«Героі году — 2013»: чаму Re1ikt?
4221 / 1
13.12.2013

«Героі году — 2013»: чаму Re1ikt?

Гурт Re1ikt атрымаў узнагароду «Героі году» за 2013 год ад парталу Tuzin.fm з шэрагу прычынаў.

Re1ikt заўжды ў пошуку. Вось ужо 14-ы год яны знаходзяцца ў пастаянным руху, зьмяняючы ня толькі месца дысьлякацыі (Сьветлагорск-Гомель-Менск), але і падыход да музыкі. З гадоў 10 яны мелі трывалы статус «таленавітых пачаткоўцаў», які настолькі за імі замацаваўся, што гурт працягваюць па інэрцыі называць «Надзеяй году» і дагэтуль (прэмія «Эўрарадыё»). Неяк мы і не заўважылі, што вось тут, зусім побач, на разагрэве ў Gods Tower, бясплатным канцэрце ў TNT ды ў няўцямным конкурсе «Бульфэст» выступае гурт сусьветнага ўзроўню. «Сусьветнасьць» вызначаецца тут тым, што яны будуць годна выглядаць хоць на якой сцэне ў якой заўгодна краіне сьвету. І тым, што музыкі мысьляць вольна, шырока, глябальна. Яны не абцяжараныя ніякімі межамі і не заганяюць сябе ў адзін пэўны стыль. На гранж яны ўжо даўно перахварэлі, зачараваліся пост-мэталам, а потым пайшлі ў арт- ды прагрэсіў-рок, паралельна экспэрымэнтуючы з world-music.

Дзіва, але Re1ikt ня мае пазнавальнага гіту, хоць музыкі выдатна ведаюць, як яго стварыць. Але ім цікавей проста чараваць на сцэне ды ствараць глыбокія кампазыцыі, больш складаныя па структуры. «Ой рана на Йвана», ідэя якой калісьці вельмі не спадабалася рэдактару Tuzin.fm (колькі можна цягаць фальклёр з даробку «Песьняроў»!), выдатны прыклад таго на што яны здольныя ў пляне палёту фантазіі ды ўвасабленьня гэтага палёту ў цалкам канкрэтнай кампазыцыі.

Наогул жа, калі Re1ikt бярэцца за народную песьню, то часам інтэрпрэтуе яе ня горш за «Троіцу» з «Палацам». Здаецца, што пасьля Кірчука за выкананьне «Трох янгалаў» брацца безсэнсоўна. Але ж вы паслухаеце, як яе пяе Ўладзімер Казлоў.

Акрамя інтэрпрэтацыяў чужога матэрыялу, Re1ikt мае багата аўтарскага матэрыялу. «Прасунутым» слухачам безумоўна вядомыя «Хутка недалёка», «Тры хвіліны перакур», «Брудная дзяўчына» (зь якой калісьці музыкі дэбютавалі на Тузіне) ці «Рэкі прабілі лёд», на якую зьнятае бездакорнае відэа. Меркаваньне чалавека, чыю думку можна паважаць: «Re1ikt — зь ліку найцікавейшых гуртоў, музыкаў, шоу-зьяваў на сучаснай беларускай музычнай сцэне. У іхны досыць доўгі кліп уціснулася грандыёзная аповесьць эпохі, нават, раман. Кожная хвіліна запоўненая сэнсам, пачуцьцямі, драмай. Музыка такога кшталту ў сьвеце робіцца культавай. За гэткія творы, канцэрты, кружэлкі мэляманы плоцяць жывыя грошы. Таму што (калі вымяраць па чакрах) гэта вібрацыі высокіх узроўняў», — зазначыў тэлевядучы Сяргей Філімонаў, на чыіх праграмах узгадаваліся ў тым ліку і ўдзельнікі Re1ikt. І яшчэ адзін чыньнік, які робіць гэты гурт вартым самай высокай узнагароды. Яны нястомна выступаюць (больш за паўсотні канцэртаў толькі за гэты год), прычым імкнуцца зазірнуць у кожную шчыліну. Вось некаторыя месцы, дзе сёлета выступала каманда: пасёлак Зялёны Бор у Смалявіцкім раёне, музэй-запаведнік у Заслаўі, ДК у пасёлку Халопенічы, канцэрт-экскурсія (!) на вуліцы Маркса ў Менску, а таксама шматлікія канцэрты на вялікіх і малых пляцоўках суседніх краінаў. Сёлета ў Польшчы беларускай камандзе аддалі першае месца і прыз глядацкіх сымпатыяў на фэсьце Rockowisko. Пабы, бары, рэстарацыі, актавыя залі школ ды ўнівэраў гэта, канечне, добра. Але музыка Re1ikt прызначаная найперш для вялізных пляцовак. Калі яны на такую трапляюць, то пачуваюцца на ёй, як у сябе дома. Гэта добра бачна хоць бы на гэтым відэа, зьнятым у менскім Палацы спорту.

Яшчэ адзін складнік, які паўплываў на атрыманьне ўзнагароды «Героі году» — музыка, якую гурт стварыў да беларускай нямой кінастужкі Ўладзімера Корша 1929 году вытворчасьці «Ў агні народжаная». Яны настолькі глыбока праніклі ў сутнасьць фільму, што далі рады напоўніць яго дадатковымі сэнсамі для цяперашняга слухача. Кіназнаўцы прызнаюць — з музыкай Re1ikt савецкі прапагандысцкі фільм набывае іншае гучаньне ды выглядае на фантастычна цікавы арт-экспэрымэнт. Сёлета фільм з жывой музыкай быў прадстаўлены на МКФ «Лістапад». На днях пройдуць кінаканцэрты ў польскім Тэрэспалі і Берасьці.

За нястомны пошук, няспынны рух наперад, прагу да новых формаў самавыяўленьня ды за захаваньне клясыкі, за выдатнае адчуваньне гэтага часу і сябе ў ім, за крэатыў у творчасьці і ў прасоўваньні, за актыўную канцэртную дзейнасьць і працу над сабой, сваім выглядам на сцэне, за прыгожыя і прафэсійныя відэаролікі, за выдатна запісаныя ў студыі новыя песьні прэмію «Героі году —  2013» атрымлівае гурт Re1ikt у складзе:

Алесь Дземідзенка (бубны)

Уладзімер Казлоў (вакал, гітара)

Зьміцер Наркевіч (бас)

Віталь Макшун (гітара)

Ільля Рабцаў (гітара)

Сяргей Будкін, галоўны рэдактар парталу Tuzin.fm

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • bulbanik / адказаць
    14.12.2013 / 00:27

    асабіста я хацеў, каб прэмію атрымаў гурт босаесонца, але калі атрымаў рэлікт, нічога не застаецца, як павіншаваць іх!
    рэлікт атрымаў прэмію больш у сукупнасці, а не за асобна ўзяты год. хаця ад гэтага не горш. варта радавацца, што ў краіне ёсць яшчэ такі якасны беларускамоўны гурт.
    зараз пасля іх перамогі паспрабую больш паўслухоўвацца ў іх песні. можа, таксама, разгляджу ў іх пераможныя чыннікі.

  • КАМЕНТАВАЦЬ