Экспэрт Tuzin.fm Сяргей Філімонаў: Vinsent скокнуў вышэй за галаву
4175 / 2
12.12.2013

Экспэрт Tuzin.fm Сяргей Філімонаў: Vinsent скокнуў вышэй за галаву

Агляд гіт-парадаў па выніках лістапада падрыхтаваў аўтар і вядучы праграмы пра сусьветны шоў-біз «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў, экспэрт месяца на Tuzin.fm.

Па-першае, хачу павіншаваць усіх адказных за аднаўленьне нашага славутага беларускага «Тузіну Гітоў»! Гэткага музычнага «праменьчыка сонца ў цёмным царстве» безгустоўнай постсаўковай прасторы. Па-другое, не хапае пачуцьцяў перадаць словамі ўсю тую багатую палітру беларускай музычнай поп-культуры, якая літаральна ўцісківаецца ў тыя 12 месцаў гіт-параду! Шчыра кажучы, я быў зьдзіўлены. Усе удзельнікі традыцыйнага аўдыё-тузіну — моцныя, разнастайныя, цікавыя. Аніводнага трэку я ня кінуў слухаць на сярэдзіне. Аніводны сьпеў не нагадвае ванітных пакутаў гэтак званых «папсовых» імпрэзаў зь незразумелымі прэміямі. Нават, аўтсайдэры галасаваньня.

Вясёлая прыпеўка-частушка «Драздоў» забаўляе, там можа толькі дзяжурныя гітарныя запілы не на месцы, хай бы якія народныя інструмэнты зайгралі? А так, чаму не? Арцёма Міда слухаць, увогуле, было ня сорамна. Нават, «…мяў-мяў (яно так сьмешна гучала), рот не зачыніць…» прапанавала асучаснены варыянт гаражнай рок-музыкі. «Муза» Bigi — псыхадэлічны індзі-заплыў… лірычны, не дурнаваты ані на хвіліну. Але, на жаль, не аптымістычны, каб захапіць уяўленьне шырокіх колаў. Наш народны гіпарскі інструмэнт — «дудка беларуская» (ці флейта) надае гэткае псыхадэлічнае адценьне неблагому эстраднаму нумару «Чырвоных зорак» і Кацярыны Пытлевай. Інструмэнтальныя ж кіўкі ў бок Браяна Мэя, на маю думку, для гэтай песьні былі ня вельмі патрэбныя. Валазьнёў і Прасьнякоў нагадалі савецкую эстраду пачатку 80-х, але ня горшы варыянт. Які грунтуецца на чульлівых мэлядызмах кшталту павольных сьпеваў гурта Bee Gees. Разумны, лірычны, з пачуцьцём меры, густу… рэп-талент. Gleboki Smak. Хай часам і нагадвае якіх знакамістасьцяў ад Мобі да… іншых, але сваё — ёсьць! Антыпод басяцкім запісам юных камсамольцаў. Добры дэбют! Фрык-фолькавы гіпі мадэрн у выкананьні Kriwi ня вельмі арганічна выглядае сярод сьпеваў, якія прэтэндуюць на гітовасьць. Такія кампазыцыі, як у Kriwi, выдатна гучаць у альбомах. Яны на месцы ў транспэрсанальным трыпе. Не на танцпляцы. Альбом жа гурта — адзін з наймацнейшых сёлета. Kilfil — такія гурты ёсьць «крыламі сучаснай беларускай поп-музыкі». Ня проста гойдае, але захапляе. …Мой асабісты фаварыт гітовай табліцы — Yellow Brick Road з нумарам «Нулявыя». Брыт-поп, пост-панк, індзі… скрыпучы гаражны гук — ім толькі на карысьць, выдатны асэнсаваны тэкст. «Голая душа»? Не, ня голая. У маднючым прыкідзе.

Вынаходлівы ды эклектычны сьпеў li-Ili злучае і нагадвае шмат чаго, ад гурта Kasabian да старадаўніх поп-панк эксперымэнтаў Clash. Гойдае, не стамляе ні на хвіліну, захапляе. «Новая хваля» ад Sciana маюць сваю энэргетыку, кругагляд, настрой… Варта толькі пазычыць хлопцам рухацца ў бок «беларускага Enter Shikari», а не, напрыклад, Placebo. Думаю, у іх гэта атрымаецца таксама таленавіта. На жаль, тое, што клічуць «саўковай эстрадаю» ня лечыцца, нават, токам… Гэткім чынам можна зразумець радок з песьні «J:морс». Мяне шчыра зьдзівіў (у лепшым сэнсе) іхны дрэйф у бок брыт-поп музыкі з элемэнтамі глэм-року. Што ж, гэта лагічна. Гурт Kasabian з падобнымі гармоніямі ў свой час атрымаў званьне найлепшай каманды году ў Брытаніі. Троху цяжкаватая ды знарок непаваротлівая «Ойра» гурта з правакацыўнаю назваю Sex выдатна, на маю думку, скрыжоўвае нейкі стадыённы рок з паб-мэталам… І, вось, лідэры галасаваньня лістапада — Паліна Рэспубліка ды Akute. Згадваю другую палову нулявых, сьпевы самых папулярных швэдаў Mando Diao. Хацелася б пачуць у запісе Akute больш запалу. Як на мяне, яны здольныя зрабіцца не проста гітовай, але культавай камандай. Паліну ж я слухаў зь сябрамі, калі ня так даўно вандраваў па далёкай Заходняй Афрыцы… Там панавала лета. Яе сьпеў спадабаўся ўсім без выключэньня. Зразумела, зь ліку тых, каму я прапанаваў пазнаёміцца. Выдатнае выкананьне, тэкст, аранжыроўка, прадусаваньне. Гэта нашая беларуская Джоні Мітчэл і Colbie Caillat у адным абліччы. Думаю, што Паліна і ў будучыні пакажа сюрпрызы! «Ой, як хочацца лета!» А на двары… усё яшчэ зіма.

І некалькі словаў пра відэа-чарт месяца. Аўтсайдэр галасаваньня «У нескладовае» і «Браты Грым», скажу адразу, мацнейшы і цікавейшы (ва ўсіх сэнсах: відэа, музыка, тэксты) за г. зв. лідэраў. Шмат сэнсу і сумнавата — вось чым можна іх дакарыць.

Надта дарослае ўяўленьне, каб вабіць падлеткаў, у кліпе Ilo&Friends «Сланечнікі». Культура відэа! Культура выканання! …А хто ж галасаваў за відэа-лідэраў Hurma ды Navі? Як на мяне, сярэднястатыстычныя камсамольцы галасавалі. У іх і дысцыпліна, і паслухмянасьць — мацнейшыя, калі раўняць зь людзьмі творчымі. Вось, напрыклад, я — абсалютна недысцыплінаваны. Таму ніколі не прагаласаваў бы за гэтых артыстаў. Чаму? Hurma — нецікавы кліп. Звычайны, банальны тэкст. Надта манерная стылістыка сьпеваў. Ды, што называецца, outdate music. Такое было модным, можа, годзе так у 2005-м? Адзінае за што магу пахваліць хлопцаў –—за спробу сьпяваць на роднай мове. Ды пазычыць ім пазбавіцца ад падлеткавага прымітывізму. Navi, на маю думку, выйграе троху ў папярэдняй «Хурмы». За кошт параўнальнай наіўнасьці ды сьвежыні. Але такое відэа здымалі на БТ яшчэ напрыканцы 80-х. Як на мяне, зь іхнага спеву атрымаўся б неблагі гіт, калі яго стылізаваць пад MGMT. Кліп таксама можна было б упрыгожыць вынаходлівымі недарагімі спэцэфэктамі. Пад тых жа самых MGMT. 

Дзеля справядлівасьці трэба сказаць пра хлопцаў з гурта Hurma. 12.12 бачыў іхны выступ на Тузінаўскай імпрэзе. Энергічныя, драйвовыя сьпевы, успрымаюцца значна лепш, калі раўняць з тым кліпам, які прысутнічаў у чарце. Думаю, быў зроблены няслушны выбар кліпа ў якасьці візітоўкі каманды. А так, спадзяюся, што ў хлопцаў усё будзе добра, чаго ім шчыра жадаю.

Усе іншыя кліпы ў сьпісе — значна больш цікавыя! «Батрацкая доля» ад RUTA — адзін зь ліку найлепшых кліпаў, якія я бачыў сёлета. Анімацыя «Чарнобыльскай калыханкі» ад Naka — выдатная! Высокае мастацтва. Праўда, цяжка чакаць ад тэмы сьпеву хоць якой забаўляльнасьці. Там прысутнічае экспрэсія, голас, ды яе Вялікасьць Музыка.

…Добры кліп у танцавальным кірунку прадставіў Рыбак. Лёгіка падказвае: калі б гледачоў вабіла «папсовасьць» — вось ён, пераможца! Але не. Не прывабіла. Відэа ж багатае, вясёлыя скокі, далягляды… Прыгожанька! Re1ikt — зь ліку найцікавейшых гуртоў, музыкаў, шоу-зьяваў на сучаснай беларускай музычнай сцэне. У іхны досыць доўгі кліп уціснулася грандыёзная аповесьць эпохі, нават, раман. Кожная хвіліна запоўненая сэнсам, пачуцьцямі, драмай. Музыка такога кшталту ў сьвеце робіцца культавай. За гэткія творы, канцэрты, кружэлкі мэляманы плоцяць жывыя грошы. Таму што (калі вымяраць па чакрах) гэта вібрацыі высокіх узроўняў.

Кліп Вольскага з Ганнай Хітрык нагадвае усемагчымыя трыб’юты. «Ня мусяць памерці пачуцьці»… Патас, але слушны. Надзея на будучыню. Відэа — гэткае навагодняе, кшталту ўрачыстага завяршэньня сьвяточнага канцэрту. «Кашлаты Вох» пацешыў! Нагадаў фолькавых панкераў Dropkick Murphys. Выдатна, вынаходліва, пабна! (ад слова «паб»). Добразычлівае Recha — малайцЫ! Сцэнаграфія, аранжыроўкі, гумар, нават сьцёб… Усё, на маю думку, выдатна. Глядзець і слухаць ні на хвіліну ня сумна. Асабліва сьмешна чытаць тытры. І, урэшце, сапраўдны лідэр відэачарту ва ўсіх сэнсах! Профі! Аніводнага дурнаватага слова! Аніводнага фальшывага позірку ці гуку. Вінсэнт, на маю думку, перарос сам сябе. Скакнуў вышэй за галаву. Зразумела, з дапамогаю выдатнага відэа ад спадара Курэйчыка.

Шчыра кажучы, я не спадзяваўся на досыць безрадасным сёлетнім фоне адшукаць столькі для сябе цікавага ў адноўленым «Тузіне». На жаль, досыць праблемна паглядзець ды паслухаць усё, што тут ёсьць з-за далёкіх межаў РБ. З розных прычынаў. У першую чаргу тэхнічных. Але шматлікія нашыя суайчыннікі за межамі казалі мне шчыры дзякуй за спасылку на старонку «Тузіна Гітоў». Ім было дужа цікава. Мне таксама. Спадзяюся, будзе і вам.

 Сяргей Філімонаў, для Tuzin.fm

Экспэрт «Тузіна Гітоў» скончыў у 1981 годзе гістарычны факультэт БДУ. З уласнага прызнаньня быў крытыкам буржуазнай культуры. У часы перабудовы жыў у Маскве, працаваў у турыстычным бізнэсе, а па вяртаньні ў Беларусь трапіў на Беларускае тэлебачаньне — «зусім выпадкова». Займаўся рознымі праектамі, як эканамічнага ды рэклямнага кшталту, так і забаўляльнага. Быў аўтарам і вядучым некалькіх праграмаў, сярод якіх «Спадарожнікавая антэна» і «Відзьмо-нявідзьмо». Праца над апошняй праграмай і стала ў выніку асноўным заняткам. Менавіта «Відзьмо-нявідзьмо» ў сярэдзіне 90-х адной зь першай на постсавецкай прасторы атрымала права на трансьляцыю цырымоніяў уручэньня «Оскару» і «Грэмі». Цяпер праграма выходзіць на тэлеканале «Белсат». Экспэрт кажа, што слухае любую музыку, акром прымітыву: рок усіх стыляў (не без вынятку мэталу, панку ды інды), джаз (асабліва мадэрновы) ды этна-музыку. На старонку Tuzin.fm заходзіць, каб «не згубіць беларускі музычны кантэкст».

КАМЕНТАРЫ:

  • Алесь Дзянісаў / адказаць
    12.12.2013 / 13:53

    Пры ўсёй павазе да спадара Сяргея, але параўнаць Кашлаты Вох з Dropkick Murphys неяк не толькі рука не падымаецца...усе канечнасці адмаўляюцца!))) Толькі таму што прысутнічае дуда? Смешна...

  • bulbanik / адказаць
    12.12.2013 / 23:14

    нешта ён прынізуў усю крутасць кліпа адкрыццяў гэтага года - гурта хурма. хаця ў нечым ён мае рацыю.
    кліп вінсэнта - гэта ж больш курэйчыка праца. але ж песня там цудоўнейшая ў вінсэнта! у спалучэнні атрымаўся, на мой погляд, лепшы кліп, варты ўвагі

  • КАМЕНТАВАЦЬ