«Герояў году-2016» назавуць Хаменка, Pauline і «Крамбамбуля»!
2111 / 0
01.12.2016

«Герояў году-2016» назавуць Хаменка, Pauline і «Крамбамбуля»!

12 сьнежня ў клюбе «Грай» абвесьцяць імёны пераможцаў прэміі «Героі году-2016». Весьці канцэрт будзе Алег Хаменка.

«Адкрыцьцё году-2016» абвесьціць Pauline. Cьпявачка зазначае, што для яе самой атрыманьне прэміі ў гэтай намінацыі стала штуршком для стварэньня новых песень. «Намінацыя „Адкрыцьцё“, на мой погляд, заўсёды аванс. І калі ня граць/не сьпяваць/не ствараць ты ня можаш, тады ты проста павінны гэты аванс адпрацаваць. Такія мерапрыемствы — гэта матывацыя, гэта новыя знаёмствы, гэта падстава для музыкаў падвесьці вынікі ў сваёй працы за год. Нам, безумоўна, патрэбныя такія прэміі… і ня толькі прэміі. Нам патрэбная ініцыятыўная, моцная і дружная музычная суполка, у якой акрамя здаровай канкурэнцыі, будзе яшчэ і падтрымка, супраца, а як вынік: прэміі, конкурсы, фэсты, цікавыя музычныя выданьні і ўсё іншае, што спрыяе актыўнаму музычнаму руху», — кажа Паўліна.

Гурт Pauline на летнім фэсьце «Засьпявай 3.0», фота Алісы Ахрамовіч

Пераможцу ў намінацыі «Герой году» назаве прадстаўнік гурту «Крамбамбуля». Лявон Вольскі кажа, што летась успрыняў навіну пра ўганараваньне свайго праекту як станоўчую адзнаку альбому «Чырвоны штраль» і прэзэнтацыйнага віленскага канцэрту. Таксама «Крамбамбуля» абвясьціла пра сыход у лясы, а гэта «геройскі» ўчынак у нашыя дні, кажа Лявон. «Я лічу, што прэміяў мусіць быць шмат. А тады ўжо іх можна аб’яднаць у адну агульнанацыянальную, калі дамовяцца Заснавальнікі. І трэба будзе прыдумляць іншую назву, бо Рок-каранацыя“ ўжо неактуальная», — кажа музыка. Дарэчы, ён можа атрымаць прэмію і сёлета — ужо за свой сольны праект.

«Крамбамбуля» выступае ў Вільні, фота Сяргея Шапавалава

Акром таго, 12 сьнежня будуць адзначаныя пераможцы ў намінацыях «Кліп сэзону», «Альбом сэзону» і «Песьня сэзону» паводле галасаваньня cлухачоў на партале Tuzin.fm. Весьці канцэрт «Героі году» будзе Алег Хаменка. У межах імпрэзы выступяць гурты SnopSnou, Inteligency і Vuraj. Квіток можна набыць праз SMS або праз сэрвіс Bezkasira.By. Кошт — 12 руб. (папярэдне), 15 руб. (на ўваходзе).

 Tuzin.fm