Топ-12 восені-2016. Перамагла паэзія!
3263 / 0
03.12.2016

Топ-12 восені-2016. Перамагла паэзія!

У тройцы самых запатрабаваных песень — Cяргей Жадан, які перасьпяваў Лявона Вольскага, Botanic project зь песьняй на верш Янкі Купалы, і «Голая манашка», якая паклала на музыку паэзію Зьмітра Вішнёва.

Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 верасьня 2016 да 1 сьнежня 2016 году зафіксавана 70 200 праслухоўваньняў (для параўнаньня — у гэты ж пэрыяд летась было 56 700). Больш за ўсё песьні з каналу «Tuzin.Streaming_Belarus» слухалі ў Беларусі (44 858). На другім месцы — ЗША (5471), трэцяя — Україна (4965). Пасьля ідуць Расея (3730), Польшча (2265) і Канада (1834).

Сьпіс самых запатрабаваных трэкаў на канале выглядае наступным чынам.

12. Dzieciuki Чорны хлеб і гарбата (505)

Шэраг песень гарадзенскай панк-рок каманды з альбому «Рэха», які быў прэзэнтаваны ў сакавіку на Tuzin.fm, па-ранейшаму трымаюцца ў топ-12. Сярод іх — бонусная кампазыцыя з дыску, якая ўяўляе зь сябе беларускі перасьпеў польскага гіта «Czarny chleb i czarna kawa» гурту Strachy na Lachy.

11. Dzieciuki — Мужыцкая праўда (516)

Попыт не згасае і на першы альбом «Дзецюкоў» — «Гарадзенскі гармідар» (2014). Артыкул пра прэм’еру гэтага альбому на Tuzin.fm cтаў самым чытаным у нас на сайце за чатыры гады. А песьня зь яго «Мужыцкая праўда» яшчэ і трапіла ў топ-12 восені-2016. Колькасьць агульных праслухоўваньняў толькі на Soundcloud складае 10 200.

10. Dzieciuki Трымайся, браце! (582)

Песьня італьянскіх партызан на беларускі лад нязьменна ад часу прэзэнтацыі альбому «Рэха» прысутнічае ў топ-12. Гэты нумар — адно з галоўных упрыгожаньняў канцэрту «Дзецюкоў». На жаль, пакуль у межах Беларусі ўжывую не пабачыш, бо гурт узьненавідзелі ідэолягі.

9. Юры Несьцярэнка і Пятро Ялфімаў — Мару бачыць гэты дождж (608)

Трэк з альбому дуэтаў Юрыя Несьцярэнкі «Сьвята на дваіх», які стаў пераможцам чарту. Гэта беларускі перасьпеў (ці хутчэй нават пераказ) славутага гіта 70-х гурту Creedence Clearwater Revival. Аўтар арыгінальнай кампазыцыі Джон Фогерці пачуў гэтую вэрсію і даў дабро на выкананьне.

8. Leibonik — Я рок-музыкант (696)

Самы ўдалы беларускі кавэр конкурсу «Засьпявай 3.0» з часткаю ўласнага тэксту Сяргея Башлыкевіча зноў трапляе ў сэзонны топ-12. Дарэчы, менавіта дзякуючы гэтай песьні Leibonik аднавіў дзейнасьць: музыкі сабраліся разам пасьля доўгага перапынку і вырашылі працягваць.

7. The Superbullz Чарка-шкварка (801)

Новы самотнік гурту, прэзэнтаваны на гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі разам зь лірык-відэа. Музыкі ўкладаюць у «чарку-шкварку» зьбіральны вобраз сярэднестатыстычнага маладога чалавека, якога нічога не цікавіць у жыцьці, акром элемэнтарных патрэбаў. На меркаваньне Алеся-Францішка Мышкевіча, менавіта такія людзі 100 гадоў таму былі інфінікаваныя вірусам камуністычнай ідэі, што і прывяло да жахлівых наступстваў у нашай гісторыі.

6. Pauline Людзі, дзе вы? (869)

Новая песьня Паўліны — выдатнае сьведчаньне як можна спалучыць паэзію з музыкай. Недарма гэты твор прызнаны найлепшым у намінацыі «Сьпяваная паэзія» на конкурсе «Засьпявай 3.0». Посьпех сьпявачка дзеліць з паэткаю Ірынай Багдановіч, на верш якой напісаная кампазыцыя.

5. Re1ikt Navalnica (891)

Песьня з новага альбому «Kufar», напісаная пад уражаньнем ад дзіцячых успамінаў. Навальніца тут — гэта сымбаль пагрозы, якая абавязкова міне: хмары разыдуцца, зазьзяе сонейка і жыцьцё рушыць далей. Так што музыкі заклікаюць слухаць гэтую песьню ў цяжкія хвіліны і не губляць надзею.

4. Angst Раздражняе (1061)

Прэзэнтаваны на Tuzin.fm трэк пакуль безальбомнага беларускага рэпэра выклікаў немалы ажыятаж. «Наша Ніва» назвала яго «самым злым трэкам беларускага рэпу» і разам з тым раскрыла сапраўднае імя выканаўцы. Ім аказаўся — і тут паэзія! — Віталь Рыжкоў.

3. Голая манашка — Танец-фрык (1159)

Зноў посьпех сьпяванай паэзіі. Песьня на верш Зьмітра Вішнёва трапіла ў фінал «Засьпявай 3.0», перамагла ў 1-м туры аўдыёчарту і працягвала трымацца сярод лідэраў усю восень. Праўда, лідэр гурту Фёдар Жывалеўскі вырашыў, што зь яго досыць, зьняў песьню з чарту і разарваў усялякія адносіны з нашым парталам.

2. Botanic project А хто там ідзе (1298)

Экспэрымэнт па злучэньні паэзіі Янкі Купалы і музыкі Боба Марлі выклікаў немалую цікавасьць слухачоў — літаральна за тыдзень песьня маладэчанскай рэгі-каманды назьбірала больш за 1000 праслухоўваньняў і ўварвалася ў топ-3.

1. Жадан і Собаки — Рок-музыкант (3571)

Ад часу прэзэнтацыі ўкраінскі перасьпеў «мроеўскага» гіта пастаянна знаходзіцца ў топ-12: мінулай восеньню ён быў на другой пазыцыі, вясною узначаліў топ, летам саступіў месца двум трэкам Адэлі Вольскай, а ўвосень вярнуўся на пазыцыю лідэра, дадаўшы да агульнай колькасьці праслухоўваньняў яшчэ 3,5К.

Tuzin.fm