Абвешчаны сьпіс мэнтараў і сябраў журы конкурсу «Засьпявай 4x4»
2444 / 0
17.04.2017

Абвешчаны сьпіс мэнтараў і сябраў журы конкурсу «Засьпявай 4x4»

Сёлета фіналістаў музычнага конкурсу маладых выканаўцаў чакаюць навучальная сэсія, запіс песьні і выпускныя канцэрты, а пераможца атрымае да ўсяго грашовы прыз і здымкі кліпу.

Да 1 траўня прымаюцца заявы на ўдзел у чацьвертым сэзоне конкурсу «Засьпявай 4x4». Музыкам ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў прапануецца зрабіць дэма-запіс песьні на верш сучаснага беларускага паэта. З усіх заяваў у фінал трапяць сёлета чацьвёра выканаўцаў (гуртоў). Іх чакае навучальная сэсія, якую правядуць адмыслоўцы ў музычнай сфэры, а таксама праца ў студыі ды справаздачныя канцэрты. «У гэтым сэзоне мы вырашылі пашырыць адукацыйны складнік, каб маладыя выканаўцы атрымалі ня толькі грашовы прыз, як тое было раней, але і канкрэтныя веды. Плянуем зрабіць заняткі па вакале, гукавым дызайне, прасоўваньні сваёй творчасьці ды яшчэ шмат цікавага. Гэтая справа можа стаць падмуркам для нацыянальнага музычнага рэаліці-шоў у далейшым», — кажа кіраўнік парталу TuzinFM і прадусар конкурсу Сяргей Будкін.

У якасьці мэнтараў у конкурсе «Засьпявай 4x4» удзельнічаюць:

Сяргей Доўгушаў, музыка, кампазытар, выкладчык, прадусар, фольк- і рок-сьпявак, лідэр гурту Vuraj, кіраўнік праекту «Сьпеўны сход», саліст Беларускай дзяржаўнай філярмоніі;

Зьміцер Літвіновіч (Diamos Roll), саўнддызайнэр, ды-джэй, музычны прадусар, лідэр гурту Cherryvata, кіраўнік лэйблу электроннай музыкі «Ezhevika»;

Андрэй Акатаў, саўндпрадусар, музыка, кіраўнік студыі Central Station;

Алег Хаменка, музыка, прадусар, выкладчык, лідэр гурту «Палац».

Усе мэнтары разам з арганізатарамі конкурсу Сяргеем Будкіным і кіраўніком фонду «Вяртаньне» Паўлам Бераговічам увойдуць у склад журы. Пераможцу акрамя тэорыі і практыкі чакае прыз у 1000 BYN (каля 500 эўра) на рэалізацыю сваёй далейшай творчай задумы, а таксама кліп ад рэжысэра Арцёма Лобача.

Падрабязьней пра ўмовы «Засьпявай 4х4»

 TuzinFM