Што глядзелі ў 2016 годзе. Топ-12 відэа
4503 / 0
05.01.2017

Што глядзелі ў 2016 годзе. Топ-12 відэа

Падборка самых папулярных ролікаў беларускіх выканаўцаў на афіцыйным канале Tuzin.fm на Youtube.

У 2016-м годзе колькасьць падпісантаў каналу Tuzin.fm на Youtube дасягнула лічбы 1400. Агулам праглядаў за год было зафіксавана 286 000 (гэта менш, чым у 2016, калі было 377 880, але больш, чым у 2014, калі было 190 332. Агульная колькасьць праглядаў на нашым канале імкнецца да мільёну (на сёньня 919 292). Наведнікі паставілі за год відэа на канале 3923 лайкі (і 196 дызлайкаў). Найбольш гледачоў традыцыйна зь Беларусі (63%), потым ідзе Польшча і Расея (па 7,9%), Украіна (6,1%) і ЗША (3,6%).

Тузін самых запатрабаваных відэаролікаў 2016 году выглядае наступным чынам (у дужках колькасьць праглядаў за 12 месяцаў).

12. Андрэй Макарэвіч — Сьнег (2705)

Афіцыйная Youtube-прэзэнтацыя беларускамоўнага трэку лідэра «Машины времени», запісанага для праекту парталу Tuzin.fm i грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Падчас свайго прыезду ў Менск на запіс кампазыцыі і канцэрце з гэтай нагоды расейскі музыка не наважыўся выканаць яе ўжывую — дужа пераймаўся за вымаўленьне. Толькі празь некалькі месяцаў, на дні народзінаў Уладзімера Цэсьлера музыка сьпяяў усё ж «Сьнег» па-беларуску.

11. Cяргей Міхалок — Зорачкі (3507)

Акустычная вэрсія песьні, якая была прызнаная найлепшай на «Тузіне» ў сэзоне 2008/2009, была зьнятая для праекту расейскага сайту OpenSpace.Ru. Відэа было дададзена на наш канал у 2011-м годзе і спраўна набірала прагляды пяць гадоў, аднак увосень 2016-га раптоўна было заблякаванае «за парушэньне правілаў Youtube у адносінах галізны ці матэрыялаў сэксуальнага характару». Скарга і тлумачэньні, што нічога крымінальнага ў відэа няма, не дапамагла, ролік так і не аднавілі.

Пакуль яшчэ гэтае відэа даступнае для прагляду на фан-акаўнце Brutto.

10. Re1ikt — Хадзіла галота (4278)

Фан-арт, які музыкі ўпадабалі і залічылі ў афіцыйныя кліпы. Аўтаркай сцэнару і рэжысэркай кліпу выступіла выкладчыца курсаў «Мова нанова» ў Бабруйску Алеся Лацінская. Галоўныя ролі выканалі віялянчэлістка гурта Vodar Ганна Лукашык, гісторык Зьміцер Шапялевіч ды краязнаўца Яўген Лісоўскі, які, дарэчы, неаднаразова здымаўся ў ваенна-гістарычных фільмах. Што тычыцца сюжэту, дык аўтары імкнуліся ня проста кіравацца тэкстам, але напісалі сваю гісторыю.

9. Re1ikt — Зрушаны сьвет (5224)

Кліп, які зьняў лідэр гурту, бубнач Аляксандар Дземідзенка быў прэзэнтаваны на Tuzin.fm у лістападзе 2015-га. Па сюжэце музыкі граюць у ангары, куды не трапляе сонечнае сьвятло, але з дапамогаю музычнай энэргетыкі і добрых думак жыцьцё адраджаецца і квітнее. Кліп на гэтую песьню яшчэ і дэманстрацыя магчымасьцяў — музыкі хацелі паказаць сваю пазытыўнасьць, драйвавасьць і рокавасьць.

8. Рэй — Бывай.by (5786)

Артыст расейскага лэйблу «Студия Союз» Сяргей Скуратовіч запісаў сваю першую песьню па-беларуску ды зьняў кліп на яе на Менскім моры. Атрымалася шчымліва, кранальна і душэўна. Рэй такім чынам хацеў перадаць свій сум па Радзіме, а разам з тым пазнаёміць зь беларускай мовай расейскую публіку. Таму і зрабіў надпісы на дзьвюх мовах. Па выніку кліп вельмі прыязна быў сустрэты беларускай публікай, што для поп-твору вялікая рэдкасьць. І сапраўды трапіў на расейскую ТВ.

7. Зьміцер Вайцюшкевіч — Дачакайся, матуля (6374)

Першы афіцыйны відэакліп Вайцюшкевіча, які быў прэзэнтаваны ў 2014-м на дзень нараджэньня Генадзя Бураўкіна, аўтара верша «Дачакайся, матуля». У роліку, які зьняў рэжысэр Расьціслаў Смольскі закладзена вельмі асабістае для самога выканаўцы: як і галоўны герой песьні, ён у свой час пакінуў матулю, калі паехаў вучыцца. І шмат чаго не пасьпеў сказаць. Агулам жа Вайцюшкевіч прысьвяціў гэтую працу ўсім беларускім матулям.

6. Крама — Дзяўчынка (8652)

Гэта відэа было прэзэнтавана ў 2014-м годзе, яшчэ да выхаду альбому «Белая вада». «Крамаўцы» лічаць яго сваім першым сур’ёзным кліпам. Каб было атмасфэрна, кінэматаграфічна ды эмацыйна. Да здымак сапраўды падыйшлі грунтоўна, як ніколі: узялі ў арэнду на ноч Тэатар беларускай драматургіі, паставілі сьвятло і гук ды здымалі да раніцы. Сюжэтную лінію зь дзяўчынай рэжысэр Андрэй Ляўковіч здымаў асобна на вуліцах Менску.

5. Neuro Dubel — Жыцьцё (10 882)

Кліп, зьняты ў Варшаве тэлеканалам «Белсат» 10 гадоў таму, прысутнічаў у топ-12 і ў 2015-м, а сама песьня ўвайшла ў «залаты тузін» у 2005 годзе. Сам Кульлінковіч называе гэты твор сьведчаньнем таго, што ён жывы. Музыкант некалі перажыў складаную апэрацыю на мозг і дактары давалі яму мала шанцаў выжыць. Цікава, што ў здымках узялі ўдзел толькі два ўдзельнікі каманды — уласна Кульлінковіч ды гітарыст Яўген Броўка.

4. Зьміцер Вайцюшкевіч — На Каляды (12 761)

Анімацыйнае відэа Сяргея Кастрыцкага прэзэнтаванае перад Калядамі-2014. У густоўным і прафэсійна зробленым кліпе распавядаецца пра жыцьцё ў адным правінцыйным мястэчку, а музыкі з WZ-orkiestra — піяніст Канстанцін Гарачы, баяніст Аляксандар Шувалаў і ўласна Зьміцер Вайцюшкевіч — паўстаюць у ім у вобразе коцікаў. Словы да песьні напісаў паэт Уладзімер Някляеў.

3. «Стары Ольса»  One (17 373)

На відэа, якое прадаставіў нашаму парталу тэлеканал ОНТ, «Стары Ольса» выконвае той самы кавэр гурту Metallica на старадаўніх беларускіх інструмэнтаў. У 2015-м агульная колькасьць яго праглядаў у сеціве перасягнула 2 мільёны, гурт сабраў грошы на альбом кавэраў ды зьезьдзіў у тур па ЗША. У «One» сьпявае Андрэй Апановіч, які неўзабаве сыйдзе з гурту. Ягоную вакальную партыю пасьля выконвае Алесь Чумакоў.

2. Ляпіс Трубяцкі — першае зьяўленьне на ТВ (32 934)

Менавіта гэтае відэа, якое Tuzin.fm упершыню апублікаваў на пачатку 2015-га, узначаліла топ-12 пазалетась і мела попыт цягам усяго наступнага году. На ім можна пабачыць удзельнікаў першага складу гурту — бас-гітарыста Дзьмітрыя Сьвірыдовіча, бубнача Аляксея Любавіна, гітарыста Руслана Ўладыку. Уладыка кажа, што зьнята яно ў 1993-м, Міхалок мяркуе, што гэта 1992, а то і 1991 год. Ёсьць таксама меркаваньні, што гэта запіс з 1990 году.

1. Dzieciuki  Сумнае рэгі (32 937)

Кліп Алеся Залеўскага і Яўгена Шапчыца ўжо два гады як ёсьць полем дыскусіі паміж беларусамі, украінцам і расейцамі. Больш за 250 камэнтароў, пад 1000 лайкаў і тры дзясяткі дызлайкаў, агулам больш за 70 тыс. праглядаў. У ім ставіцца знак роўнасьці паміж бальшавізмам і нацызмам. Зьнялі яго ў два дні. Першы дзень прысьвяцілі Курапатам і Хатыні. Другі дзень здымкам гурту пад Горадняй.

Яшчэ: 12 самых папулярных музычных відэа 2015 году

Увага! У гэтым рэйтынгу ўлічваюцца прагляды толькі на канале Tuzin.fm на Youtube.com. Агульныя прагляды кожнага роліку (празь іншыя плэеры, сацсеткі ды іншых карыстальнікаў, якія маглі дадаць гэтае ж відэа на свой канал), могуць быць вышэйшыя ў некалькі разоў.

Tuzin.fm