Belsat Music Live №16: «J:Морс» з фолькавым прысмакам (відэа)
3144 / 1
22.04.2017

Belsat Music Live №16: «J:Морс» з фолькавым прысмакам (відэа)

Госьці новага выданьня Belsat Music Live — гурт «J:Морс». Адну зь песень з жывога сэту музыкі створаць наўпрост падчас этэру, а таксама прэзэнтуюць свой апошні беларускамоўны гіт у харавой вэрсіі разам зь дзіцячым ансамблем «ФолькРада».

«J:Морс» пастаянна зьмяняецца, і прэзэнтуе ня толькі новыя песьні, кліпы ды альбомы, але яшчэ і новыя ідэі прасоўваньня творчасьці. Каманда Ўладзімера Пугача шмат у чым была першай у беларускай музыцы. Заявілі яны пра сябе 17 гадоў таму. Тады зьявіўся іх першы кліп на песьню «Октябрь», зьняты рэжысэрам Іванам Пінігіным. Посьпех жа да іх прыйшоў трошкі пазьней, калі выйшла песьня «Web-дизайн» ды кліп на яе з наўмысна размытай карцінкай. «Морсы» сталі першымі ў Беларусі, хто выдаў інтэрнэт-сынгл. Было гэта ў 2004-м, калі яшчэ далёка ня ўсе ведалі нават, што такое ўласна інтэрнэт. 

А ў 2007-м яшчэ мала хто ведаў, што такое таймлэпс і не было яшчэ прыгожых відэаролікаў пра Беларусь, а «J:Морс» прэзэнтаваў кліп і канцэптуальны фільм «Адлегласьць», зьняты па выніку падарожжаў па нашай краіне. Яны таксама сталі першым беларускім гуртом, які наважыўся даць канцэрт проста ў аблоках, у самалёце, які ляцеў рэйсам Менск-Амстэрдам.

Яшчэ адно першынства гэтай каманды. Яны першымі ў Беларусі выдалі канцэрт у фармаце панарамнага відэа. Падчас прагляду глядач можа сам зьмяняць кірунак агляду ў любы бок, а таксама скарыстаць акуляры віртуальнай рэальнасьці. «J:Морс» не зьнікае з экранаў радараў ужо 17 гадоў. Музыкі за сьпінаю франтмэна зьмяняюцца, аўдыторыя абнаўляецца, а Пугач піша ўсё тыя ж простыя, мілыя і душэўныя песьні.

Лідэр «J:Морс» у размове зь Сяргеем Будкіным і Міраю Шульц распавядзе, ці мае бізнэс-плян заваяваньня музычнага рынку, чаму ў апошніх песьнях адмовіўся ад кампутарнае лексыкі, і наогул — як ратуецца ад сучаснага сьвету, калі ён дакучае.

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Маё сонца» (музыка: У. Пугач / Р. Арлоў, словы: У. Пугач, мастацкі пераклад: Б. Арлоў)

«Джала» (словы і музыка: У. Пугач)

«Блізка» (словы і музыка: У. Пугач)

17-е выданьне Belsat Music Live выйдзе ў этэр у наступную суботу, 29 красавіка. Госьцем праграмы будзе гурт Лявона Вольскага. Праграма выйдзе ў 20:30 (па беларускім часе) на тэлеканале «Белсат».

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    24.04.2017 / 13:28

    Даступныя таксама для прагляду песьні паасобку:
    https://www.youtube.com/watch?v=XWKSxBtwNTA
    https://www.youtube.com/watch?v=tg4x0drmqTg
    https://www.youtube.com/watch?v=HQ-2UTTYZwI

  • КАМЕНТАВАЦЬ