Рассакрэчаны лайн-ап сёлетняга «Басовішча»
1915 / 3
10.07.2016

Рассакрэчаны лайн-ап сёлетняга «Басовішча»

Арганізатары XXVII Фэстывалю музыкі маладой Беларусі агучылі поўны сьпіс гасьцей і час іх выступаў, а таксама распавялі, чым, акрамя засяроджанага слуханьня мэлёдыяў і шалёных скокаў пад біты, можна будзе заняцца на сёлетнім «Басовішчы».

Дваццаць сёмы год запар «Басовішча» вабіць аматараў незалежнай беларускай музыкі ў Борык, што пад Гарадком ля Беластоку. Сёлета два фэстывальныя дні прыпалі на 22-га і 23-га ліпеня. Традыцыйна ўваход на тэрыторыю фэсту вольны, а лайн-ап насычаны і разнастайны.

«Калі мы плянавалі праграму, то імкнуліся запрасіць і зорак беларускай музыкі, і маладых выканаўцаў. Таму для нас вельмі важны Конкурс маладых гуртоў. Мы ганарымся ўзроўнем сёлетняга Конкурсу і чакаем фіналу 22 ліпеня, бо на прыкладзе леташніх ляўрэатаў — Navi і TonqiXod — бачым, як нашыя пераможцы разьвіваюцца. Сёлета інтрыга на Конкурсе велічэзная і мы самі не бярэмся прагназаваць яго вынікі. The Glitchhh, , Intelligency, M.G. — усе канкурсанты моцныя і канкурэнцыя будзе надзвычайнай! — зазначае арганізатарка «Басовішча» Ганна Пякарская. — Асноўная фэстывальная праграма — гэта незвычайнае спалучэньне розных па стылі і гучаньні гуртоў. Мы адмыслова склалі парадак выступаў так, каб можна было паглядзець на музыкаў з трошку нязвыклага ракурсу. Спадзяюся, наведнікам фэсту прыйдзецца гэта даспадобы. Калі шчыра, каб была магчымасьць, я б і сама не сыходзіла з танцпляцу ўсе два дні!»

Хэдлайнэрамі у першы фэстывальны дзень стануць партызаны беларускага року — гурт «Крамбамбуля» на чале зь Лявонам Вольскім, а ў другі дзень — гурт Brutto. Сярод замежных гасьцей — сэрбскі праект Erik, польскі гурт Jazzombie ды Gogodzy Ganski з Украіны, а таксама падляскія гурты Ilo&Friends і Zero-85. А яшчэ госьці «Басовішча» стануць сьведкамі музычнага экспэрымэнту: спачатку польскі гурт Hańba! і беларуская каманда Dziciuki зайграюць свае сэты, а пасьля абʼяднаюцца ў панк-фармацыю Hańbuki, каб яшчэ гадзіну запальваць танцпляц. І, вядома, слухачоў чакаюць выступы гуртоў Re1ikt, :B:N: ды іншых выбітных беларускіх камандаў!

Пазамузычныя актыўнасьці на фэстывалі таксама будуць. У суботу арганізатары запрашаюць правесьці гадзіну зь «Беларускай анімацыяй» на кінапаказе, паспрабаваць свае сілы на спартовых спаборніцтвах ды далучыцца да тэатральных варштатаў. Ася Стэльмашук і тэатар «Czrevo» прадставяць пастаноўку «Ksenia» на падляскай мове, а нямецкія журналісты прэзэнтуюць дакумэнтальны фільм, створаны на леташнім «Басовішчы».

Як заўсёды, непадалёк ад сцэны зьмесьціцца намётавае мястэчка, месца ў якім каштавацьме 30 PLN з асобы. На тэрыторыі «Басовішча» працавацьмуць стэнды зь беларускай вопраткай, кнігамі, студыя тату і барбэршоп.

Сачыць за навінамі фэстывалю можна праз афіцыйную старонку.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Андрэй Філіпчык
    Андрэй Філіпчык / адказаць
    14.07.2016 / 22:57

    Што за фігня, заўсёды ж месца ў мястэчку каштавала 20 злотых, ці я нешта блытаю?

  • Hanna Piekarska
    Hanna Piekarska / адказаць
    14.07.2016 / 23:19

    Каштавала, але як усе ведаем змянілася палітычная сітуацыя ў Польшчы, не атрымалі мы фінансавання, а гэта бясплатны фестываль, над якім арганізатары працуюць як валансёры і нажаль, у гэтым годзе, каб падтрымаць высокі стандард фесту, былі мы прымушаны паднесці кошт мястэчка. Таксама, у канцы канцоў, на мястэчку будуць душы, таму лічым што кошт не кашмар, тым больш што за 2 суткі.

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    20.07.2016 / 02:12

    "Што за фігня"... - хлопчык, назаві мне хоць пару адэкватных фестываляў у Беларусі, дзе кошт будзе у эквіваленце 30 злотых!
    Дзесятку яму жалка...

  • КАМЕНТАВАЦЬ