!OUT: Гітарыст-фантаст Яўген JJ OK Зыковіч (аўдыё)
2009 / 0
22.10.2016

!OUT: Гітарыст-фантаст Яўген JJ OK Зыковіч (аўдыё)

Удзельнік гуртоў The Glitchh і Stardust Circus ператварыў гітару ў струнны сынтэзатар і запісаў альбом імправізацыяў, інсьпіраваных галівудзкай фантастыкай. Tuzin.fm прэзэнтуе рэліз Яўгена JJ OK Зыковіча з камэнтарамі аўтара.

«My Guitar Sounds Like That» («Мая гітара гучыць такім чынам») — першы сольны альбом Яўгена. «Гэта мае саўндтрэкі да ўлюбёных старых фільмаў — „Чужы“, „Зорныя войны“, „Той, хто бяжыць па лязе“… Па назовах трэкаў можна здагадацца, што да чаго адносіцца», — кажа аўтар. Гукавы дызайн таксама быў зроблены так, каб нагадваць гук зь відэакасэтаў.

9 кампазыцыяў на альбоме Зыковіча плаўна перацякаюць адна ў адну, нагадваючы незямное падарожжа, а калі яшчэ глыбей — то мэсу з арганам і хорам. Цяжкая марудная плынь у шчыльных слаях атмасфэры, якую ня хочацца спыняць. Музыка адначасова грубая й пекная, як каштоўныя каменныя пароды. Яна атрымалася большай за аўтара, суцэльнае й безасабовае духоўнае перажываньне, непадкантрольнае рацыі. Можа, таму тут практычна адсутнічаюць у звыклым сэнсе гітарныя сола. Шасьціструнны інструмэнт падлучаны да шматлікіх эфэктаў пераўтварыўся ў струнны сынтэзатар.

Яўген апісвае генэзіс свайго дэбютніку: «У мяне гэтыя ідэі капіліся гадоў сем, але не было ні сродкаў, ні жаданьня. Хацелася ўсё да розуму давесьці. А тут неяк летась засеў, зьявіліся магчымасьці. З большага ўсе гэтыя кампазыцыі — імправізацыі. То бок, ёсьць асноўная думка, вакол якой я потым вярчуся. Я сядаў увечары, каб прывесьці кампазыцыю ў парадак, а зранку ўключаў „play“ і запісваў».

Яўген JJ OK Зыковіч выступае разам з Вовам Плюмбумам

Высьветлілася, што ўвогуле першым інструмэнтам у жыцьці Яўгена Зыковіча стаў сакс, другім — фагот, гітару асвойваў паралельна. Жывучы ў Берасьці, Яўген быў знаёмы зь некаторымі ўдзельнікамі авангардовае суполкі «Рацыянальная дыета», запісваўся на славутай студыі «Воздух». А першую вядомасьць у Менску набыў як гітарыста ў складзе глэм-рокавае фармацыі Stardust Circus і праз уласны гурт The Glitchh — той самы, які сёлета стаў першым выключна інструмэнтальным канкурсантам за ўсю гісторыю фэсту «Басовішча». Некаторыя адзначылі фірмовы амэрыканскі саўнд, аднак Зыковічу не падабаецца такое параўнаньне: «У іх свой саўнд, у нас свой». The Glitchh, між іншым, таксама рыхтуецца сёлета выдаць новы альбом.

Тым часам, сольны кірунак Яўгена JJ OK Зыковіча трансфармуецца, прасоўваецца ў новыя далягляды й набывае арыгінальныя формы: кожны канцэрт не падобны на папярэдні, да музыкі можа далучацца адмысловы відэашэраг альбо жывы бубнач, альбо бубнач разам з паэтам. Як тое здарылася падчас выступу ў Берасьці, дзе пад музыку JJ OK свае вершы дэклямаваў Воўка Плюмбум. Цяпер Яўген прызнаецца, што яму больш хочацца не запісвацца, а менавіта выступаць. Жывая прэзэнтацыя «My Guitar Sounds Like That» у Менску прайшла сёлета ў траўні, на youtube-канале музыкі выкладзены ўвесь відэазапіс таго выступу.

Віктар Сямашка, фота з фэйсбуку Яўгена Зыковіча