«У мяне ўжо вока дзёргаецца як слоў-мо ў гэтым відэа». Irdorath паглядзелі кліп-чарт
4067 / 0
02.11.2016

«У мяне ўжо вока дзёргаецца як слоў-мо ў гэтым відэа». Irdorath паглядзелі кліп-чарт

Аўтары найлепшай песьні і найлепшага альбому сэзону 2015/2016 на Tuzin.fm сталі экспэртамі першага туру ў новым музычным сэзоне і падзяліліся ўражаньнямі ад пачутага і ўбачанага.

Нас папрасілі выказаць нашае меркаваньне пра актульныя чарты «Тузіна». Аднак, мы вырашылі даць камэнтар толькі пра кліп-чарт. Прычын некалькі, але галоўная — ацаніць візуальны матэрыял мы можам досыць аб’ектыўна пасьля працы над сваімі кліпамі «As Bas» і «Adde Duas».

Пры праглядзе чарту, стварылася ўражаньне, што многія аўтары абыякава ставяцца да якасьці свайго прадукту, не цікавяцца трэндамі і наогул ня маюць жаданьня ствараць канкурэнтаздольны матэрыял, ня кажучы ўжо пра твор мастацтва. Прычынай такой халтуры можа быць пазыцыя «мне ня важна што робяць іншыя, я творца і гэта маё бачаньне» ў сукупнасьці зь лянотай. У любым выпадку такое грэблівае стаўленьне прыводзіць да несуцяшальнага выніку: ня ўсе відэа тут, на наш погляд, наогул зьяўляюцца кліпамі.

Якой бы простай або складанай ні была ідэя, перад тым як яе ўвасабляць, трэба добра папрацаваць, вывучыць тэхнічны бок пытаньня, надаць увагу дэталям, і, урэшце рэшт, паглядзець кліпы наймацнейшых прадстаўнікоў жанру. Нават за мінімальны бюджэт можна зьняць кліп, які захочацца перагледзець і паказаць іншым.

Калі група выкладвае ў сетку халтуру і называе гэта сваім кліпам — яна паказваеце ўсяму сьвету сваю планку, свой узровень. Дарагія музыканты, нават калі вы патрацілі грошы і час, а вынік вам не падабаецца — не выкладвайце гэта ў сетку, дапрацуйце або пакіньце ў мінулым як вопыт. Музычныя кліпы — рухавік прагрэсу на музычным рынку. Ці чарговае сьмецьце ў сетцы. Самі выбірайце.

Такім чынам, пра чарт.

Pomidor/off — Дым

Надзея:

Добрая песьня з моцным пасылам. Зь першага погляду мінімалістычная анімацыя адштурхнула мяне, але неўзабаве зацягнула, пагрузіла ў змрочную атмасфэру трэку. Вельмі спадабалася рашэньне ў канцы кліпу зь людзьмі, якія ляцяць уверх. Але павінна сказаць, што першыя 40 сэкундаў кліпа па-майстэрску выклікаюць галаўны боль. Упэўнена, што самі музыкі прамотваюць пачатак :) У астатнім жа вельмі годна.

Крама — Белая вада

Уладзімер:

Мікс кадраў людзей у акулярах (а пасьля без акуляраў) і канцэртнага відэа. Сумна, глябальнага сэнсу, заяўленага ў анатацыі, я не знайшоў. Live-відэа на гэту песьню было б для мяне значна цікавей. А песьня добрая.

Час лайна — Будзь трусам

Уладзімер:

Правакацыя павінна быць якаснай і пераканаўчай. Тут няма ні таго, ні іншага. Вельмі зьдзіўлены і расчараваны тым, што гэта відэа трымаецца ў топе і камэнтары станоўчыя, хоць мульт-кліп на песьню «Дым» Памідорава бязьлітасна зганьбаваны… Узровень цяперашняй апазыцыйнай публікі ясны і засмучае.

Relikt — Галота

Надзея:

Ох, ужо гэта ірванае слоў-мо, зробленае без належнага абсталяваньня; ох ужо гэтыя неінфарматыўныя кадры, якія ёсьць у кліпе толькі таму што запоўніць 6 хвілін якасным кантэнтам — гэта сур’ёзная праца; ох ужо гэтая загадкавая рэжысура; ох ужо гэтыя «некалькі месяцаў працы над кліпам»… Гэта відэа нельга ацэньваць з прафэсійнага пункту гледжаньня. Фан-арт… Можна спыніцца на тым, што хлопцы замарочыліся, пастараліся і выказалі сваю любоў да музыкі гурта. На гэтым і малайцы.

Superboyz — Мацi

Уладзімер:

У якасці сьцёбу — нядрэнна. Дамы ў вобразах русалак псуюць карціну татальнай заціснутасьцю. Мабыць, ранавата яшчэ ў Беларусі раскрываць тэму цыцак. У цэлым, не шэдэўр, але глядзець было цікава.

Вочы — Яна

Уладзімер:

Вельмі шкада, калі спроба зрабіць высокі арт-гаўс прыводзіць да такога выніку. Перагон матэрыялу ў ЧБ ня робіць яго больш якасным, загадкавым і прыгожым, не паляпшае акторскай гульні, і апэратарскай працы.

Дуэт «Агата» — Юр’я

Надзея:

Не зусім зразумела на каго арыентаванае гэта відэа і на што яно прэтэндуе. Сарамлівыя музыканты каля ракі, здымкі паркоўкі і падземнага пераходу з дрыжачых рук, зноў гэта ірванае слоў-мо. Вельмі несучасна. Але названа кліпам і зьмешчана ў чарт. Жадаю групе росту. Хочацца каб беларуская культура распаўсюджвалася ў больш эстэтычнай і прывабнай форме.

Колір — Застацца сабой

Надзея:

Ад паўсюднай цягі да прыгожага запаволеньня без замарочкі пра тое як гэта робіцца, у мяне ўжо вока дзёргаецца амаль як слоў-мо ў гэтым відэа. Відэа аматарскае, дзяўчынкі мімішныя, шкло бруднае. У мяне ўсё. Спадзяюся, група эвалюцыянуе, пасталее, і з вышыні вопыту сапраўды здыме кліп «з фокусам на кансэрватызм, мінімалізм і геамэтрыю», як гэта было заяўлена ў апісаньні.

Naka — Мая Малітва

Надзея і Ўладзімер:

Кліп, на галаву вышэй за астатняе прадстаўленае відэа. Можна ў любым месцы паставіць на паўзу і атрымліваць эстэтычную асалоду. Прафэсійная карцінка, прадуманыя вобразы, выдатныя кадры, сьвятло, і, нават, закадравая агучка. І вядома, музыка. Адзіны кліп з чарту, які выклікаў сапраўдных мурашоў.

Без билета — Мая краіна Беларусь

Надзея:

Гэта зусім нятанны кліп і ў яго ўкладзена шмат працы. Выкарыстаньне розных лякацыяў, пралёткі, прыгожыя пэйзажы, гэта ўсё так, але… Вобразы, касьцюмы, грым, музыка і пазыцыянаваньне гэтага як альтэрнатыўнай візытоўкі Беларусі, выклікаюць няёмкасьць і непрыняцьце. Нястыльна і нясмачна.

Grem-Set — Калi б я быў белай птушкай

Уладзімер:

Выклікае выразнае адчуваньне прагляду БТ. Апранутыя ў адпрасаваныя банданкі і кашулькі брудныя каўбоі цалкам адпавядаюць адсутнай акторскай гульні. Гэта відэа будзе выдатным кантэнтам для нацыянальнага тэлебачаньня.

Pragnavit — Achviarnaja kroŭ Stodu Viečnaści.

Надзея:

Пэрсанаж на 4:56 у пакамечаным бульбяным мяшку, парэзаным зьнізу на палоскі нажніцамі, у прынцыпе цалкам перадае ўзровень усяго твору мастацтва.

Стварэньне кліпу — гэта вялікая праца. Музыка, малюнак, ідэя, дэталёвасьць і тэхнічны бок пытаньня — усё павінна быць прапрацавана. Калі музыкі ня вельмі стараюцца пры стварэньні відэа, яны могуць падмануць адгаворкамі сябе і сваіх сяброў, але не гледача.

Жадаем усім прагрэсу. Няхай беларускія кліпы для ўсяго сьвету стануць не чарговым шырспажывам, а эталёнам якасьці і самабытнасьці.

Надзея і Ўладзімер Ірдарат, для Tuzin.fm