«Закон Гука»: «Мы патрэбныя сваёй краіне, як жаўнеры войску» (прэм’ера)
4860 / 1
17.01.2017

«Закон Гука»: «Мы патрэбныя сваёй краіне, як жаўнеры войску» (прэм’ера)

Музыкі з гурту «Закон Гука» распавялі ў інтэрвію Tuzin.fm пра дачыненьні музыкі і фізыкі ды прэзэнтавалі сынгл «Бяссоньне» з будучага дэбютнага альбому.

«Закон Гука» існуе крыху болей за год. Гурт заснавалі былыя ўдзельнікі каманды «Мёртвый сезон» Лёкса Кузьмін (гітара, вакал) і Зьмiцер Кандраценка (бубны). Стыль свой вызначаюць, як рамантычны пост-панк. Сьпяваць вырашылі па-беларуску. Хлопцы дасягнулі ўжо некаторых посьпехаў — сталі паўфіналістамі конкурсу «Ведай нашых», які праводзіць радыё «Сталіца» ды ляўрэатамі рок-фэсту «Мелодии уходящего лета», што праводзіўся ў Паставах. Сам гурт базуецца ў Менску, але свой першы сынгл з будучага дэбютніка вырашылі запісаць у Магілёве. З гэтага факту і пачынаем нашу размову з нагоды прэзэнтацыі рэлізу «Бяссоньне» на TuzinFM

ТГ: На што ехаць менскаму гурту ў Магілёў, каб запісаць песьню?

Мы знаёмыя з хлопцамі з магілёўскага гурту Nizkiz і нам вельмі падабаецца як яны гучаць на сваіх запісах. І мы хацелі атрымаць для сябе такую ж якасьць. Па гэтай прычыне і з парады Зьмітра Халяўкiна зь Nizkiz мы трапілі ў рукі прафэсіянала сваёй справы — Дзяніса Манёнка са студыі «Arzamas-16», які займаўся ўсімі пытаньнямі запісу і зьвядзеньня. Увесь альбом мяркуем пісаць тамсама.

ТГ: Якая наогул можа быць тут пэрспэктыва для такога музычнага праекту, як ваш?

Сваім існаваньнем мы павялічваем колькасьць дабра на плянэце (сьмяюцца). Пэрспэктыва і мэта для нас — трапіць у гісторыю. Зрабіць сваю справу як музычны гурт, як асобы, уяўляць зь сябе матэрыяльную каштоўнасьць. Нельга проста сказаць, што нас няма мы ёсьць і ўжо гэта вельмі добра!

ТГ: Але для чаго і для каго вы граеце? На што разьлік?

Нам цікава жыць! Нам цікава жыць і ствараць тут і цяпер, глядзець на нашых людзей і паказваць ім, што беларусы мэгакрутыя! На жаль, у тутэйшых і дагэтуль існуюць комплексы непаўнавартасьці і іх трэба пазбаўляцца.

Мы прысьвячаем музыцы свой вольны час, грошы, думкі, энэргію, значную частку свайго жыцьця. Каб пашырыць беларускую музычную прастору. І мы адчуваем, што вельмі патрэбныя Краіне, як жаўнеры войску, як кроў сэрцу. Мы адмяняем забароны і забабоны ў галовах людзей. Хочам, каб праз нашу музыку яны станавіліся лепш. Задавалі самі сабе слушныя пытаньні і самі ж адшуквалі адказы на іх. Гэта важна, бо не існуе гатовых адказаў! Хочацца, каб яны абуджаліся ад сваіх звычайных стэрэатыпаў паводзінаў. Хочацца, каб слухаючы нашы песьні беларусы адчулі нацыянальную годнасьць, каб хацелі «людзьмі звацца».

ТГ: Вы, мабыць, укладалі нейкі сэнс у сваю назву?

Так, назва нашага гурту паходзіць ад фундамэнтальнага закону фізыкі, які апісвае напружаньне і дэфармацыю пругкага асяродзьдзя, што лёгка пераносіцца на чалавечае жыцьцё прымаўкай «як узарэш, так і зьбярэш».

Мы думаем, што ўнутры кожнага чалавека ўсё вельмі няпроста і гэта нагадвае складаны мэханізм, які жыве сваімі законамі. Жыцьцё чалавека — гэта няспынныя ваганьні і дэфармацыі, разгоны і тармажэньні, узьлёты і падзеньні. Усё гэта акурат і апісвае фізычны закон дэфармацыі, закон гуку.

Што да музычнага складніку творчасьці гэта безумоўна драйв! I магчымасьць выказаць сваё, тое што ёсьць унутры.

ТГ: Што асабіста вас радуе ў беларускай музычнай прасторы, а што ўводзіць у ступар?

Беларушчыны ў Беларусі становіцца больш гэта добра, гэта цешыць. Усё больш гуртоў, якія пяюць выключна па-беларуску. І, як вядома, колькасьць зь цягам часу пераходзіць у якасьць. Заўважна тэндэнцыя, што ўжо амаль у кожнага гурту ёсьць у рэпэртуары песьні на мове. У людзей паволі абуджаецца цікаўнасьць да беларускай музыкі. Пэўна ўжо няма рэчаў, якія б маглі ну вось так увесьці ў ступар. Нават «чорныя сьпісы» і наогул палітыка дзяржавы ў дачыненьні да беларускай музыкі і культуры асабліва ня дзівяць. Усе людзі розныя, розныя адпаведна і іх уяўленьні пра культуру і яе месцы ў грамадзтве.

ТГ: А якая музыка на вас паўплывала і ці ўражвае хто з прадстаўнікоў сучаснай беларускай сцэны?

На кожнага з нас паўплывала розная музыка — ад The Doors да Ягора Летава і Тома Ўэйтса. Але шмат якія былі агульныя ўплывы, асабліва беларускія — «Крама», «Палац», Вольскі, «Камэлот». Наогул, мы імкнемся надаваць вялікую ўвагу менавіта тэкставай нагрузцы нашых песень, каб слухача ня толькі гайдаў рытм, а каб кожны мог задумацца, паразважаць разам з намі. Мы хочам, каб слухачы ўслухаліся ды прасякнуліся нашым сьветам, перажывалі разам з намі тое, што мы хочам данесьці.

З сучаснай беларускай музыкі найбольш уражваюць TonqiXod, Akute, By Сry, Re1ikt, Nizkiz, :B:N:. Канечне, N.R.M.-Вольскі ды «Ляпісы»-«Бруты», куды бязь іх! Шмат якаснай беларускай музыкі — гэта вельмі добра. Мы лічым, гэта крута і правільна, што для таго, каб быць пачутым, трэба змагацца і шмат працаваць: недастаткова проста выйсьці і засьпяваць па-беларуску. Гэтым ужо нікога ня зьдзівіш. Трэба быць сапраўды найлепшым, мець штосьці выключнае, вартае таго, каб быць выказаным слухачу, рабіць ня толькі якасны прадукт, але і ўмець правільна яго падаць.

ТГ: Што ўяўляе зь сябе ваш першы сынгл з дэбютнага альбому?

«Бяссоньне» — песьня пра тое, што наш розум абмежаваны фізычным навакольлем. Каб пабачыць больш і адчуць глыбей, трэба ўмець выходзіць за яго межы. Пагрузіцца ў сьвет ілюзіяў і мараў, дзе ўсё проста і лёгка. Пабачыць, што няма аніякіх межаў, яны прыдуманыя нашым матэрыяльным целам. І вось калі чалавек дасягае гэтага стану, то ўсё становіцца відавочным.

Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    17.01.2017 / 12:55

    Невялічкае ўдакладненьне ад музыкаў: назва гурту пішацца з дзьвюх вялікіх літараў - "Закон Гука". Гук - гэта прозьвішча вучонага, які знайшоў гэты закон.

  • КАМЕНТАВАЦЬ