Праклён беларускіх музычных гуртоў
1624 / 3
24.10.2016

Праклён беларускіх музычных гуртоў

Адсутнасьць амбіцыяў і несур’ёзнасьць мэтаў — у гэтым бачыць асноўную праблему беларускіх музыкаў аўтар Tuzin.fm Барыс Шчука.

Беларуская музычная дзейнасьць разьвітая дрэнна ў параўнаньні з суседнімі краінамі — нават з малалюднымі прыбалтыйскімі. Гэта тычыцца любога стылю і сцэны, у тым ліку і фальклёрнай, — акрамя, хіба што, акадэмічнага музычнага асяродку.

Раней музыкі наракалі на цяжкое эканамічнае становішча і немагчымасьць мець добрыя інструмэнты і студыі — але ж у такіх самых умовах жылі і Расея, і Ўкраіна! Сёньня нават шэраговыя гурты граюць на інструмэнтах за тысячы даляраў і рэпэтуюць на прафэсійных студыях па $5 за гадзіну — але творчы фон не зьмяніўся, калі ўвогуле не дэградаваў.

Магчыма, галоўны наш праклён — несур’ёзнасьць цэляў. Неамбітнасьць. Людзі ствараюць гурт, але ня ставяць перад сабою канкрэтных, вымяральных задач, выкананьне якіх вяло б да росту. «Проста граць разам»; «каб гайдала!»; «быць крутымі»; «парваць усіх» — гэта ня цэлі. А вось «запісаць два альбомы»; «выдаць 20 сынглаў і 5 EP»; «дасягнуць 20 000 падпісчыкаў у кантакце»; «сабраць поўную КЗ „Мінск“/„Менск-Арэну“» — такія ды іншыя фармальныя цэлі, калі няўмольна ісьці да іх выкананьня, дазволяць расьці.

Макс Корж стаў першым беларускім артыстам, які сабраў «Менск-Арэну» (2013)

Ня ставячы супольных вымяральных цэляў, музыкі ператвараюцца з суб’ектаў у аб’екты, якіх туды-сюды носіць стыхія падзеяў у гуртах. З бясцэльнага балота аднаго гурта чалавек можа ўцячы ў другі, у якім на гэтае імгненьне адчуваецца «варушняк» і «пэрспэктывы». Праз год варушняк сьціхае, пэрспэктывы гаснуць і музыка вяртаецца ў стары гурт, часам ва ўсіх змыслах кідаючы новы, — ці ідзе ўвогуле ў наступнае, трэцяе месца.

Яшчэ горш, калі, уцякаючы зь бясцэльнага балота, чалавек стварае музычны праект з нуля, набірае і натхняе людзей, а потым губляе зацікаўленасьць і вяртаецца ў свой стары, больш «прэстыжны» гурт. «Дзеўкі-хлопцы, прабачце, але ў нас ТАМ тэма пайшла!»

Мяккая разнавіднасьць праклёну бясцэльнасьці — распад гуртоў пасьля першага альбому. Гэта журботна, бо на першых рэлізах набіраецца каштоўны досьвед, які мог бы прывесьці да зьяўленьня сапраўды якасных наступных твораў. Частая прычына такога распаду — розныя цэлі ўдзельнікаў або папросту адсутнасьць такіх у паловы зь іх.

Гурт Mauzer распаўся за тыдзень да прэзэнтацыі другога альбому (2011)

Адпаведна, варта ня толькі асабіста, але і на ўзроўні калектыву праясьняць, куды вы рухаецеся. Калі палова ўдзельнікаў проста хоча сцэнічнай статуснасьці і «чаду з угарам», то і амбітным людзям у гэтым складзе давядзецца зьмірыцца з узроўнем правінцыйнай тусовачкі зь яе пастаяннымі ўнутранымі канфліктамі і ператасоўкамі. Жаба на балоце можа лёгка пераскокваць з адной купіны на другую, утульнейшую, і задаволена крумкаць, але прынцэсай ёй ня стаць.

Бясконцыя пераскокі не дазваляюць ні накопліваць досьвед, ні паляпшаць якасьць, ні нават мець стабільныя міжасабовыя стасункі. Усё гэта, як і сама еднасьць, прыходзіць, толькі калі мы атрымліваем супольныя (супольна жаданыя!) перамогі, пасьпяхова супольна пераадольваем нейкія бар’еры, дасягаем вымяральных вынікаў. Для чаго, канечне, патрэбная здольнасьць цярпець і чакаць.

Гурт Re1ikt за 10 гадоў актыўнай дзейнасьці запісаў 5 студыйных альбомаў, выдаў 3 DVD-дыскі, здымае сёмы кліп, удзельнічаў у дзясятку музычных праектаў

Гэта цяжка, але дае рост і самапавагу. Калі выкананьне задачы будзе здавацца непад’ёмным, вельмі аддаленым і неверагодным, узгадвайце добрую думку аднаго немца. «Самы марудлівы чалавек, калі ён толькі не губляе зь віду цэлі, ідзе хутчэй за таго, хто блукае бясцэльна».

На загалоўным фота — Віталь Гуркоў, прыклад амбітнасьці і сур’ёзнасьці мэтаў

Барыс Шчука, «Вольны архіў», для Tuzin.fm

Увага! Меркаваньне аўтараў можа не супадаць з пазыцыяй рэдакцыі

КАМЕНТАРЫ:

  • Piotr Dudanowicz
    Piotr Dudanowicz / адказаць
    28.10.2016 / 02:56

    Трошкі не па тэме размовы
    але на мой погляд важнае пытанне:
    Што за краіна такая Прыбалтыка? (яно ў першым сказе)

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    28.10.2016 / 11:46

    Ваша рацыя, стылістычная памылка. Паправілі на "прыбалтыйскія" (краіны)

  • Vadzimir / адказаць
    07.11.2016 / 01:20

    Зноў жа, не па тэме, але ж: мяркую лепш казаць "балтыйскія краіны" "краіны Балтыкі". "Прыбалтыка" - рудымент савецкіх часоў, калі не памыляюсь.
    Дзякую.

  • КАМЕНТАВАЦЬ