SnopSnoǔ прапануе патанчыць як у апошні раз (прэм’ера альбома!)
2113 / 1
27.07.2016

SnopSnoǔ прапануе патанчыць як у апошні раз (прэм’ера альбома!)

Музыкі зь менскага інды-гурта заяўляюць, што ў іхным альбоме «Танцпляц» кожны элемэнт уяўляе каштоўнасьць. Кожная нота і кожнае слова, эфэкты, паўзы — усё на гэтай кружэлцы мае свой сэнс.

Гурт SnopSnoǔ складаецца з трох чалавек і існуе з паўгоду. Свой першы канцэрт музыкі далі ў межах летняй сэрыі «Засьпявай 3.0» у чэрвені. Але знаёмыя між сабою музыкі даўно. Вакаліст Сяргей Іваноў і бас-гітарыст Раман Еляневіч гралі раней у гурце «Джына», а Раман Жарабцоў на той час быў гукарэжысэрам каманды, а ў новым гурце перакваліфікаваўся ў бас-гітарыста. На выбар назвы паўплываў альбом Леаніда Фёдарава «Сноп снов», музыкі вырашылі напісаць яго на беларускі манер, лацініцаю. Сьпяваць вырашылі выключна па-беларуску. «Нам цікава разьвівацца менавіта ў беларускамоўным рэчышчы і знаходзіцца ў гэтай культурнай прасторы. І іншых варыянтаў мы проста ня бачым. Нам нецікава быць чарговай групай, якая сьпявае па-ангельску», — тлумачыць выбар Раман Еляневіч, які запісаў на альбоме бас-гітару і сынтэзатар.

зьлева направа: Сяргей Іваноў, Раман Еляневіч, Раман Жарабцоў

У красавіку SnopSnoǔ упершыню паказалі як яны гучаць, калі прэзэнтавалі дэбютны самотнік «Litaść». Цяпер жа музыкі прэзэнтуюць паўнавартасны альбом «Taнцпляц» з 8 песень. Запісаў іх Раман Жарабцоў, а майстарынг зрабіў Канстанцін Пыжоў. Запісваўся матэрыял на хатняй студыі.

«Гэта альбом-гісторыя. Калі мы яго пісалі, мы стварылі вельмі канкрэтны вобраз: людзі, якія адчуваюць набліжэньне чагосьці непазьбежнага, кшталту канца сьвету, вырашаюць пры канцы атрымаць асалоду ад жыцьця. Гэта нібы танцы на касьцях, пір падчас чумы. І „танцпляц“ — менавіта тое месца, дзе гэта павінна адбыцца», — распавядае пра канцэпцыю праграмы Сяргей Іваноў. Музыкі заклікаюць нават у самых дрэнных абставінах умець знайсьці нешта жыцьцясьцьвярджальнае. «Ён сумны, але праз гэты сум прабіваецца надзея. Увогуле, мы намагаліся зрабіць альбом, у якім кожны элемэнт быў бы каштоўным. Кожная нота і кожнае слова, эфэкты, паўзы — усё на гэтай кружэлцы невыпадкова», — кажа Сяргей. Акрамя вакалу ён адказваў на запісу за сынтэзатары і электроніку.

Выступ на «Засьпявай 3.0», фота Алісы Ахрамовіч

«У нас не было мэты накруціць нейкі модны саўнд, мы ўвесь час экспэрымэнтавалі, спрабавалі рэалізаваць самыя розныя ідэі, дадаць нейкія цікавыя элемэнты і у той жа час захаваць мінімалістычнасьць. Хочацца верыць, што ў нас атрымаўся ня проста набор песенек, а суцэльны твор, які захочацца слухаць ад пачатку да канца», — дадае гітарыст Раман Жарабцоў.

Увосень гурт мае намер зладзіць жывую прэзэнтацыю свайго альбома.

Спампаваць альбом SnopSnoǔ – «Tancplac» адным файлам (.ZIP)

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    19.09.2016 / 18:34

    SnopSnoǔ: “Мова – гэта код, які трэба разгадаць”
    Вялікае інтэрвію гурта з нагоды выхаду альбома на Budzma.by
    http://budzma.by/news/hurt-snopsnou-mova-heta-kod-yaki-treba-razhadac.html

  • КАМЕНТАВАЦЬ