толькі вялічыцца.

І апошняе. Я ўжо даўно абыякавы да патрыятычных песень, якіх так прагнула душа ў 90-х (ХХ ст.). Толькі Dzieciuki патрапілі ў мой кандуіт зусім не з настальгіі па былым. Сваёй шалёнай энэргетыкай яны ўзламалі маю абыякавасьць і змусілі падумаць, што, можа, праз нашу эпоху «хіханяк/хаханяк» ужо прарастае новая сур’ёзнасьць…

P.S. Але каб я насамрэч умеў сьпяваць, дык застаўшыся сам-насам ці не з найбольшай асалодай прасьпяваў бы чароўную песеньку «Нагуаля», якая завецца «Вясенка»

Мой тузін (сьпіс ніякай сыстэмай не ўпарадкаваны):

BosaeSonca і Ганна Хітрык — Фаервэркамі

Brutto — Будзь сьмелым

Dzieciuki Тадэвуш Касьцюшка

Ilo&friends Сьвечкі

Re1ikt і Павал Аракелян Толькі сьнег

TonqiХod і Сяргей Пукст Марозная

U.G.oslavia — Маладосьць

Зьміцер ВайцюшкевічСтары муж

Ілюжан Маценька

Крамбамбуля — То ня дудка

Нагуаль Вясенка

Naka — Малітва

Валянцін Акудовіч, для Tuzin.fm

Валянцін Акудовіч нарадзіўся ў 1950 году ў мястэчку Сьвіслач Гарадзенскай вобласьці. Філёзаф, эсэіст, культуроляг. Скончыў Літаратурны інстытут у Маскве (1980). Працаваў рэдактарам і намесьнікам галоўнага рэдактара ў штотыднёвіку «Культура», а пазьней рэдагаваў культуралягічныя і філязофскія часопісы «Крыніца», «Фрагмэнты», «Перекрёстки».  Кіраўнік аддзяленьня філязофіі і літаратуры «Беларускага калегіюму». Аўтар кніг «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялёгі з Богам» (2006), «Код адсутнасьці» (2007), «Архіпэляг Беларусь» (2010), «Кніга пра Нішто» (2012). Кнігі перакладзеныя на літоўскую, расейскую, нямецкую, польскую мовы. Асобныя тэксты друкаваліся ў Башкірыі, Вугоршчыне, Нямеччыне, Македоніі, Манголіі, Сэрбіі, ЗША, Украіне, Літве, Польшчы, Расеі, Чэхіі, Швайцарыі, Швэцыі. У розныя гады быў ляўрэатам літаратурных прэміяў штотыднёвіка «ЛіМ», часопіса «Крыніца», Беларускага гуманітарнага цэнтру, прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча, літаратурных прэміяў «Гліняны Вялес» і «Залатая літара». Дзяржаўная ўзнагарода — мэдаль «За воинскую доблесть» (1970). Майстар спорту СССР па турызьме (1980).