Belsat Music Live №5: «Стары Ольса» (відэа+новы анонс!)
984 / 0
04.02.2017

Belsat Music Live №5: «Стары Ольса» (відэа+новы анонс!)

Госьцем пятага выданьня аўтарскае праграмы Сяргея Будкіна стаў гурт «Стары Ольса» — гонар і годнасьць беларускае музыкі.

«Стары Ольса» мысьліць глябальна, дзейнічае рашуча ды яшчэ падае гістарычны матэрыял настолькі пераканаўча, што нават абсалютна абыякавы да сярэднявечнай музыкі, можа зачаравацца гукамі іх лютні, ліры, флейты, дуды ды яшчэ дзясятка іншых інструмэнтаў. Сёлета «Стары Ольса» спраўляе 18-годзьдзе. За гэты час выдадзена 11 альбомаў, зьнята 9 кліпаў і дадзена тысячы канцэртаў. Кожная новая праца «ольсаў» — падзея для беларускай музыкі надзвычайная. Гэтыя музыкі капаюць углыб стагодзьдзяў ды ўдыхаюць новае жыцьцё ў забытыя творы. І роўных ім у гэтай справе ў нас проста няма. Пры ўсёй сівізьне, а часам акадэмічнасьці твораў, «Стары Ольса» падае іх з абсалютна рокавым драйвам. Пра іх песьні сапраўды можна сказаць, што яны на ўсе часы.

Размова зь Міраю Шульц пойдзе пра тое, чым натхняюцца творцы ў мінулым і ў сучасным. Удзельнікі каманды распавядуць, чаму не зьбіраюцца надалей граць кавэры на рок-клясыку і зьвяртацца па народнае фінансаваньне. Вядома ж, размова пойдзе і пра посьпех гурта ў Амэрыцы — неўзабаве яны зноў выпраўляюцца з канцэртамі за акіян. У адмысловым сюжэце Хрысьціна Дарапей распавядзе, як зрабіць у Беларусі ўдалы краўдфандынгавы праект.

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Літвін» (музыка народная, словы Зьмітра Сасноўскага)

«Highway to Hell» (музыка і словы гурта AC/DC)

«Кола рыцэрска» (музыка і словы народныя, пераклад Зьмітра Сасноўскага)

Шостае выданьне Belsat Music Live выйдзе ў этэр у наступную суботу, 11 лютага ў 20:30 на тэлеканале «Белсат». Госьцяй будзе Паліна Рэспубліка.

TuzinFM